Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

...Пасярод нешырокай пляцоўкі стаяла пад цёмнымі дрэвамі ручная дзіцячая каруселька. Ён не ведаў, дзеля чаго ён падышоў да яе, дзеля чаго паклаў руку, дзеля чаго стаў хадзіць вакол, павольна круцячы яе, пустую, нікому не патрэбную ў гэты глухі начны час.Магчыма, і не мае права на шчасце чалавек, якога чакае вечны бой. Але за што яна?! Яна, добрая, светлая, уся створаная для жыцця...Яны забілі яе, а самі жывуць і зараз. Забілі лепшую на зямлі. Забілі за тое, што яна была ўвасабленнем кахання і любві, а любоў – гэта самае небяспечнае для іх. За гэта яны і забілі яе. За гэта і забілі.Ён хадзіў і хадзіў па крузе, хадзіў, як змучаны сляпы конь у прыводзе малатарні, якому толькі і засталося, што хадзіць вось так.Яны забілі яе, і для чаго была зараз гэтая няхітрая прылада, якая круцілася пад яго рукой?Ён адпусціў руку. Ён моўчкі пастаяў хвіліну, а потым пайшоў у цемру алей, пакінуўшы пустую дзіцячую карусель.Невядома, колькі ён блукаў, але ўсё яшчэ была ноч і зоры, калі ён убачыў сябе на паркавым адхоне, пад якім павольна бегла ўдалячынь базальтава-цёмная начная рака. Ён сядзеў на лаўцы, сядзеў бяздумна, а рака плыла і плыла. У гэтай вадзе не магла больш адбіцца светлая Нерль, але што было да гэтага рацэ.Нейкае слова гучала ў яго вушах. Дзіўнае, чужое па гуках слова.Рагнарадзі. Рагнарадзі. Рагнарадзі. Што такое Рагнарадзі? Дзе ён чуў гэта?Ага, калісьці ў скандынаваў было паданне, што наступіць дзень і тады ўсе багі і героі прыйдуць на поле, што завецца Рагнарадзі, і стануць біцца на ім у страшэннай сечы, пакуль усе не падуць, а пасля час скончыцца.Змрочнае паданне. Але Рагнарадзі чалавецтва будзе зусім іншым, светлым. Загінуць усе, хто не хоча або не можа ўвайсці ў новае. Туды ўвойдуць добрыя і жывыя. Туды ўвондзе Яна, зусім жывая, і ён застанецца з ёй у памяці жывых. А нават калі ён не застанецца, бо справа яго жыцця стане непатрэбнай для новых часоў. І – Яна застанецца навекі, яна застанецца жывой. Каханнем, любоўю, якія заўсёды патрэбны на зямлі,Яна застанецца.– Чакаю майго Рагнарадзі. Чакаю майго Рагнарадзі.Рыданне раптам нясцерпна пашырыла ягонае горла. А потым словы, што з’яўляліся аднекуль, сталі складвацца ў радкі. Паперы не было, але яна і не была патрэбна.Захлынаючыся ад сухіх рыданняў, якія душылі і раздзіралі горла, аднымі ліхаманкава-адчайнымі, утрапёнымі думкамі ён раджаў гэтыя радкі на свет:Словы паўночных паданняў Годы амаль што згладзілі; Словы прароцтва змрочнага, Як ф’ёрдау начных берагі: “Настане апошні дзень – Бітва пры Рагнарадзі, Ў якой загінуць героі, Ў якой загінуць багі. Будуць біцца да смерці, Рыкам поўнячы горла, Ў полі жалезным лягуць Апошняй данінай мячам. Не будзе ні пекла, ні рая, Загінуць душы памёрлых, А час зжуе іх даспехі, А потым скончыцца сам”.Зоры застылі над галавой. Цякла начная рака. I, як рака, нястрымна цяклі словы:Годы мае,Як строфы,Строяцца ў моцным парадзе.Лёс чакае няўхільны,Просты, як хлеб і свінец.Чакаю майго Рагнарадзі,Чакаю майго Рагнарадзі,Чакаю майго Рагнарадзі,I мне не страшны канец. Быў змагаром суровым,Ворагам быў сталёвым,Рыцарам чалавечнасці Над прорвай страшных баёў. Я не ўцякаў ніколі Ў вечнай бітве за волю, Браў тое, што мне належала, I тое, што не маё. Меў я толькі радзіму: Пушчы, палеткі, вежы, Ясную песню жаўранка Ў моры надрэчных траў. Песня мне не належала, Голас мне не належаў, Слова мне не належала, –