Леаніды не вернуцца да Зямлі , частка 2

Грынкевіч меркаваў, што ўсё гэта таму, што выгляд яго стаў пужаць людзей. Худы, як цень, з вачыма, у якіх жыло нетутэйшае абыякавае святло, ён зусім перастаў смяяцца. Нервы былі так нацягнуты, што толькі тытанічным намаганнем волі ён, які не плакаў шмат год, стрымліваўся ад слёз, калі слухаў музыку....А потым прыйшлі апошнія маразы, калі снег аж лямантаваў пад нагамі. I ў адну з сустрэч яна, нават з нейкім азлабленнем, сказала яму, што ёй нядобра, калі ён з ёю, што ў яе могуць быць непрыемнасці і яна просіць не праводзіць яе больш.– Сустрэнемся як-небудзь у мяне.Ён адразу павярнуўся і пайшоў. Стаяў люты сівы мароз. Пякло падэшвы, калелі рукі, але ён не заўважаў гэтага. Дамоў вяртацца было нельга, і ён цягнуўся на людныя вуліцы, на вялікія плошчы. Пара валіла з метро, і гэта было як апраметная нейкая. I ён ужо не ведаў, да каго яму звяртацца за дапамогай, хто скажа яму хоць слова.Пасля гэтага ён і паспрабаваў піць. Аднойчы, калі сядзеў за спустошаным сталом (Яніс толькі што пайшоў), у пакой без стуку ўваліўся п’яны Баранаўскас. Не кажучы ні слова, ён абмінуў Андрэя, падышоў да акна і цюкнуў кулаком у шыбу, нейкім дзівам не парэзаўшыся.– Паэту патрэбна свежае паветра, – сказаў ён паважна і, не абмовіўшыся больш ніводным словам, зачыніў за сабою дзверы.Гэта было як крывое люстэрка. I Андрэй адразу, як абрэзаўшы, вырашыў, што піць досыць. Сапраўды, як яна можа глядзець на яго такога? Як на бруд, нават горш....Ён стаяў у хмызах і не заўважыў, як да яго падышоў Яніс.– Лясун палескі, – сказаў латыш, – бульбаед! Галаву скруціць захацеў? Набіць цябе да паўсмерці трэба. Вось.– Нічога са мною не здарыцца, – сказаў Андрэй.– Вядома, каму наканавана шыбеніца, той можа смела ставаць на лыжы. Свіння!.. Ану хадзем да электрычкі.Яны моўчкі слізгалі снегавой цаліной. I Андрэй усё яшчэ думаў. Ён пачаў заўважаць у Ірыне і другія змены, якія яму не падабаліся. Яна хлусіла. I не толькі тым, што не прыходзіла на спатканні, але і другім, зусім недарэчным. Гаварыла аб сваёй дапамозе старому скульптару Ратманаву, спасылалася на другога скульптара, земляка Андрэя. А калі Андрэй, выпадкова сустрэўшыся з земляком, спытаў яго, выявілася, што той ніколі не чуў аб Ратманаве, што гэта наогул фікцыя. Нашто гэта было? Другі раз сказала, што яе муж з італьянцаў. Потым, што ён выхоўваўся ў сям’і вядомага пісьменніка Н. Калі гэта было можна сумясціць неяк, то трэцяя яе заява, што ён напалову рускі, а напалову паляк, ужо зусім не лезла ні ў якія вароты.Ён прамаўчаў, хоць яму было брыдка: не хацеў прымушаць яе чырванець. Да таго ж ён ведаў, усё гэта было ад слабасці, ад прагі ўстаткавання самой сябе.Аднойчы ён выпадкова пазнаёміўся ў дальняй электрычцы з прафесарам-псіхолагам, сівым, медзведзяватым старым, у якога валасы раслі нават з вушэй і, пад чужымі імёнамі, расказаў яму аб гэтай хлусні.– Што ж, – сказаў стары, круцячы шышкаваты кій, – паспрабую даць адказ вашаму другу. Праўда, мае погляды даволі нямодныя і састарэлыя, але ўсё ж... Ці бачыце, ваш друг, гэты паэт, вельмі дзіўны і рэдкі па тыпу чалавек. Адначасова цыклоід (па Крэчмеру), то бок таварыскі, дабрадушны, разумее жарт. З ім лёгка мець справу.“Ну і ўляцеў”, – падумаў Андрэй. Ён не любіў, калі людзей раскладвалі па паліцах і класіфікавалі.– Ён натуральны, – казаў далей стары, – шчыры, хутка ўступае ў прыяцельскія адносіны з другімі, у тэмпераменце нешта мяккае і цёплае. У яго ёсць гумар.