1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11

Лісты не спазняюцца ніколі

Найбольш балючымі былі тры літоўскія стралы: яны заселі калісьці ў маладой, сакавітай драўніне. Лягчэй абышлася свінцовая куля польскага пулгака. І ўжо зусім глупствам быў ірваны, вызублены асколак, дасланы нямецкай гаўбіцай у апошнюю вайну. І ўсё гэта дуб перамог, перабалеў, зацягнуў каравымі, бугрыстымі нарасцямі.Куды больш важлівым было наліць сонцам зародкі жалудоў, зрабіць так, каб на іх зялёную лакіраваную паверхню лёг пяшчотны карычневы загар. І дуб павольна варушыў галінамі, падстаўляючы іх сонцу.Двум людзям, якія выбраліся на паляну, ён здаўся такім надзейным, што яны папаўзлі да яго і з палёгкаю прыніклі да карэнняў, што выпіралі з зямлі.Людзям патрэбен быў спакой, адпачынак. Занадта доўга гнёў іх неўсвядомлены, затоплены ў ярасці і ап’янелай лаянцы страх. Прыцярпецца да яго было некалі: вайна ішла толькі восьмы дзень. Раніцай гэтага дня, калі жаўранкі выпырхвалі з цяжкай расы і цягнулі да неба сваю выслізгваючую бясконцую звонкую ніць, немцы спасціглі два пашматаных стралковых батальёны пасярод чыстага поля, у трох кіламетрах адсюль.Збоку гэта не было бітвай. Былі гусеніцы чужых машын, якія прасавалі поле, і жывая, гарачая плоць, на якую тым, прыкрытым бранёю, шкада было выдаткоўваць снарады.І ўсё ж гэта быў бой: стрэлы бог ведае куды, лаянка, выбухі гранат, малапаспяховыя спробы прарваццада лесу, які сінеў воддаль. І доўга яшчэ пасля канца ўсёй гісторыі з узлеску, з ускраіны хмызоў, што прымыкалі да пушчы, з ліхаманкавай паспешнасцю кашляла саракапяціміліметровая гармата. Яна падбіла яшчэ два танкі,і цяпер да яснага, як сляза, ледзь прытуманенага спякотай неба падымаліся ўжо чатыры дымных факелы.Перамога адбылася даражэй, чым можна было меркаваць. І, разам з пачуццём гэтага, у сэрцы пераможцаў прыйшла ярасць. Пах мяса стукнуў у галаву. Справай гонару стала знішчыць усіх, хто агрызаўся, да апошняга чалавека. Яны не мелі права так дорага прадаваць сваё жыццё.А знішчаць амаль не было каго. Раніцай было два батальёны, пад паўдня засталіся чатыры чалавекі – разлік гарматы, – гадзінай пазней – толькі два: наводчык гарматы і маладзён, узяты замест забітага напавал зара-джаючага.Потым давялося бегчы і гэтым двум. І гэта было якраз у пару, таму што апошнія ўспышкі вінтовачнае страляніны безнадзейна згасалі ў хмызах. І, магчыма, нават трошкі позна, таму што былы наводчык недаравальна замарудзіўся каля падбітай гарматы, знішчаючы ўсё, што магчыма. Ім наогул авалодала сляпая, не разважаючая ярасць. Замест таго каб уцячы, паспрабаваць замесці сляды, ён марудзіў каля кожнага прыкрыцця – пня, заімшэлага вываратня, валуна, чакаў з’яўлення нязвыклай, брыдка-зялёнай плямы, падводзіў пад яе мушку і страляў.Калі пляма знікала, зліваючыся з атрутнай зелянінай махавіны, рот яго зларадна крывіўся:– Што, наклаў у штаны? Чакай, усім тое ж будзе.І балюча штурхаў у бок суседа:– Страляй. Страляй, сволач. Дзеўка ты ці хто?Хлапчына глыбока ўздыхаў, прыціскаў прыклад да пляча – паводле ўсіх правіл, бы ў ціры, здаючы на варашылаўскага стралка, – і, перабольшана затойваючы дыханне, націскаў пуск.Пажылы, спатнелы ўзлахмачаны чалавек апрытомнеў толькі тады, калі ў абодвух засталося не больш за дваццаць патронаў.– А зараз – давай.Яны беглі праз кусты, правальваліся ў яры, востра пахнучыя склепам, тапталі нагамі душны багун.Хлопец амаль з нянавісцю адчуваў пах дзікага звера, які ішоў ад чалавека, што бег наперадзе.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11