1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11

Лісты не спазняюцца ніколі

Зяць збянтэжана паглядзеў на жонку. Перарваў чытанне.– Правільная характарыстыка, – яшчэ не вызваліўшыся ад сухасці, але ўжо з нейкім неўразумелым болем сказала яна.– Далей чытай, – нецярпліва сказаў Сымон.“...Сынок...”Паштальён пачуў, як Сымон уздыхнуў.“...Сынок. Ты даруй, многа вінаваты перад табой. Памятаеш, пасля таго, як ты аддубасіў дырэктаравага сына. Каб ведаў я, што так будзе, што будзе маё сэрца балець у гэты дрэнны час за кожную аплявуху, што ты атрымаў, век бы не ўзняў рукі. Жыві. Маці беражы. Жанчыны – яны, брат, пакутуюць. Жаніся – раз. Пасуровей будзь першыя дні, а потым усё больш пяшчотай. Я вось не зразумеў гэтага, ды так усё жыццё і суравеў. І хацеў іншым быць, ды не мог. Характар у мяне, звычка ўжо такая – рыкаць. Ды і лёс мой – цяжкі.І сястру не крыўдзі, сынок. Яна ў мяне дурнічка яшчэ і сэрцам гарачая. Узаўецца, наробіць дурыкаў. Несправядлівасць для яе – нож. А такім цяжка. Відаць, таму Марыйка такая, што я не песціў яе. І па галоўцы нават не пагладзіў. Дык ты яе за мяне, па галоўцы...”Рука Сымона міжвольна пацягнулася і лягла на галаву сястры. І тая раптам усхліпнула, быццам удавіўшыся, і, перакуліўшы плеценае крэсла, кінулася з веранды кудысьці ў глыб саду, у бэз, у гушчар.– Чаго гэта яна? – узняўся сын.– Сядзі, Сымон, паклаў яму руку на плячо Грыгоры, – ты нічога не разумееш. Гэта лепей, што яна заплакала.Сямён, быццам шукаючы ў кагосьці апоры, павярнуўся да маці і абняў яе за худыя, выгнутыя наперад плечы. З другога боку асцярожна падсела яго жонка і прыхілілася галавой да каленяў свякрухі. І маці раптам схілілася тварам да рукі Сымона і слабым, злёгку квохчучым голасам пачала паўтараць:– Сенечка, Сенечка... і пра аплявуху, пра яе ўспоўніў.Паштальён зразумеў, што ён тут лішні, і папрасіў у Грыгорыя правесці яго. Каля рыплівай форткі ён спыніўся і нерашуча спытаў:– Прабачце, вядома. Гэты вось, што нядаўна памёр у вас, напэўна, айчым быў Марыі Мікалаеўне? Я тры дні толькі на гэтым участку.– Не, – уздыхнуў Грыгоры, – не айчым, бацька. Ліст толькі на тыдзень спазніўся, мог бы і сам атрымаць. Тыдзень як пахавалі.І дабавіў ціха:– Мы ж не загінулі з ім тады, выйшлі з балота. Я яго пасля вайны адшукаў ды і застаўся тут. Семнаццаць год яшчэ пражыў стары. Брыдкаслоў быў і зневажальнік, але правільнай душы чалавек. Я вось гэта разумеў, а родныя дзеці не разумелі.І калі паштальён выйшаў на вуліцу, спыніў яго:– За ліст дзякуй.Грыгоры вярнуўся і без слоў падсеў да маўклівай групкі людзей.Яны гаравалі, але цяпер нават іх гора было не тое, змякчанае ўзаемным шкадаваннем, агульнае, стрыманае і чалавечае гора.– Позна даведаліся, – сказаў сын, і мускулы ля яго пераносся задрыжалі, як у бацькі.Вярнулася з-за кустоў і Машанька. Слёз на яе абліччы не было відаць: напэўна, умылася з бочкі.“Бацькава парода”, – падумаў Грыгоры.А яна села наводдаль ад яго, прыхілілася да маці і братовай. Потым глянула на мужа:– Чаму ніколі не сказаў?– Я думаў, што ён сам скажа. Разам жа выйшлі.– Я табе гэтага ніколі не дарую, – стомлена сказала яна.– Даруеш, – ласкава і трохі сумна сказаў ён і паклаў далонь на яе халаднаватую ад вады руку, якая бязвольна ляжала на стале.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11