1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11

Лісты не спазняюцца ніколі

І, прысеўшы на кукішкі, пагладзіў корань дуба:– Гэх, як ты зямлю ўпакаваў, старык. Ну, жыві.Потым, звярнуўшыся да маладога, жорстка, з непрыемнай усмешкай, сказаў яму:– Чаго вылупіўся? Давай патроны, мне патрэбней. І не забудзь у выпадку чаго адрас: Тула… На вось, вазьмі паперку, выйдзеш, скажаш і наконт гэтага дупла, няхай адшукаюць.І, паглядзеўшы на хлопца з нейкім незразумелым шкадаваннем, сказаў:– Ну, бяры ногі ў рукі.Студэнт густа наліўся крывёю і шпурнуў да яго ног вінтоўку.– З якой ласкі я адзін пайду?– А што лепей? Здыхаць разам?– Жыць разам, – дрыжучы куткамі рота, сказаў студэнт.У адказ на гэта пажылы закурыў адну з самакрутак.– Жыць, – сказаў ён. – Што ты разумееш ў жыцці? Бабу, бадай што, ні разу не цалаваў?– Шмат разоў, – сказаў студэнт.Па яго адчайна-хвацкім твары відаць было, што ён брэша, і, магчыма, таму пажылы апусціў вочы і з натугай вымавіў:– Ну і што з таго? Гэта табе не певень: захлопаў крыламі, пабег, дагнаў… У мяне вось дачцэ трынаццаць год ды сыну шаснаццаць – вырастуць. Я ўжо ўсё на зямлі зрабіў і зразумеў. – І прыбавіў з той самай непрыемнай усмешкай: – Разам папаўзем – як „га“ перастраляюць. Яны такія. Нехта няхай прыкрывае.– Ну дык давайце вы паўзіце, – нервова сказаў студэнт, – я адзін, мне гадаваць няма каго.Пажылы сціснуў сківіцы. Няроўны буры загар папоўз па яго шчоках.– Паўзі, маць тваю…І тут студэнт сеў поруч з ім, узяў тонкімі далонямі за руку, загаварыў лісліва-радасным голасам:– А я ж толькі зараз падумаў…Я ж не змагу адзін, я не прайду балотам. Я ж гарадскі, лесу не ведаю… Хочаш не хочаш, а трэба вам ісці са мной.Ён быў непрыстойна ўзрадаваны сваёй выдумкай. Гэта было зразумела ўсякаму. Але ён, відаць, знайшоў добры выхад, таму што пажылы амаль з палёгкаю ўздыхнуў і махнуў рукой:– Добра. Тады давай хутчэй.Праз пяць хвілін яны паўзлі па дрыгве, пляскатыя, як жабы. Твань падымалася адразу за імі, сіпела бурбалачкамі паветра з зялёнага, мяккага, як губка, кіліма, што прыкрываў іржавую жыжку.Спераду, метраў праз дзвесце, бачныя былі першыя жыдкія хмызы: скарлючаныя, кволыя дзеці дрыгвы.Гэта было нямнога – дзвесце метраў. Але гэта было як цэлае жыццё. Асабліва таму, што ланцуг праследавацеляў ужо выйшаў на паляну і цягнуўся па калена ў густой траве.– Сто пяцьдзесят метраў…Сто… Восемдзесят… Пяцьдзесят.Рукі па плечы ўваходзяць у твань. Яны цяжэй за ўсё, гэтыя апошнія метры з чырвонымі ад крыві – зрэзаў сівец – і балотнай гразі рукамі.– Пяцьдзесят… Сорак пяць… Сорак чатыры.– Feuer!Свіст. Фантанчыкі вады вакол.“Лепшы медзі сабе памятнік справіў я…”Кідаюць гранаты.У бурых фантанах вады залатыя іскры сонца.Таргануліся ногі пажылога.У віруючай варонцы, у чорнай, як чай, вадзе круцяцца сцябліны сіты.Нясмелы світанак прабіваўся ў шчыліны адрыны. Шэрая мяккая пляма лягла на шчаку спячага чалавека. І той адразу, быццам чакаў гэтага, адкрыў вочы. Ён пабачыў груды сена, якія клубіліся ў паўцемры, брудна-шэры камяк ластаўчына гнязда пад вільчаком, галаву жонкі, што прыткнулася яму пад паху.Чалавек асцярожна лёг на бок, абапёршыся на локаць, доўга глядзеў у твар спячай. Дугі броваў, тугія шчокі, пяшчотная стома ў вачаніцах. Адліваюць блакітам голыя ногі: коўдра абілася вышэй каленяў. І чалавек з незвычайнай, затапляючай усю істоту радасцю падумаў: “Такая ласачка. Спіць вось і зусім нічога пра мяне не ведае, быццам і няма мяне”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11