1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11

Лісты не спазняюцца ніколі

Прахор, порсткі мужычок з тых, каму “невысока падаць”, дробненька тупаў поруч з Пятром. Пятро быў яўна незадаволены чымсьці.– І чаго яму дуб спатрэбіўся, – сказаў ён, – надумаеш, не было з чаго калоды для фермаў даўбці.– Гэта верна, – падтакнуў Прахор, – ды ён не тутэйшы, не ведае, што дуб святое дрэва.– Закон жа ёсць, – сказаў Пятро, – кожны з нас яго ведае, хоць ён і не пісаны: высякаеш лес – пакідай дуб на дзічку.– Добра, – сказаў Прахор, – наша справа маленькая.Трава цьмяна шарэла, густа ўсыпаная расой. Ногі пакідалі на ёй чатыры зялёных перарывістых паласы.– Як у цябе з жонкай? – спытаў Прахор.Пятро нават злёгку пачырванеў на скулах.– Цёплая, брат, як сонейка. Нарадавацца не магу.– Н-так, баба нішто сабе. І ў пасцеле і ў касцеле.– Слухай, ты, – азвярэў Пятро, ты пра яе такія словы кінь. Іначай не дуб ляжаць будзе, а ты.– Ды я нічога. Толькі д’ябал цябе ведае, што ты за чалавек. Другі год жывеш – хоць бы вокам на каго другога паграшыў. Я, бывала...– Вось таму што ты “бывала”, і яна ад цябе “бывала”. А мне іншыя без патрэбы. А і то дагэтуль ачуняць ад радасці не магу, што яна са мной.– Ну і дурань, – сказаў Прахор.Абодва маўчалі. Потым Прахор раптам страпянуўся:– Фу ты, чорт, і пацягнула ж мяне на такім месцы скаромныя размовы весці.– Так, – сказаў Пятро, – гэта ўсё адно што на могілках лаяцца.– Ты тады яшчэ хлапчуком быў, – нечакана сур’ёзна сказаў Прахор, – а я ўсё гэта вельмі добра памятаю. Вось тут, на гэтым самым месцы, іх і наздагналі. Хлопцы якія былі! Унь там адзін танк гарэў, там – другі, а там яшчэ два поруч. Гар такі густы, я потым два дні чорным смаркаўся... Пабілі іх усіх. Раніцай бабы пайшлі, а рабяты навалам ляжаць. З усёй вёскі радно сабралі і іх, голых, у тое радно абшылі: і рускіх, і нашых, і татараў. Усіх разам – Бог на тым свеце разбярэцца, хто чый.– А тут у іх супрацьтанкавая стаяла, – задумліва сказаў Пятро, – яе потым яшчэ ў патрызанскай майстэрні рапаравалі, ставілі на колы ад сеялкі.– Цыбульная артылерыя, – усміхнуўся Прахор, – і як гэта толькі рабяты не баяліся пакалечыцца, з такіх гармат страляўшы. Верыш – замест замкa лапкі сталёвыя прыстасаваны, і ў іх здаравенны цвік ходзіць. І па таму цвіку, адышоўшы ўбок, драўлянай чакухай – жмяк!– Што маці па гэтых рабятах паплакалі, што жонкі, – сказаў Пятро, – і адшукалі, пэўна, не ўсіх, той-сёй дагэтуль у балоце, напэўна, ляжыць. І горш за ўсё, што і адшукаюць яго калі-небудзь у тарфяніку нязменным. Як мумію, пра якую ў пятым класе вучаць. Памятаеш, як на Папараці чалавека раскапалі. Увесь цэлы – толькі нос сплясканы: торф ціснуў.– Так, семнаццаць год для такога – глупства.Яны выйшлі на паляну, калі яна пачынала невыразна ружавець у чаканні сонца. За палянай стаяў вялізнай рагаткай непраўдападобна зграбны дуб. Частка галін на адной яго развіліне пачала ўсыхаць, але гэта не брыдзіла дрэва.Асабліва зараз, у перадсонечны час, поўны чакання цеплыні і пяшчоты.Дуб злёгку шавяліў лісцямі, быццам пацягваўся, стрэсваючы з іх расу.– Уа-ля, люблю-у, – сонна буркатнуў недзе ўбаку начны ляляк, відаць, укладваючыся спаць.І, быццам у адказ яму, радасным, умытым, свежым голасам залікавала ў дубовай лістоце нейкая птаха, раздзіраючы ўсё сваё маленькае цельца. Не таму, што хтосьці чуе, а з адного толькі палкага жадання жыць.І дуб увесь салодка страпянуўся: на самую верхнюю, малюсенькую яго галінку ўпаў аранжавы адбітак сонца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11