1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11

Лісты не спазняюцца ніколі

А Пятро ўстаў і акінуў дуб прасветленым позіркам. Дрэва, вызваліўшыся ад расы, спакойна і шырока разлапіла галіны.– Пачнем, ці што? – спытаў Прахор.– Гэта чаго пачнем? Ён нам такую ласку зрабіў, а мы “пачнем”. Не ўжо, дудкі. Збірай рэчы.І, узяўшы на плячо сякеру, сказаў задумліва:– Трэба будзе ў Васілевічы схадзіць, купіць мех цэменту, каб рану яму заштукаваць.Калі яны ўжо даволі далёка адышлі ад дуба, Прахор раптам спыніўся:– А старшыні што скажам?– Пайшоў ён да д’ябла, – сказаў Пятро, – яму наогул за такі загад трэба было б макітру зняць. Такога цара сячы...Памаўчаў і буркнуў:– Аддам тыя дубовыя бярвенні, што ў мяне каля адрыны.– Ды табе ж калодзеж даўно абшыць трэба.– А яго засыплю, калодзеж. Нічога, за вадою можна схадзіць і да суседа.Прахор пакруціў галавой. Потым сказаў з’едліва:– Ты падумаў, што табе хатні пракурор скажа? Яна унь, надоечы, з Марынай маёй на ферме лаялася – дык старшыня са страху да стаўкоў уцёк і там дзве гадзіны сядзеў.На грубаватым абліччы Пятра з’явілася задаволеная ўсмешка:- Нічога яна не скажа. Дрэнна ты яе ведаеш. Гэта, брат...Ён пашукаў слова, не знайшоў яго і паўтарыў тое, што сказаў раніцай:– Гэта, брат, такая ласачка, такая... жонка.

III

Паштальён быў цыбаты і калматы, як шчанюк ірландскага сетэра. І вочы былі такія самыя, вясёлыя і легкаважныя. Раніца была гожай; з садоў наносіла водарам антонаўкі; учора было добрае кіно: газетныя прагнозы наконт “халоднай вайны” цяплелі.І, галоўнае, Верка, калі ён сказаў ёй, што скончыў курсы і працуе паштальёнам апошні месяц, згадзілася пайсці з ім пасля ў кіно, – глядзелі другую серыю “Вайны і міра”, і ўсё гэта было здорава шыкарна, – у гарадскі сад, і там яны двойчы пацалаваліся.Больш яна не дазволіла, але затое сказала яму, што яна даўно кахае яго, як Наташа П’ера, а тое, што яе праводзіў Лёнька з Кітаёўскай вуліцы, дык гэта сумная памылка, і яна, наогул, хацела пазлаваць яго за тое, што ён такі дурны і вечна глядзіць у кнігі, а не на яе.Таму паштальён шырока і даволі бязглузда ўсміхаўся. І ва ўсіх прахожых ад гэтага таксама трошкі цяплела на душы.Ён ішоў па старой, зусім яшчэ “павятовай” вуліцы з маленькімі асабнячкамі і цяжкімі разьблёнымі брамамі. Вуліца ўся прапахла кропам, душным пахам ваўчкоў.Жыць бы на такой вуліцы ды жыць. І таму паштальён, падыходзячы да невялічкага доміка з круглым паддашкавым акном, адчуў сябе незручна. Учора ў суседнім асабняку яму сказалі, што ў гэтым доме свежая смерць.Ён вынуў з сумкі пухлы шэры канверт і таргануў за кальцо, вялікім намаганнем надаўшы твару патрэбны выраз: не журботны, а дзелавы і трошкі спачуваючы.Праходзячы дарожкай пад бэзамі, на верхавінках якіх яшчэ заставаліся плодзікі, падобныя на карычневые птушыныя дзюбы, ён паспеў заўважыць, што на новай прыбудаванай верандзе сядзяць тры чалавекі.У цэнтры сядзела пажылая жанчына з такім журботна-стомленым тварам, што ясна было, каму горш за ўсіх.Поруч з ёю, па правую руку, змрочна пускаў дымавыя кольцы мужчына, вельмі на яе падобны. Рукі яго далёка высоўваліся з рукавоў сіняга пінжака, былі худыя і моцныя, адлівалі дзіўнай чырванню, быццам іх купалі ў спірытусе. Маладая жанчына, відаць, яго жонка, сядзела ў ляніва-млявай позе, паклаўшы падбародак на далоні моцных белых рук з ямачкамі каля локцей.Паміж імі стаяў самавар, але чаю ніхто не піў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11