Лісце каштанаў

– Тады нявыкрутка была. Проста трапіў ты ў такое становішча. А цяпер нашто ж?Руіны ляжалі пад намі. Як вока сягае, мёртвы лес руін.– Мы шмат хто яшчэ памром, – раптам сказаў лейтэнант. – Калі, скажам, і вам аж да нямогі таго самага хочацца – хто ж тады гэтую праказу, лішаі гэтыя з зямлі саскрабе, хто яе прыкрасіць? I потым, вы думаеце, мы іх пад корань звядзём? Будзем старацца, але нешта не дужа верыцца. Так што хто будзе сачыць, каб у гэтага рака метастазаў не было... Дурні вы, дурні. Мы самае важлівае аддаём вам, а ў вас вочы, як у бычкоў крывёю наліліся і... Ролік махнуў рукой.– А-а, зноў тая песня. А нам толькі б да іх дарвацца...– Ну, і чаго ж бы гэта ты так хацеў дарвацца?– У кожнага з нас тут свае прычыны. У мяне бандыты брата павесілі, але тут... Ну, пра сябе не буду... Унь няхай скажа... ну хаця Васілько.– У мяне гэтых прычын сотня, – буркнуў я. – Ну, я таксама толькі адну скажу. Братаву маю немцы ў лесе спаймалі з вядром солі. Ясна, куды соль. Лупілі тыдзень. Не спіна, а... А яна ціхая была, стрэлаў баялася, кіно з пацалункамі гэтымі саплівымі любіла. Аж плача, бывала. Але тут ані слова... Цётцы спатканне дазволілі. I даведалася яна, што ніхто іх, вязняў, не лячыў, а братаву лячылі. Спіна – адна рана. I ў ране гэтай чэрві завяліся. То гэтыя “дзеля дэзінфекцыі” ёй спіну соллю пасыпалі, той, што яна ў лес несла... На наступнае спатканне цётка прынесла ёй сарочку, а тыя кажуць: “Сваячкі вашай няма, вывезлі...” Ведаем мы, куды яе вывезлі.Лейтэнант узяў мяне за падбародак, паглядзеў у вочы.– Ну вось, хлопец, і адказ. Такія, як ты, страшэнна патрэбныя будуць. Як памяць. Сёй-той можа і забудзе, бо на свае вочы не бачыў. А ты не забудзеш. I ўжо ніколі спакойна не заснеш. Цень гэтага пабачыш – у званы біць пачнеш. Пах адчуеш – не супакоішся, пакуль не торкнеш усіх носам... А ты кажаш.Устаў.– Кіньце глупствы. Вам, магчыма, для жыцця больш мужнасці спатрэбіцца, чым нам для смерці.

IIIМы ляжалі на гарачым пяску, і мяне ўсяго калаціла. Не ад холаду, ад страшэннага нервовага напружання, якое я толькі што перажыў. Ногі ледзь не курчыла, жывот сутаргава ўздрыгваў.Дняпро каціў ля нашых ног свае плыні, а непадалёк узвышаліся з вады каменныя быкі старога ланцуговага моста, знішчанага вайной. I унь з таго быка я толькі што скокнуў.Мяне аж пацёпвала, калі я ўспамінаў, як я лез, чапляючыся за кожную няроўнасць, за кожную выбоіну ў каменнай кладцы. I як стаяў наверсе, і калені дрыжалі, і я разумеў, што злезці не ўдасца. А пада мною Дняпро імкліва рухаў зялёную, шкляную, цяжкую плынь, і хлопцы ўнізе былі з напарстак... ух ты, божа мой!I як зразумеў, што яшчэ хвіліна і я ніколі не скочу і не злезу... I скочыў салдацікам, і, праз стагоддзі, увайшоў у ваду, і адразу падкурчыў ногі, і ўсё адно мяне так доўга несла да паверхні і паветра, што я ледзь не захлынуўся, а Дняпро цягнуў мяне за ногі, заносіў убок, кідаў.Я і скочыў толькі таму, што хлопцы глядзелі. Такое са мною ўжо было. На Урале. Там рака Ірэнь бегла, сціснутая высачэзнымі скаламі, як мурамі, і са скалы на скалу быў перакінуты канатны мост. Я пабіўся аб заклад, што скокну з яго. Дваццаць пяць метраў. I ўзлез. I зразумеў, што не здолею. I збіраўся ўжо злезці. Але тут з абодвух канцоў падышлі да моста дзве нашыя дзяўчачыя брыгады. I з адною была выхавацелька. А мы купаліся, ясна ж, без ніякіх плавак. Я ўявіў сабе, як яны сыдуцца ля мяне, і што з гэтага будзе, і як давядзецца, скурчыўшыся, сядзець на кукішках, а то і проста стаяць, прыкрываючы сорам – і скокнуў, бо ганьба была страшнейшая нават за смерць.