Лісце каштанаў

Вось так і тут.– Малайчына, – сказаў Ролік. – Я чатыры разы спускаўся, пакуль не наважыўся.– А я з другога разу, – выскачыла Нонка.– Ну, расхвасталася, – сказаў Багдан. – Вечна свае тры грошы.– Чаму? Яна праўду кажа, – сказаў Ролік.– Гэта таму, што дзяўчо бязмозглае. Небяспекі яны не разумеюць.Нонка раптам брыкнула Багдана нагою і, калі ён схапіў яе, пачала малаціць яго кулачкамі па грудзях, па галаве, паўсюль. Багдан апешыў.– Кінь яе, – сказаў Раланд.– Ды ўжо... сам кінуў.– Малайчына ты, – паўтарыў Дзмітрэнка. – I трэба нам – як вы думаеце, казакі-малойцы? – прыняць яго ў наш курынь.– Прыняць, прыняць.– А раз так, то можна яму і таямніцу раскрыць. План такі... Спачатку іхнюю штаб-пячору падарваць. Пасля іх, гадаўцаў, раскалашмаціць. А то заганарыліся занадта, адному праз іхнюю зону хаця й не хадзі. Паставіць іх на месца, загартавацца, вопыт прыдбаць, а пасля – ён зрабіў эфектную паўзу – уцякаць на Заходнюю Украіну. Там па лясах яшчэ і паліцэйскія атрады блукаюць, і... Гадоў прыбавім, дый...– Не возьмуць.– Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.– А зброю што, з калена выламім?– Ёсць зброя. Ведаю дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць... Я ўжо сёе-тое знайшоў.. Пакуль што мы туды хадзіць не будзем – гэтыя гады з Падвальнай хвастамі за намі ходзяць. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі... I гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам. Ніякай гэтай дарослай нудоты, натацый, ніякага гэтага дзярма.Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было паветра, будучыня, спаўненне той мары, якой я жыў тры гады.– Я з вамі, хлопцы, – сказаў я.– Дабрача, – сказаў Раланд. – Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.– У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю, – паважна сказаў Жэнька.Як заўсёды, нельга было зразумець, усур’ёз ён гаворыць ці дзяцініцца.– Прахвесар, – сказаў Ролік. – Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш біць лягчэй. Дружба народаў, як дзядзька кажа... Рашаючы фактар. Нібыта без ягоных слоў гэта невядома.– Ён нічога, твой дзядзька, – сказаў Багдан.– Зануда ён, мой дзядзька. Зануда цара нябеснага. Як пачне – ну, дзячок без царквы: “Маладое пакаленне... Ду-ду-ду, ду-ду-ду”. Мне як ён нудзіць пачне, то кожную хвіліну ў нужнік бегчы хочацца... па малой патрэбе.

IVМы прабіраліся “ў разведку”. Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся вельмі асцярожна, бо гэта ўжо была дзяржава хлопцаў з Падвальнай.Перад апошняй перабежкай селі крыху адпачыць між кастрамі нейкіх дроў.– То нашто ўсё ж іх біць? – спытаў я. – Можа, лепей бы з сабою ўзяць?Хлопцы пераглянуліся. Багдан нават гыгыкнуў.– Фашысты, – неахвотна сказаў Ролік.– Ды вы што, хлопцы, падурнелі?– А вось хадзем, паглядзіш.Некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, якія горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі.