Лісце каштанаў

...Вось пад Дубішчам людзі стаяць на самым краі каркаломнага ўрвішча над Дняпром. Зараз грымнуць стрэлы, і нават толькі параненыя будуць шмат разоў грукацца аб выступы стромы і ўпадуць на жвір унізе ўжо мёртвыя.А вось барак дарожных рабочых-яўрэяў. Нехта зрабіў дыверсію ў пяці кіламетрах адсюль. I, зрываючы злосць, урываюцца на пляцоўку перад баракам матацыклы, і б’е, б’е кулямёт, і людзі падаюць, падаюць...А вось шэры двор. Тры глухія муры ў выглядзе літары “П”, У іх адны дзверы і пара забраных кратамі акон у сутарэнне. Ля дзвярэй пажарная лесвіца. З чацвёртага боку двара – узгорак, зарослы акацыяй, глогам і бур’яном.Такі сабе змрочны, моцна затравелы двор. Толькі каля аднаго мура невялікі кавалак асфальту з канаўкай (відаць, зрабілі калісьці, каб вада з даўно неіснуючай рыны не плыла ў падвальныя вокны). I на гэтым лапіку стаіць чалавек, дзяўчынка-падлетак. А ў некалькіх кроках ад яе – чацвёра невысокіх чалавекаў са стрэльбамі ў руках.– Імем закона, – далятаюць да мяне словы, – прысуджаецца... за злачынныя...У мяне пачынаюць гарэць шчокі. У вочы нібы пяску нехта насыпаў. Я столькі разоў бачыў такое, стоячы ў натоўпе, які сагналі на месца страты, або, калі спазніўся, седзячы ў кустах, без сілы, а галоўнае без права дапамагчы.Тая, каго расстрэльваюць, дастае нешта з кішэнькі дарослай кофты і пачынае есці.– Хопіць табе жэрці, швайн, – крычыць бялявы – галава канвою.– Я хлеб з маргарынам, – адказвае з-пад мура галасок.– А, ферфлюхунг! Ферфлюхтэ ўкраінішэ швайнэ! Да мура!Дзяўчо пакорліва паварочваецца абліччам да мура. Канвой бярэ карабіны на руку і падраўноўвае штыхі. Усё як трэба. Усё, як належыць рабіць такое ў жыцці.– Аддзяленне-е!..Кулакі мае сціскаюцца... Я ўжо не магу, не магу яшчэ раз бачыць гэта......I тут на маё плячо кладзецца рука.– Бачыў? – пытае Ролік. – Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы, відаць, такога не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў... М-мамчы-ны сынкі.“Начальнік канвою” не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур’ян з крыкам “ур-ра-а!” пасыпалі на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег гнуткі невысокі хлопец. з шалёнымі вачамі і рудаватым чубам.– Гнат, – з нянавісцю сказаў Жэнька, – дрэнь паскудная! Гніляк!– Каб жа яшчэ толькі дрэнь, – сказаў Ролік. – Шкодная дрэнь. Дрэнь, якую хлебам не кармі, а дай іншага ў паняверцы патрымаць.На пляцоўцы двара кіпела бойка. Мы ляжалі на даху дрывотні і назіралі. Біліся і тыя, і іншыя някепска, але неяк занадта ўжо... ну, па правілах, ці што. Занадта па-гарадскому. Хай сабе б’юцца.Не біўся толькі адзін дужа высокі хлапчына. Белы бландзін з правільнымі, крыху, можа, занадта суровымі рысамі аблічча. Як убачыў, што робіцца ў двары – так і адышоў, сеў на нейкую скрынку, глядзеў.Урэшце супраціўленне “карнікаў” было зломлена, і яны кінуліся ўцякаць. Два “інсургенты” кінуліся за імі ў пагоню. На пляцоўцы засталіся Гнат, чацвёра яго ваякаў, бялявы хлопец і дзяўчынка.Расхрыстаны Гнат, відаць, ашалеў ад бойкі. Вочы блішчалі, твар быў узнёсла-радасны, трохі шалёны:– Мы цябе адбілі, Лізка. Але не думай, што дзеля тваіх гожых вачэй. Па дадзеных нашай разведкі ты пайшла на чорную здраду, выдала нашы планы і намеры ворагу. Мы адбілі цябе, каб судзіць нашым судом, нашым трыбуналам. Смерць здраднікам.Ён, відаць, яшчэ не астыў пасля бойкі; шал усё яшчэ жыў у яго вачах. Дзе там было нешта меркаваць, узважваць, стрымлівацца.