Лісце каштанаў

– Угу.Зноў нядобрая дуэль вачэй. Неасцярожнае слова і... Лізка падышла да незнаёмага і стала побач з ім. Яна ўжо не плакала, а толькі перарывіста ўздыхала. Як дзеці пасля слёз. I, дзіўна, гэты яе ўчынак і ўспамін пра бутэрброд з маргарынам нібы прыглушылі варожасць.– То чаго тады за іх біцца не стаў? – спытаў я.– Абрыдла. Гуляць мне з імі не выпадае. Як з маленькімі. Ну і гульні іхнія. Крыві не бачылі... I Лізку пакрыўдзілі... Не плач, ну, не плач, дурнічка.– А яшчэ?– А яшчэ па-нямецку брыду розную гавораць. Каб жа хаця ўмелі.– Цябе зваць як? – спытаў Ролік.– Карл Канецкі.– Карло? – на ўкраінскі манер спытаў Раланд.– Кaраль? – спытаў я.– Не, Карл. Маці звала Карлхен.– Ты што?– Ну, – сцвярджальна сказаў Карл. – А чаму ж я супраць брыды па-нямецку? Я – немец.Мяне – і, думаю, не толькі мяне – аж скаланула. Першы знайшоўся Ролік:– Ф’ю-у. Брэшаш. Адкуль прозвішча такое, Канецкі? Немец мне, таксама яшчэ. Фарсіш? Непадобным быць хочаш?– Гэтая непадобнасць можа задорага абысціся, каб ёю фарсіць. А прозвішча... ёсць і ў немцаў такія прозвішчы: Канецкі, Ранцоў, Бюлоў. Немец. Так.Навісла цяжкае маўчанне. I тут Ролік зрабіў тое, на што, прынамсі на вачах у старонніх, наўрад ці наважыўся б нехта з нас. Ён зрабіў крок наперад і працягнуў руку.– Ну што ж, за гэта цябе только паважаць можна. Лапу.I гэтым звычайным жэстам ён не толькі замацаваў сваё права быць галоўным, але і канчаткова прымусіў нас усіх паважаць сябе.

VІшлі дні. На каштанах і ліпах рэдка-рэдка ўспыхнулі першыя жоўтыя агеньчыкі. Хлопцы з Падвальнай і Чкалава прыніклі, і па іхніх вуліцах можна было хадзіць нават удвух, а Карл, якога мы ўзялі ў наш хаўрус і, ясна ж, адкрылі сакрэт уцёкаў, хадзіў, вядома, і адзін.Уцякаць пакуль што не было як. Трэба было страціць апошняе сумленне, каб напаследак не памагчы бацькам на “прыгарадных і індывідуальна-ўстаноўскіх гародах” (гэтае слова-пачвара азначала, што кожная ўстанова атрымлівала кавалак зямлі і дзяліла яе на часткі між сваімі работнікамі, а таму ўчастак нельга было назваць “індывідуальным” – крый божа! – а толькі “індывідуальна-ўстаноўскім”).У нас свайго ўчастка не было, і таму я па чарзе хадзіў падмагаць усім нашым хлопцам. Мае на гэта згаджаліся ахвотна, бо гэта “дужа карысна, фізічная праца на свежым паветры”. А я і радаваўся.Працавалі, у вольныя хвіліны лавілі ў пратоках смугастых зеленаватых джгіроў, елі дымны, страшэнна смачны кулеш з рэдкімі кубікамі сала, а вечарам цягнулі ў горад вазок, нагружаны ліловымі бліскучымі баклажанамі і цьмяна-зялёнымі кабачкамі.Ролікаў гарод быў досыць блізка да Цялічкі, і атаман аднойчы здалёк паказаў мне месца, дзе чакала нас наша зброя: высачэнныя пясчанікавыя слупы, яры між іх: пасечаная, мёртвая, пакінутая зямля.У гэтыя дні “інтэрнацыянал” наш ледзь не разваліўся. Таму што Жэнька пазнаёміўся недзе з Навумам Фінеесам.Высокі, худы ад шматгадовага недаядання – калі галадаеш некалькі год, пасля вельмі цяжка, нават пры добрай ежы, увайсці ў норму, – жылаваты. Нічога асабліва яўрэйскага ў ягоным твары не было: нос – просты, форма вушэй – звычайная, вусны – тонкія і прыгожыя, валасамі – цёмны шатэн, вочы – светла-карыя. Можа, гэта і дапамагло яму выжыць у вайну.I вось Жэнька прывёў яго ў наш атрад, і ён усім адразу спадабаўся, і выявілася, што дурань Кульба ўжо загадзя адкрыў яму нашу таямніцу і той даў згоду. Жэньку за доўгі язык на цэлы тыдзень пазбавілі права хадзіць з намі ў руіны па тол, прымусілі не выходзіць за межы двара, а Навума – прынялі. Што ўжо зробіш, калі так здарылася. Хай будзе пяць нацый.