Лісце каштанаў

– Расказвай, – сказаў я Лізцы.– Я не дужа ведаю, – тоненька і вінавата сказала яна. – Ён аднекуль уцёк, прабраўся цераз фронт. Прыстаў да партызан... пашанцавала адшукаць. А пасля рэйд быў. I ён з гэтым рэйдам быў і ў тваёй Беларусі. А за што медалі далі – ён не расказвае...– Пэўна ж, было за што, калі далі, – сказаў я.– А пасля, як нашы прыйшлі, дзядзька Тарас узяў яго. У дзядзькі ўсю сям’ю немцы пабілі.У мяне ў сэрцы накіпала злосць на Навума і, яшчэ больш, на самога сябе.– Т-так, Навуме, – сказаў я.Я рос у невялікім гарадку, і мы, дзеці, гулялі ўсе разам, і пры выпадку маглі ўзаемна перакінуцца сотняй-другой беларускіх, рускіх, татарскіх, яўрэйскіх слоў. У дзяцей гэта хутка. Акрамя таго, бацька ў аднаго з нашай банды быў калісь рабінам, але расчараваўся. I таму я, не ў змове стрымацца, сказаў:– Ты ведаеш, што такое па-старагебрайску “фінеес”. Гэта азначае “медны рот”. Вось гэта якраз ты. Крычыш ні з пушчы, ні з поля, дурань маляваны.

VIМы сядзелі ў сакрэце: Карл, Навум і я. Лета хілілася да восені, але ночы яшчэ былі цёплыя-цёплыя, можна без сарочкі хадзіць. I вось мы сядзелі ў зарослай варонцы ад снарада, і калені нашы сутыкаліся (я ведаў, што Раланд незнарок паслаў у сакрэт Карла і Навума, і мяне ў якасці згодніка; ён цяпер часта рабіў такое), а вакол утрапёна сакаталі конікі і цыкадкі, а над намі нябачна для вока каціліся сузор’і, якія зрэдку перакрэсліваў патаемны лёт кажана.Мае паехалі, Карл і Навум былі ўвогуле вольныя птушкі. I вось мы сядзелі і чакалі, каб у дзве гадзіны ночы, калі ўсе паснуць, свіснуць Роліку.Падвальныя знялі сваю ахову ў гадзіну ночы, але ў вокнах у Дзмітрэнкаў усё яшчэ гарэла святло. Трэба было чакаць.– Расказалі б што-небудзь, хлопцы, – сказаў я. – Ну хаця б ты, Навуме.– А што мне расказваць? Звычайнае дзяцінства, пасля вайна, Бабін Яр...Гэта была, сапраўды, звычайная гісторыя тысяч і тысяч ягоных аднапляменнікаў; расказваць яе – паўтарацца ў стотысячны раз. Мяне здзівіла толькі тое, што яму ўдалося ўцячы і нават сяк-так уладкавацца, але пасля ён зноў трапіў у гета. Яго апазнаў і выдаў немцам адзін тып з яўрэйскай паліцыі. Зноў тры месяцы пекла і зноў уцёкі. На гэты раз проста з месца пакарання смерцю.– Я гэта ўсё на свае вочы бачыў. I акцыі, і як зямля варушылася. З таго часу ў мяне вочы настроены на тое, калі іншаму кепска. Хто, можа, і не заўважае, што камусьці кепска, а я – з першага позірку.Я адчуваў у цемры, якія напружаныя Карлавы калені. Але не перабіваць жа шчырага і праўдзівага апавядання.– Потым і іх туды ж павялі. I юдэнрат, і паліцыю, і таго гадаўца. Сам бачыў. Сволачы! Крывёй свайго народа купляць сабе... Ну і купілі... – I цалкам не лагічна дадаў: – А ўсё клятыя немцы. Фрыцы паганыя.Гэтае слова сарвалася ў яго з языка міжволі. Ён проста забыў. Я ўпэўнены, што ў наступную хвіліну ён пашкадаваў аб ім. Але было позна.– Хальт маўль,– сказаў Карл.– А па-нашаму “заторкніся”.– Ціха, хлопцы, ціха.– Не, ты пачакай. Ты памятаеш, калі палонных вялі па Брэст-Літоўскай шашы.Я ўспомніў. Сапраўды, бясконцая пыльная змяя, і апушчаныя вочы адных, і вочы другіх, у якіх пераважала не нянавісць, а грэблівая цікаўнасць.– Хто тады ў іх каштаны і іншае кідаў? Адзінкі кідалі. Бо разумелі – не ўсе вінаватыя. Многія, але не ўсе. А думаеш, у кагосьці з іх меней, чым у цябе, было прычын ненавідзець? Чаму так рабіў гэты люд? А таму, голубе, што ў яго вялікая незласлівасць жыве ў сэрцы. Б’е да смерці, але таго, хто ўпаў – не б’е. Вось чаго мне сорам, а не таго, што я...