Лісце каштанаў

Навісла цяжкая паўза.– Мне, думаеш, лёгка кожны дзень такое чуць? I нават не магчы растлумачыць, бо я тлумачыць – не хачу. Гонар губляць – тлумачыць – не хачу. Сволачы ўсякай тлумачыць – не хачу. Смешачкі чуць, усмешачкі бачыць – не хачу. Каб нават добрыя людзі шкадавалі – не хачу. “Ах, беднае дзіця. Такое малое, а ўжо немец”. А я немец, немец! Немец, чуеш ты?!Мы маўчалі. Цыкадкі і конікі нібы раздзіралі ноч.– Вы, вядома, ведаеце, што нас высялялі, – глуха сказаў Карл. – Асцярога такая была, што вось Гітлер прыйдзе – і тут мы да яго ўсёй хеўрай перакінемся. А што нам было, большасці нашых, у гэтым аўстрыйскім недавучку-пэцкалі? У нас радзіма была. Іншая радзіма. Наша... Вязуць нас параходам...– Чакай, – перабіў я. – Які параход! Не “Пугачоў”?– Ён самы. А-а ты чаго?– Так, нічога, кажы далей.– А ўва мне злосць кіпіць. I вырашыў я: уцяку. Я не кацяня, каб мяне без дай прычыны куды хочаш можна везці. Я ім давяду. За ўсіх сумленных нашых, што ані сном, ані духам...Мне пашанцавала. Уцёк. Фронт на трыбусе перапоўз, бо з нашага боку мне небяспечна было. Партызанаў знайшоў. I тыя ўзялі. Прозвішча нейтральнае, а месца нараджэння і прозвішча маці я вадой заліў ды пальцам расцёр. Дурань быў. Пасля ўсё адно расказаў, але тады, пакуль не давёў – нельга было....Я адчуў, што Карл варушыцца. Пасля ён надоўга змоўкнуў. А потым сказаў глуха:– Ну, ты мне важлівае сказаў. Як пляму з усяго вартага сцёр. А то я ўсё тыя стрэлы забыць не мог.– Агонь згас, – сказаў Фінеес. – Подаўна ўжо....Свіст наш аддаўся ў пустым двары. Пасля на трэцім паверсе бязгучна адчыніліся балконныя дзверы. Цень слізгануў па карнізе, і амаль адразу да нас данеслася ржавае крактанне рыны.– Ну як? – Ролік адвязаў хатулёк, што вісеў на шыі– Знялі пост. Дзве гадзіны таму.– Дабрэча! Ну, мы ім пакажам пільнасць.Узяўшы з-за памыйкі рыдлёўкі і лом, мы рушылі да месца дыверсіі, ломячы сухі бур’ян....Штаб-пячора была сапраўды на нашай палове схілу, прынамсі, мы так лічылі. Галоўнае, ніхто з нашых не бачыў, як і калі яны яе выкапалі: мабыць, тыя сачылі, калі нікога ў двары няма, пясок адносілі некуды далей, можа, працавалі начамі.Што праўда, адтуліна-ўваход вышынёю ў палову метра была за адрожкам узгорка і хавалася ў дрымучым нечапаным пустазеллі – хітрыя чэрці! – так што ў трох метрах прайдзі і не заўважыш. Адкрылі яе хлопцы выпадкова і толькі таму, што “падвальныя” перамудрылі: надумалі ставіць непадалёк вартавога, які датуль стырчаў у нас на вачах, аж пакуль хлопцы не зацікавіліся гэтай акалічнасцю.Мы ўпаўзлі ў пячору на жываце, і толькі там Карл запаліў нямецкі ліхтарык. Добры быў ліхтарык, з чырвоным і зялёнымі шкельцамі. Пры жаданні можна было пасылаць святло барвянае ці смарагдавае.Пячора была досыць вялікая: метры тры на тры і вышынёю каля двух метраў. Столь умацаваная крапежам: аполкі, падпёртыя слупамі. Бярвенцы-лаўкі і стол-скрынка. У куце драўляныя карабіны, два самапалы і дзве нямецкія патронныя бляшанкі: адна сапраўды з патронамі, а другая з “макаронамі”, нямецкім порахам.– Угм, – сказаў Раланд. – Бач ты, да чаго яны ўжо дакаціліся. Самапалы ў ход пускаць думаюць. Гэта ж не сумленная бойка, не кулакі. Гэтак жа і вочы выпаліць чалавеку можна.На сценцы вісеў груба намаляваны план нашага двара і самаробны плакат. На плане былі тры стралы, накіраваныя ў бок нашых дамоў і ніжняга двара. Стрэлы вялі праз памыйкі, штабелі дошак, дахі дрывотняў.