Лісце каштанаў

– План разраблялі, гады, – сказаў Карл.На плакаце былі намаляваныя мы. Вядома, у пачварным выглядзе, так што здагадацца аб тым, хто ёсць хто, можна было толькі па вопратцы і па надпісах пад нагамі кожнай фігуры.“Падлягаюць адплаце за злачынствы супраць мірных дзяржаў: Падвальнай, Пірагоўскай, Чкалава і іншых. Пасля немінучай перамогі будуць несці адказ перад народам. Крывавы дыктатар Раланд Дзмітрэнка – акунанне ў бочку для дажджавой вады (на задворках, за дрывотнямі) да непрытомнага стану з паследуючым выцверажэннем пры дапамозе хвастання крапівою і забаронаю на векі вечныя хадзіць вышэйпамянёнымі вуліцамі (якія складаюць неад’емную частку нашай дзяржавы), нават калі пашлюць за газай”.“Нямецка-фашысцкая морда Карл...” Далей ішлі пакаранні ўсім нам. Мне “суд народаў” прысудзіў туга напхаць крапівы ў порткі і звязаць рукі, каб не вызваліўся ад яе, аж пакуль не дабягу да людзей.Ніжэй гэтых фігурак ішоў буйны надпіс:“Наша справа справядлівая – перамога будзе за намі! Раздушым ніжнедворскую гадзіну ў яе ўласным бярлогу!”– Бачылі? – спытаў Ролік.Бледны як палатніна Карл здзёр са сценкі абодва аркушы. Скамячыў.– Ну, гадаўё. Я ім “нямецка-фашысцкую морду” пакажу. Бач ты, што яны нам рыхтавалі. Сутаргава зглынуў нешта:– Я, хлопцы, раней і не хацеў. Што, думаю, – дзіцячыя гульні! Недагулялі дзецьмі, то... Але думаў: несур’ёзная гэта справа. Кожны з нас пекла прайшоў. Але цяпер буду біць іх. Усур’ёз. Таму што дай такой свалоце волю... Гэта ж капо растуць, паліцаі пры зручным выпадку, дзярмо.– То што? – спытаў Жэнька. – Развалім проста? Разбурым?– Э, не, – падумаўшы, сказаў Ролік. – Цяпер, пасля такога, гэтага ўжо мала. Тут выбух патрэбен або хаця падабенства. Трэба ім феерверк учыніць. Навум, Карл – за мной. Да паваленага плота. Трэба трэскі, дошкі, пара бярвенняў. Васілько, лезь наверх і прабі пару дзірак.– Дзеля чаго?– Дзеля цягі.Я палез наверх і пачаў лупасіць ломам, выварочваць камяні, выграбаваць рыдлёўкай зямлю і жвір. Я працаваў і чуў, як хлопцы, сапучы, валакуць праз дзядоўнік, дурман і беляну бярвенні ад старога, чорт ведае колькі год назад паваленага плота. Лом ужо чатыры разы правальваўся ў пустату, і ўрэшце я вырашыў, што досыць.Пасля мы насыпалі на падлогу пячоры трэсак, а на іх паклалі штабелем дошчачкі. Раланд развязаў хатулёк і высыпаў з яго дзесяткі тры цыліндрыкаў з тэрмітам (у нас асаблівым шыкам лічылася чыркаць запалкай менавіта аб тэрміт вось у такім бліскучым бардова-карычневым цыліндрыку, а не аб пачак).– Каб гарэла зырчэй, – растлумачыў ён. Паўзверх дошак мы нацягалі бярвенцаў.– Патроны возьмем? – спытаў Навум.– Патроны самі знойдзем, – адказаў Ролік.– Правільна, – сказаў праз зубы Карл, – яшчэ рукі іхняй зброяй, поскуддзю гэткай, пэцкаць.Мы клалі бярвенцы і на кожны новы іхні слой рассыпалі па некалькі жменяў пораху і патронаў.– Слухайце, – сказаў Навум, калі скрынкі былі амаль апарожненыя, – тут яшчэ дзесяць... пятнаццаць... дваццаць чатыры ракеты.– Валачы іх сюды, – сказаў Ролік.Праз дзіркі, што прабіў я, мы засунулі ў штаб-пячору яшчэ некалькі пацурбалкаў і паленняў і туга ўвапхнулі між іх ракеты. Старчма. Капсулямі ўніз.Пасля спусціліся да лазу, пхнулі ў яго паперы, паклалі на яе, разламіўшы, цыліндрыкі, буры тэрміт.– Падпальваць, ці што? – спытаў Навум.– Э, не, – сказаў Ролік і дастаў з кішэні мятровы кавалак шнура, – без бікфорда – гэта, хлопцы, будзе непарадак. Трэба з бікфордам. Каб усё, як у сур’ёзных людзей.