Лісце каштанаў

Інтэрнат на Урале, некалькі беспаспяховых уцёкаў. Урэшце, уцёк зусім і некалькі месяцаў беспрытульнічаў. Краў, што праўда, толькі ў чужых гародах. Даходзіла да таго, што пасвіў у паўночным Казахстане вярблюдаў – хочаце верце, хочаце не. Дзівам адшукаў бацькоў (бацька быў дужа патрэбны спецыяліст, і яго перакінулі “на мацярык” адным з наступных рэйсаў).Пасля былі вызвалены два невялічкія лапікі Беларусі, і “продка” майго паслалі на вызваленую тэрыторыю, некуды пад Лёзна. Браць мяне з сабою ён не хацеў, і мы разумелі чаму, па эзопаўскіх намёках у лістах: “Матылі лётаюць, ды толькі высока...”Якраз у гэты момант праязджаў праз наш горад мой дзядзька, якога перавялі з Далёкага Усходу на фронт, і ўзяў нас з сабою ў вялікі паўдзённы горад, ад якога немцы адкаціліся куды далей, чым ад Лёзна.Там у вялізным прасторным двары знайшлася кінутая хата, флігель, што ўвесь тануў у зараслях бэзу. Было цвёрда вядома, што гаспадары загінулі. I мы занялі флігель. I сталі жыць.Вялікі паўдзённы горад... Уласна, чаму менавіта так? Чаму наша літаратура поўная гарадамі Энскамі, Ліпскамі? Смешна. Мы сядзелі ў Адэсе, на беразе Энскага мора.Дык вось, гэты вялікі паўдзённы горад быў Кіеў.Не той, што зараз, багаты, людны, звонкі ад галасоў і смеху, ад шолаху фантанаў і гулу машын, а ціхі, нібы прыглушаны, нібы ледзь ачухаўся ад страшнага сну, зразумеў, што ўсё мінула, і пацягнуўся насустрач сонцу, але яшчэ не смяецца, бо не можа да канца паверыць у радасць, і толькі нясмелай, харошай усмешкай сустракае неба, і сінь Дняпра, і цвіценне белай акацыі.Рэдка-рэдка сустракаліся на вуліцах людзі: можна было прайсці вулачку і не сустрэць ніводнага прахожага. Тры разы на дзень праходзіў былым Бібікаўскім, а цяпер Шаўчэнкаўскім бульварам трамвай. Дацвітаў язмін, і перад трамваем узляталі белыя матылі.Разбурэнні віднеліся галоўным чынам на Крашчаціку і на тых частках іншых вуліц, што прылягалі да яго. Нібы вялікая рака ў страшэнным разліве панішчыла не толькі свае берагі, але і берагі ў вусцях тых рэк, што ўпадалі ў яе.Гэта было лета поўнай, нічым не закаламучанай волі. Такога не здаралася ў мяне ні дагэтуль, ні пасля і, відаць, ніколі ўжо не будзе. Гароду мы не мелі – позна прыехалі і позна было заводзіць. Дзядзька паехаў на фронт. Хатнім было не да мяне. Няма чаго было нават рыхтавацца да вучобы: Беларусь вызвалялася і восенню мы меліся ехаць туды.Заставалася толькі біць лынды, што я і пачаў рабіць з пераменным поспехам, падлетак, якому быў аддадзены на гэта лета свабоды амаль увесь пусты горад.Вулка над вулкай – можна з тратуара ступіць на дах дома, – і вузкія жалезныя сходы вядуць з верхняй на ніжнюю, а ў дворыках цвіце акацыя, надзімаецца на ветры латаная бялізна, варыцца на цаглінах убогі абед.Паўсюль сляды нядаўняга страшнага сну. Вось на доме, адзін над адным, шэсць масіўных тоўстых квадратаў шакаладнага колеру. На кожным літара, таксама масіўная, белая:“Kа-f-f-е-е”.Пазней лацінскія літары збілі, тым болей што і кавы ў горадзе днём з агнём было не знайсці. I цяпер шыльда гаварыла па-ўкраінску “Хліб”, а два шакаладныя квадраты віселі дарэмна, так сабе.Дужа хацелася хлеба. Урэшце і яго ў горадзе было не на шмат болей за каву.За горад я не дужа хадзіў. Там было яшчэ шмат мін. Амаль кожны дзень можна было чуць: “У Галасіеўскім лесе, у Бучы, у Пушчы-Вадзіцы, на Цялічцы падарваліся адзін... два... пяць... сем чалавек”.