Лісце каштанаў

– Ну, а калі яны тут пасля ачысцяць? – спытаў я.– Эге, палезуць яны на пузе, калі тут вуголле ды куродым будуць. Ручкі пашкадуюць. I потым невядома яшчэ, што з гэтага нашага пірага з начынкай будзе.Ён адрэзаў кавалачак шнура даўжынёю сантыметраў у пяць і прысмаліў. Некаторы час здавалася, што шнур не гарыць, але потым з канца вырваўся накіраваны, нібы ў паяльнай лямпе, прагны язычок полымя.– Парадак. Прыдатны.Канец шнура падсунулі да тэрміту, абклалі ўсё гэта паперай і порахам, вывелі другі канец вонкі, і Ролік запаліў запалку.– Ну, з богам.Мы адышлі ў цёмны кут паміж трыма “шанхаямі”, узлезлі на дах пуні і сталі чакаць. Спачатку нам здалося, што ўсё дарэмна, што тэрміт і папера не загарэліся, але вось з верхніх дзірак спачатку тонкімі струменьчыкамі, а пасля ўсё мацней, таўсцей паваліў белы нават у цемры дым.– Пайшло, – са здавальненнем сказаў Ролік, – зараз як пачне пластаць.“Пластаць”, сапраўды, пачало. З бліжняй дзіркі вырваўся раптам слуп полымя, і ў тую ж хвіліну глуха ляснуў стрэл. За ім другі, трэці. А потым над узгоркам з шыпеннем узляцела невысокая ракета, заліўшы фасфарычным святлом узгорак, двор, дамы, зеленаватыя твары людзей у адчыненых вокнах.– Нічога, хлопчыкі, нічога, – кідаў Ролік, – вось ім, вось.Страляніна ўсё мацнела. На гэты раз стралялі пачкамі. З аддушын раўло і клубамі несла іскры. Мы заўважылі, што ля муроў з’явіліся людзі. Падыходзіць баяліся, але стаялі і глядзелі. Толькі некалькі чалавек насмеліліся падысці бліжэй. Я заўважыў чалавека ў белай сподняй сарочцы, расхрыстанай на грудзях. Трымаючы ў руцэ сякеру, ён стаяў і непаразумела глядзеў на агонь, на іскры, на ракеты, што часцей і часцей уздымаліся над узгоркам.Непадалёк ад нас адчынілася адно акно, другое.– Што такое? – спытаў старэчы голас.– А чорт яго ведае, – адказаў бас. – Бандзюгі нейкія, пэўна. Мо не падзялілі чаго?– А ракеты?– Ну, можа, фуліганнё... Страляніна. Можа, боепрыпасы нейкія ахнулі.– Не кажыце. Развялося – хоць ты не ведаю што рабі. Чуткі ходзяць: з’явіліся нейкія “малаточкі”, цюкаюць людзей малаточкамі па галаве. У мяне суседка... Ведаеце, пажылая... То ёй трэба было сярод ночы на вакзал ісці, сустракаць кагосьці. Гляджу, надзяе на галаву алюмініевую міску і зверху хустку завязвае. “Чаго гэта вы, Двося Аронаўна?” – “А малаточкі?” Гэта яна, значыцца, накшталт шлема прыдумала. Калі і цюкнуць, то не да смерці.Яны засмяяліся.– Чорт ведае, што гэта, – сказаў бас. – Падазроная нейкая гісторыя... А ўсё ж прыгожа, га?– Прыгожа... У міліцыю заявіць трэба.Цяпер страляніна была такая, нібы на ўзгорку віраваў запеклы бой. Снапамі ўзляталі ўгору рознакаляровыя ракеты. Адна паляцела паралельна зямлі між двума кастрамі дроваў і зігзагамі, адбіваючыся па чарзе то ад аднаго кастра, то ад другога, памчала ў бок дамоў. Людзі шарахнуліся ў бакі. Пасля ў зеніт пайшла адна ніць, другая: сярод патронаў былі трасірныя. Мы ў захапленні заскакалі на нашым даху.I тут нешта глуха вухнула – абвалілася столь пячоры. Відаць, падгарэлі слупы. А можа, і сціснутыя парахавыя газы дапамаглі, не ведаю, як там атрымалася. З ямы, як з жарала вулкана, вырваўся слуп агню, узляцела ў розныя бакі яшчэ некалькі ракет, а страляніна стала ўтрапёнай.Мы саскочылі і пайшлі да людзей. Цяпер можна было ўдаць, што мы таксама выйшлі пацікавіцца. А людзі стаялі і ўсё яшчэ нічога не разумелі.– Ролік, хлопчыкі, вы? – пачулі мы шэпт.