Лісце каштанаў

– Нонка, Ліза.Прыемна ўсё ж несці цяжар гераізму і славы. Ва ўсякім разе, мы стрымана і мужна ўсміхаліся, калі Нонка трэсла нам рукі, а Ліза ўстала на дыбачкі і выцерла насавіком пляму сажы на Ролікавай шчацэ.Кроках у дваццаці ад нас стаяў Гнат, і зарыва скакала ў яго па твары. Ён заўважыў нас – аблічча ягонае тарганулася: зразумеў.Узняў з зямлі ўламак цэглы і шпурнуў яго проста ў жарало, у агонь.Вочы ў яго былі белыя ад ярасці.– Ну, трымайцеся. І плюнуў у наш бок.

VII“I прыйшоў дзень бітвы. I сеча бысць зла...”I яны, і мы добра разумелі, што пасля знішчэння штаб-пячоры ніякай размовы аб міры ці нават аб узброеным нейтралітэце не можа быць. Вайна цяпер была толькі пытаннем часу. Узаемная нянавісць была такая, што ніхто, ніводны з бакоў не адмовіўся б ад помсты. Акрамя таго, справа ішла аб сферах уплыву, і мы, вядома, лічылі, што праўда і справядлівасць на нашьш баку. Нам трэба было мець свабодны праход на яўбаз, на бульвар, на вуліцу Варашылава і плошчу Хмяльніцкага. Патрэбен быў “выхад да мора”.А ворагі былі гадамі. Яны гулялі ў расстрэл, штурхалі прыкладамі між лапатак безабаронных і слабых. I гэта яны рыхтавалі напад і ўжо загадзя пускалі слінкі, думаючы аб бочцы і крапіве.Не, яны і сапраўды, па вялікім рахунку, былі паскуднікамі і падлюгамі.Акрамя таго, гэта была проба агнём, рэпетыцыя, манеўры, якія павінны былі паказаць, ці вартыя мы чагосьці, ці здатныя мы ўтварыць сапраўдны атрад, які здолее дзейнічаць.Але, шчыра кажучы, мы такі чухалі сабе патыліцы, думаючы аб гэтым дні. Сілы былі жорстка, катастрафічна, да крайнасці няроўныя.Нас, калі ўлічваць Нонку, было сем чалавек. Тых – дванаццаць. I гэта толькі з адной Падвальнай. Мы і чакалі, і пабойваліся гэтага дня....I вось гэты дзень настаў. Мы зразумелі гэта таму, што яшчэ з раніцы на вал узлезлі два хлопцы і пачалі адтуль гарлаць нам: – Гэй вы, нізавое балота! Пачым жабяняты?!– Чакайце, дагаўкаецеся! – адказвалі мы.– Як бы вам гаўкаць не давялося.– Вы брэшаце – вы і гаўкаць будзеце.– Паб’ём Раланда з вашывай бандай.– А ў вас з вашым Гнатам нешта нечым напхата.– Выходзьце вечарам у сем, калі смеласці хопіць. Мы вас біць будзем.– Выйдзем, анягож. Толькі глядзіце, як бы мы вам рылам не наторкалі ў тое, што са страху зробіце.Нагаварылі, словам, процьму, проста-такі кучу разумных рэчаў. А нагаварыўшы, сталі думаць, як не абняславіцца.Дом, на які абапіраліся нашы тылы, той дом, у якім жыў Кульба, у плане быў падобны на літару “П”. Справа ад яго, калі стаць спінаю да ніжняй часткі гэтага “П”, быў глухі мур шматпавярховага дома. Злева – брукаваны з’езд з вуліцы непасрэдна ў двор, а за ім – фасад яшчэ аднаго, пяціпавярховага дома. Злева і справа, такім чынам, нам не было чаго баяцца нападу. На жаль, і тут былі свае слабыя месцы. Адно – брама, што вяла на з’езд. Другое – пад’езд у П-падобным до-ме. Ён вёў на другі, мікраскапічны дворык, з якога, зноў жа праз пад’езд, суседні з першым, таксама можна было выйсці на вуліцу. З першым пад’ездам было прасцей. Мы зачынілі чыгунную вітую браму, ведаючы, што ўсе ўспрымуць гэта як належнае: цюкнула ў галаву ўпраўдому, і ўсё.Справу з другім пад’ездам уладкаваў Навум Фінеес, гэткая хітрая зараза. I ўладкаваў выпадкова: убачыў ля “Перукарні” грузавік і шафёра, які, відаць, рыхтаваўся крыху перапачыць, скручваў ватоўку ў валік.– I што вы, дзядзька, так і збіраецеся спаць тут?