Лісце каштанаў

Маўчанне ў адказ. Мы проста не спешна падымаліся на касагор. Тыя таксама чакалі. I праз хвіліну мы зразумелі, чаго. Загрукаталі за нашымі спінамі, у пад’ездзе, скрынкі, і тут жа раздаўся львіны рык разбуджанага шафёра:– А?! Гэта вы чаго тут, мазурыкі? Вось я вам. Ах, злодзеі! Ну, чакайце! Вушы зараз вам абарву, – і адразу за лаянкай гук матора: шафёр даваў задні ход, каб мець змогу вылезці і абарваць вушы.Я ўсміхнуўся, уявіўшы, як яны драпанулі. Нічога, болей не палезуць. Не захочуць звязвацца з дарослым. Шафёр прыкрыў наш тыл. А пакуль яны аббягуць вялізны, на ўсю вулачку, квартал, каб прыяднацца да гэтых,– шмат што можа адбыцца.Гэта, відаць, зразумелі і тыя. Зразумелі, што чакаць цяпер няма чаго. I з дзікім згэлкам і лямантам павалілі на нас.Праз пару імгненняў два ланцугі перайшлі ўрукапашную. Шчыра кажучы, у некалькі гзтых хвілін нам давялося кепска. Яны, праўда, ужо не кідалі камянёў, баючыся трапіць у сваіх, але кулакамі і кіямі дзейнічалі як маглі. I шмат іх было, вельмі шмат, як на нас. Занадта.Усё круцілася ў вачах. Як у тумане, як на гіганцкай каруселі, мільгалі твары, ногі, кулакі. Вішчала, кусалася і брыкала нагамі Нонка, якую два ворагі цягнулі ў палон, але не маглі адцягнуць і на пяць крокаў ад месца бойкі. Раланд схапіўся з Гнатам і двума ягонымі целаахоўнікамі. Тыя саплі, хрыпелі і лаяліся, імкнучыся дарвацца. А гэты маўчаў, бярог дыханне і толькі з’едліва ўсміхаўся праз распухлыя вусны.Мы пачалі задкаваць, а пасля пабеглі з узгорка. З дзікім крыкам, цюгаканнем, лямантам і згэлкам павалілі за намі праследавацелі. З першабытным рыкам ляцела за намі лава, ламілася праз густы бур’ян. А мы беглі і там, дзе трэба, скакалі. I я ўбачыў, як Жэнька ўпаў, а Гнат, прабягаючы, пхнуў яго наском чаравіка ў рэбры, а Кульба адкаціўся.I мы таксама адкаціліся. Да самай падэшвы ўзгорка. А пасля павярнуліся. Дзіўнае рабілася вышэй па схіле. Хто ляжаў, хто торгаўся, хто спрабаваў паўзці ўгору, а нешта трымала яго.Дурні! Кінуліся гнаць, ляцелі, як на злом галавы, дарваліся, лічылі, што авалодалі становішчам, бязмозглыя. I ніхто нават не падумаў, што мы завабілі іх, як неразумных шчанюкоў, што мы яшчэ папярэдняй ноччу прыцягнулі з Батанічнага саду (там такой раскошы была куча, сапраўды куча, якую сабралі адусюль і не паспелі вывезці) некалькі доўгіх кавалкаў супрацьпяхотнай спіралі з калючага дроту, пасеклі яе на камянях, каб не была такой высокай, і замаскавалі ў бур’яне, і скакалі над ёю. А паклалі мы яе не роўнымі палосамі, а нібы хвалямі, і вось яны, ворагі, торгаліся ў дроце, як мухі ў павуцінні.– Назад, хлопцы! – крыкнуў Дзмітрэнка.Я таргануў за шнурок і кінуў выбухпакет проста пад ногі аднаму “заблытанаму”. Успышка агню, і досыць гучны ўдар. Вораг таргануўся, упаў і закрыў галаву рукамі. А пасля па ўсім схіле забухала і зараўло, і пачалі ўсплёсквацца ўспышкі агню.Тыя, хто не заблытаўся, пабеглі, канчаткова дэмаралізаваныя тым, што адбывалася вакол. Але тут пагналіся ўжо за імі мы. Досыць з нас было смешачак, досыць іхняй подлай жорсткасці. Віно, як кажуць, стукнула нам у галаву. Мы даганялі, і валілі, і таўклі; звераняты, выгадаваныя суслам вайны.Зараз мне сорамна ўспомніць пра гэта. I адначасова нічым я так не ганаруся. Знявечаныя, без пары дарослыя, мы ўсё ж не білі ляжачага ботам у бок і не гулялі ў расстрэл. Так, мы не гулялі ў расстрэл.Я ўбачыў, як Жэнька, дагэтуль зусім непрыкметны ў пустазеллі, устаў насустрач тым, хто ўцякаў, і кінуў успышку агню і пярун пад ногі таму, хто бег першы. Гнат кульнуўся і ўпаў. Іншыя замітусіліся. Я кінуўся на ляжачага, насеў на яго і, грэшны, у першы і апошні раз сунуў некалькі разоў яму ў грудзі.