Лісце каштанаў

Дык вось, мы як быццам адурэлі, страцілі галовы, ачумелі з гэтай “дружбай”. Быццам толькі зараз заўважылі, што дзяўчаты – ну, хаця б тая ж Нонка – гэта зусім не тое і што даць ёй дыхту зусім не так лёгка, як, скажам, Карлу ці мне.Гэта было цалкам не тое, што потым. Пасля мы, хто дажыў, шмат чаго разумелі, а тады гэта было так, як быццам перад чалавекам, які дагэтуль бачыў толькі ноч, заднела, засвяцілася зусім яшчэ невядомая яму, незразумелая, але ад гэтага яшчэ больш прывабная заранка.Божа мой, якія мы былі маладыя, якія да святасці дурныя і якія бязглузда, па-боску чыстыя!Годам пазней, напярэдадні той злашчаснай сутычкі з бандай Боўбута (памятаеце, я расказваў вам пра хлопца і яго вавёрку) я, лежачы без сну ў палатцы, выпадкова падслухаў ціхую начную размову двух хлопцаў з майго аддзялення. Мужных хлопцаў, добрых ваякаў, на рахунку якіх ужо было па некалькі заўзятых бандзюг.– Дык ты што, так Агнешку кахаеш?– Ага. Дужа. Толькі ўсё гэта дзіўна неяк.– А як дзіўна? Ну вось, што ты, напрыклад, адчуваеш, калі бачыш яе ці на мосце з ёй сядзіш?У нас існаваў дзіўны звычай. Калі нам хацелася пагаварыць з дзяўчынай з вока на вока, мы ішлі гуляць па маршруце, канчатковай кропкай якога быў мост. Там дзяўчына сядала на парэнчы, а хлопец, абхапіўшы і нібы трымаючы яе, вёў размовы пра што хочаш, абы не пра тое, дзеля чаго яны выбраліся на гэтую прагулянку. Гаварылі, злёгку пагойдваючыся, а ўнізе шумела, бегла вада, і ўрэшце пачынала здавацца, што пагойдваецца ўвесь мост, увесь сусвет, разам з зорамі, што ты сам плывеш некуды, бязмежна заспакоены і бессаромна шчаслівы.– Разумееш, мне яе заўсёды шкада. Хаця б як ёй добра ні было, а мне ўсё здаецца, што нехта яе крыўдзіць. I мне хочацца яе абараніць, супакоіць, суцешыць. Ты толькі не смейся, мне часам нават легчы з ёй хочацца, прыціснуць да сябе, шчыльна-шчыльна. I па галаве гладзіць. Каб ніколі не плакала. Толькі...– Што?– Толькі, разумееш, адно мяне бянтэжыць і нібы хвалюе, і сорамна мне і няёмка. Перашкаджае мне, калі яе грудзі між ёй і мною. Няёмка, разумееш. Лепей бы не трэба гэтага. Ну, як гэта на самай справе?– Та-ак, браце, гэта і сапраўды ўжо неяк ні да чаго.Назаўтра абодва загінулі. I я, між іншым, дагэтуль больш за ўсё не магу дараваць усяму, што свядома сее варожасць, усёй хлусні і подласці свету, – той ціхай начной размовы.Але пра гэта я, магчыма, раскажу яшчэ неяк пасля.Прыблізна такое ж адбывалася з намі і тады. I калі дагэтуль мы былі занятыя “вайной”, то цяпер, з такой самай нястрыманасцю, як на скрут галавы, заняліся “каханнем”.Грэх і сорам прызнацца, але паклаў пачатак гэтаму вельмі пахвальнаму занятку я. Стаў, так бы мовіць, “дзядулем ніжнядворскай закаханасці”.Здарылася так, што мы з Нонкай выпадкова сустрэліся недзе ў раёне “Арсенала”. Яна ішла ад сваякоў, я проста брындаў па горадзе і цяпер збіраўся ісці дадому. Агульная наша дарога была доўгая, і я раптам да сардэчнага замірання ўзрадаваўся гэтаму, узяў у Нонкі яе лёгенькі, вельмі пацёрты і нават сям-там дзіравы пляцак, закінуў яго на плечы, і мы пайшлі, зрэдку беручы адзін аднаго за рукі.Яна ўзрадавалася спадарожніку, я гатовы быў паклясціся ў гэтым. I я не думаў, што для гэтай радасці могуць быць і іншыя прычыны. Скажам, тое, што не так страшна будзе ісці адной па начным пустым горадзе або што дарога пад размову пройдзе весялей і хутчэй. Я не хацеў думаць пра гэта.