Лісце каштанаў

Таму што я раптам зразумеў, што кахаю гэтае дзяўчо. Подаўна ўжо і вельмі моцна кахаю. Кахаю гэтыя цыганскія вясёлыя і дзёрзкія вочы, кахаю тонкія моцныя рукі, цяжкія валасы, вечна падрапаныя каленкі. I – хаця я яшчэ нічога такога толкам не разумеў – кахаю ўсю яе пад гэтай чырвонай у чорныя гарохі, ужо трохі вылінялай, паркалёвай сукенкай.Кахаю яе, калі яна смяецца, калі яна гаворыць, калі задуменна маўчыць.I кахаў заўсёды. Кахаў, калі яна, прытанцоўваючы, спявала нахабныя куплеты пра нас. I калі ўцякала, як лань, робячы вялізныя скачкі. I калі скакала з быкоў моста, бліскуча-шакаладная пад час лёту ў паветры, серабрыста-блакітная, як рыбка, пад вадой. Кахаў тады, калі яна, пад час бойкі, верашчала, і лупіла, і брыкалася гэтымі доўгімі нагамі. Заўсёды. На горад спускалася сутонне. Апошнія залацістыя адбіткі клаліся на муры дамоў. Вокны таямніча міргалі насустрач захаду: нібы тлелі, згасалі і зноў тлелі ў гусцеючым прысмерку тысячы жаўтавата-зялёных кашэчых зрэнак. З паркаў па правым баку пачало павяваць вільготнай прахалодай. Танюткі галасок нейкай птушкі далятаў адтуль, нібы настойліва і журботна скардзіўся на нешта.– Ціў-ціў-ціў-ці-і-іуў.Я даткнуўся да яе рукі і адчуў, што яна пайшла гусінай скурай, адчуў нават, што валосікі ля лакцявых сугібаў натапырыліся ад холаду. I страшэннае шкадаванне ахапіла мяне (як я потым разумеў таго хлопца ў палатцы!). Я зняў з сябе футболку.– Чакай.Калі яна ўзняла рукі, нібы здаючыся, а я пачаў надзяваць на яе маю выгаралую, мабыць, здорава прапыленую транціну, калі я міжволі кранаўся яе рук і, прасоўваючы галаву, правёў рукамі па чорна-бурых цяжкіх валасах, па плячах, па спіне – пачуццё найглыбейшага замілавання і шчасця ахапіла мяне з такою сілай, што я ледзь не заплакаў. Рукі ў мяне дрыжалі, глотка перасохла. Каб мне ў той момант сказалі: “памры за яе” – я памёр бы, не думаючы аніводнага імгнення, і не лічыў бы гэта ахвярай, а лічыў бы, наадварот, найвялікшым на свеце шчасцем. Бо я нічога не баяўся.I адначасова баяўся. Страшэнна, несамавіта баяўся. Баяўся гэтай дзяўчынкі, баяўся поўнай сваёй нявопытнасці перад лікам чагосьці амаль цалкам мне невядомага, таго, што я толькі прадчуваў нейкімі глыбінямі душы, аб чым толькі цьмяна здагадваўся нечым такім, што ляжала нават глыбей падсвядомасці. Баяўся гэтага раптоўнага пачуцця, ад якога я паміраў на кожным кроку, і свайго няведання, што з ім рабіць, і неабходнасці рашыцца, скочыць у невядомае, як з разбуранага моста ў Дняпроўскую плынь.Я ведаў, што не здолею сказаць пра гэта, і ведаў, што мне абавязкова, конча трэба гэта сказаць. Іначай трэба памерці.I я баяўся.I з таго часу я ніколі не ўсміхаюся, калі ўбачу каханне шаснаццацігадовых. Можа, нехта і не перажыў такога, але я перажыў, я ведаю, якое яно...Верце мне, яно бывае стократ больш моцнае, і заўсёды куды больш безнадзейнае, і горкае, чым у нас. Верце мне, дарослыя людзі.Я баяўся, і я адчуваў неабходнасць і наканаванасць так моцна, што ведаў, я скажу і памру. Абавязкова. Толькі яшчэ не зараз. Толькі пачакаю крыху. Скажу вось ля гэтага слупа. Не, ля гэтага. Не, як толькі дойдзем унь да таго.Сцямнела. Запаліліся ліхтары. Светамаскіроўка ў Кіеве была даўно адменена, немцам было не да налётаў. Але ўсё адно рэдкія, вельмі рэдкія і слабыя лямпачкі над праезджай часткай вуліцы былі схаваны ў самай глыбіні дужа вузкіх і доўгіх бляшаных варонак і кідалі на брук толькі цьмяныя жаўтаватыя кругі.