Лісце каштанаў

Я гаварыў гэта глуха, бо нехта моцна і балюча сціскаў мне глотку – аж шчымела – і душыў. Я гаварыў гэта амаль шэптам і разумеў толькі адно. Спазніўся. Позна.– Я не магу, Васілько. Так не магу. Толькі ты не пабівайся, толькі ты не мучайся, любенькі.I гэта была задзірыстая калючая Нонка? Не, гэта была дзяўчына ва ўсёй мяккасці і бязмернай ласкавасці першай сапраўднай сваёй вясны, чыстая, цёплая, добрая, з голасам, поўным музыкі, пакоры і шкадавання. Уся нібы са святла.– Нехта яшчэ? – спытаў. – Што, Раланд? Карл?Яна была добрая дзяўчына, ёй было, відавочна, шкада мяне, яна належала да таго самага гатунку людзей, што і я. Людзей, якім не так моцна баліць, калі іх адштурхнуць, і якім куды больш нясцерпная пакута – адштурхнуць руку, працягнутую да цябе ў маленні аб тваёй любві.Мне гэта заўсёды кранала сэрца. Лепей ужо няхай заб’юць маё каханне, чым самому забіць чужое. Відаць, вось гэтак пакутавала і яна, але нічога, зусім нічога не магла з сабою зрабіць.– Ах, божа мой! – Праз падслуханыя, дарослыя інтанацыі прабіваўся сапраўдны боль.– Ды хіба я ведаю? Хіба я нешта ведаю?Мы падышлі да дома. Ля свайго пад’езда яна здзівіла мяне. Стала на дыбачкі, абхапіла далонямі маю галаву, нахіліла яе і тройчы пацалавала мяне ў вусны. Няўмела, горача, з раскаяннем.– Васілько, любы. Ты толькі не пакутуй. Не варта. Я знаю, я дрэнная, нядобрая. Але я шкадую цябе, у мяне сэрца разрываецца... Даруй мне... Даруй мне, калі ласка.I кінулася ў пад’езд. А я стаяў, увесь разбіты, нібы разгрузіў два вагоны бульбы. Сэрца маё скавытала, як забыты ў зімнім начным пад’ездзе шчанюк. Сэрца маё плакала.Я адчуваў, што ёй, мабыць, падабаюцца абодва. Я ведаў, што яна адмовіла мне, але што ёй зараз вельмі-вельмі кепска, што яна мучыцца ўсім гэтым. Але ад таго мне не было лягчэй.Шчыра кажучы, рэдка мне пасля бывала так паскудна.Так гэта ўсё і пачалося. I ледзь не скончылася развалам нашага сяброўства, развалам кампаніі і крахам нашага плана.А можа, і лепей было б, каб гэты план пацярпеў крах?Хілілася да восені. Ужо моцна хілілася. Жаўцелі каштаны. Халодна сінела вада ў Дняпры. Першае лісце злятала ў густа-сінія лужыны на асфальце, і галубы з вераб’ямі пілі з гэтых лужын блакіт. Начамі – ужо разы два – кветнікі, у якіх дагаралі настурцыі, бывалі нібы прысыпаныя бязважкай саляной пудрай, але ўзыходзіла сонца, пудра таяла, клумбы былі ўжо проста мокрыя, потым высыхалі. I цэлы дзень песціліся ў гарачым дзённым святле бэзавыя з жоўтай плешынкай астры і раскошныя вяргіні.У адзін з такіх дзён я палез на гару флігеля, адвязаў ад бэлек дзве торбы, вылез з імі на дах і высыпаў на гарачае жалеза сухары і сушаную шаўковіцу. Іх трэба было праветрыць і падсушыць.I раптам пачуў унізе галасы.– Вы яшчэ пабіцеся, – сказала Нонка. – Ну што за глупствы. Дарослыя бэйбасы, а, скажы ты, як ашалелі. Ну што я вам скажу? Каго з вас мне загадаеце пакрыўдзіць, з іншымі пасварыць? Каго?– А ты не ўнікай адказу, то ўсё будзе ў парадку, – сказаў Ролік. – Табе што, прыемна нас абодвух за нос вадзіць? Абодвух пры сабе трымаць?– Ну-у. Ну-у. Не думала я.– А што ты ўвогуле думала? – спытаў Карл.– Я думала, што кіяўляне ўсе чыста разумныя.– Канчай, – сказаў Раланд. – Не даводзь ты нас, не выводзь з сябе. Зберажы сяброўства, не сей сваркі. Скажы, хто з нас табе лепшы друг, – і справа з канцом. Не круці! Не гуляй намі! Скажы!– I не падумаю. I дурных размоў падтрымліваць не буду. I ты, Карл, харошы, добры хлопец. I ты мілы і смелы. I няма тут чаго.