Лісце каштанаў

Я падпоўз на край даху. Яны аддаляліся, і спрэчка, відаць, набірала сілы, бо галасы падымаліся ў тоне, а жэсты рабіліся ўсё больш рэзкія і размашыстыя. Пасля да мяне даляцелі словы Карла:– Праўду кажуць, што ўкраінец пасля абеду – дурань.– Угм, – сказаў Ролік, – гэта святая праўда. I ўся розніца паміж украінцам і немцам у тым, што ўкраінец дурань толькі пасля абеду.Яны пачалі здымаць курткі. Пасля паглядзелі адзін на аднаго, амаль аднолькавым жэстам махнулі рукой і пайшлі ў розныя бакі.– Ролік! Карл! – пачуў я адчайдушны голас. :У адказ маўчанне.Я паціснуў плячамі і плюнуў. Ідыёты паршывыя! З-за дзяўча перасабачыцца. “Верная, скупая мужчынская дружба”. Таксама мне яшчэ, Рамэа з Хацэпетаўкі, Ленскія з Канатопа. Цьфу!Пахі восені, гарачая бляха, па брандмаўэры гуляе кот. Кацяры клятыя, каб іх да нагі выкаціла. Не ўжо, як звяжашся з бабай, то дабра не чакай. Нездарма іх у Сеч не пускалі. Бо каб пусцілі, то запарожцаў самы зацюканы татарын голымі рукамі ўзяў бы.Пад нечымі крокамі заракатала бляха. Я ўзняў галаву. Ролік ішоў да мяне, і выраз на ягоным твары быў збянтэжаны і засаромлены. Не хацеў глядзець мне ў вочы.– Так я і думаў, што ты тут, – хрыпата сказаў ён. – Бачыў? Чуў?– Бачыў. Чуў. Дурынды.– А чаго яна намі гуляе? I аднаго трымае, і другога. Чаму не скажа.– Абалдуі. Якога д’ябла ёй казаць? Ёй з абодвума весялей. I мордамі вас сутыкнуць можна, пенцюхоў, і ў дурні пашыць, і ў фофаны паставіць...– I Васямі зрабіць, – з’едліва сказаў Ролік.– А чаго Васямі. Я сам – Вася. Але хаця я й Вася, а ўсё не такі дурны, як вашых бацькоў дзеці. Ролік збянтэжана ўсміхнуўся:– Я і сам не ведаю, чаго мяне тузанула. Глупства ўсё. I дзеўкі – лухта. I размовы з імі – крэцінства. I сяброўства гэта – дурасць... Вось... Абазваў яго нямецкім фрыцам.– Што ж, вельмі дасціпна. А ён цябе?– А ён мяне тумаком, і мякіннай галавою, і чумацкай дурындай.Мне заставался толькі плячыма паціснуць.– М-так-к, пагаварылі. Абодва вы фофаны і фалалеі, медныя лбы і петыя дурні, вось што. Як жа вы так уцякаць сабраліся? Пры гэткай моцнай дружбе?– Цяпер аб уцёках і мовы быць не можа.– То, можа, і лепей.I тут Ролік ускочыў. Ноздры ў яго дрыжалі. З чароўнай паслядоўнасцю сказаў:– Ты што? – Схапіў мяне загрудкі і патрос.– Нашто ж тады мы?.. Нашто ж тады мы жылі?! Фрыц гэты хаця страляў, а мы? Што ж мы, горшыя за яго? Там жа ўсё скора кончыцца, нудзяры гэтыя, дарослыя, усе ўчынкі смелыя разбяруць і нам нічога не пакінуць. Ды яшчэ пасля за кожную шыбу, якую мы мячом высадзім, за кожны “кол” папікаць будуць: “мы за вас кроў мяхамі пралівалі, а вы?.. Вы што тады рабілі? Ага, у кубікі, у класы гулялі. Ясна. То вось спачатку пастраляйце з нашае, а тады і атрымлівайце права на “калы”, тады і лезьце са сваім мячом у чужыя шыбы. Др-раць вас трэба”. Вось чьм яны ў вочы нам тыцкаць будуць. Па пра-аву! Цьху!Ён на хвіліну змоўкнуў, але потым зноў завёўся. З паўабароту.– А помсціць? Помсціць хто будзе? За сябе яны расплацяцца! А за нас расплаціцца хто? За тваіх братоў? За майго? За соль на ранах? За тое, што Кіеў недаядае і ўвесь унь які? За твае мясціны? За тое, што яны нам лепшыя гады знявечылі, нас знявечылі?!Ролік цяжка соп. Потым неяк каламутна абвёў вачамі двор, як быццам бачыў праз муры і брандмаўэры мёртвае царства недалёкіх руін:– Раз ужо так здарылася... Тады давай уцякаць удвух.– Давай, – сказаў я.– I каб такога не паўтарылася ніколі – давай клятву адзін аднаму дамо.