Лісце каштанаў

Хапала і горада. Я адчуваў сябе шчаслівым. I толькі зрэдку – хаця я і не асабліва пакутаваў гэтым – рабілася сумна, што няма ў мяне таварыства. Але равеснікаў не было. Падлеткаў увогуле было дужа, дужа мала ў толькі што вызваленым горадзе.Наш двор быў вялізны – цяпер на яго месцы два шматпавярховыя будынкі з садкамі вакол іх, – досыць шчыльна абкружаны чатырох- пяці- і двухпавярховымі дамамі, каменнымі і драўлянымі флігелямі. Але гэта толькі здавалася, што вакол – муры. Садкамі, памыйкамі, сям-там цераз платы можна было выйсці на кожную з навакольных вуліц.Адна палова двара – уздоўж – была значна вышэйшая за другую. Узгорак, што яднаў адну з другой – то стромы, то спадзісты, – зарос дзікай вішняй, рэдкай абламанай акацыяй, нейкімі іншымі хмызамі, і травамі, і паслёнам, які на Паволжы і ў Арэнбургу, з якога я прыехаў, вельмі недасціпна называюць бзнікай.I вось, калі аднойчы я ішоў пад адхонам, аднекуль зверху, з-за стромы, вылецела страла і, слабая пры канцы лёту, упала ў пыл ля маіх ног. Я падняў яе. Страла была хоць куды: пярэстая, крыж-накрыж апераная, перацягнутая ў гэтым месцы жылкай... Амаль адразу наверсе зашапацеў бур’ян.– Гэй, аддай стралу.Я ўзняў галаву. Над урвішчам на кукішках сядзелі тры – аж цэлых тры! – хлопцы майго ўзросту. Гаварыў адзін, моцны, досыць высокі, з правільна круглай галавой. Усмешка ў яго была – дзіва якая белазубая і прыгожая, вочы – пераспелыя чорныя вішні. Калі яны мокрыя, у іх іскрачкамі адбіваюцца то акно, то лямпа, то проста прамень.– На, – кінуў я яму стралу. – Толькі ж вочы трэба мець, хлопцы. Куды пуляеце?Другі, танклявы і цыбаты, дужа ладны тонкім інтэлігентным абліччам, з сінімі доўгімі вачамі і тонкім, са згорбінкай, носам, сказаў круглагаловаму:– Я ж казаў, Ролік, каб глядзелі. А раптам даросламу ў галаву? Міліцыянеру?Трэці, цельпукаваты і каржакаваты, з тых, каго нават у дзяцінстве завуць “мужыкамі”, “дзядзькамі” і “старымі” – ён-та і трымаў у руках доўгі, з яго велічынею, лук, – паглядзеў на мяне невялікімі дрымучымі вочкамі. Сказаў басам:– Міліцыянеру? – і паціснуў плячамі. – У галаву?– Калі, скажам, дзіцёнку, – сказаў я, – дык, значыць, можна ў галаву, галовы яловыя?– Ну, занадта разумны, – прабасіў “мужычок”. – Лезь сюды.Я палез на строму, з каранямі выдзіраючы бур’ян.Калі ўрэшце, увесь абсыпаны пылам і калючкамі, я ўскараскаўся наверх, сеў і, зняўшы тапачкі, пачаў высыпаць з іх зямлю, круглагаловы Ролік спытаў:– Адкуль такі? Нешта мы цябе не бачылі.– Не з Чкалава? Не з яўбаза? – спытаў гожы,– Што такое?– Яўбаз. Яўрэйскі базар... Ясна, не адтуль, – сказаў “мужычок”.– Не з Падвальнай? – пытаў Круглая Галава. – Не з Фундуклееўскай?Я гэтыя конікі ведаў, але што зробіш:– Што такое Фундуклееўская?– Ну, цяпер вуліца Леніна.Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называць вуліцы іхнімі старымі назвамі, каб зведаць, карэнны ты, вышэйшай ты пароды чалавек або так, збоку прыпёку – з дзесятага ветру. Сам колькі разоў так рабіў.А яны, відаць, хацелі выпытаць яшчэ, ці не з другога я канца горада, ці быў тут, калі...– Не з Банкаўскай? А што, на Адольфгітлерштрассе таблічкі паўсюль ужо збілі?– Кіньце, хлопцы, – сказаў Ролік, – ясна, нетутэйшы. Адкуль?– Я з гэтага двара.Хлопцы пераглянуліся. Гэта ўжо была як бы іншая справа. Я нібыта рабіўся прыналежным да іхняга двара, сваім, дваровым.– А-а, новенькі, – сказаў “інтэлігент”. Гэта не таго палкоўніка, які тыдзень таму назад прыехаў?