Лісце каштанаў

Клятву, якую мы далі на знак таго, што ніхто ніколі нас не разлучыць, Раланд, відавочна, прыдумаў сам. Я зараз не памятаю яе слова ў слова, але ў ёй гаварылася аб тым, што нас не развядзе нішто: ні бой, ні турма, ні чума, ні смерць, ні дзяўчаты. А калі нехта з нас забудзе, што мы больш чым браты – той няхай стане вядомы як здраднік аж да таго часу, пакуль людзі ёсць на зямлі.Смешныя напаўдзіцячыя словы з тых старых, з яцем, кніжак, дзе пад малюнкамі стаяць подпісы, накшталт: «I ён убачыў, што разбойнікі ўвайшлі ў алтар закінутай царквы”. Нам, аднак, яны не здаваліся смешнымі. Проста таму, што мы гаварылі іх са шчырай верай....Мы ляглі на спіны. Плылі над намі ў сінім сляпучым небе снежныя аблокі, тоўстыя, поўныя, як налітыя малаком. Вось-вось лопнуць. I праз некалькі хвілін нам здалося, што мы плывём недзе пад імі, паміж небам і зямлёй, якраз там, дзе лунаў на нерухомых крылах шуляк.– Вось мы іх дапаможам узгрэць, аддубасім, каб яны і праўнукам забаранілі, а пасля вернемся. Сумленне ў нас тады ўжо да самага канца будзе спакойнае. I мы гэты спакой страшэнна будзем берагчы. Аніразу ў жыцці не збрэшам.– I другім не дамо, – сказаў я.– А ўжэ ж. Несправядлівасці ніводнай не пацерпім. Каб гэта каму было цяжка, каб нехта заплакаў ці, крый божа, з моста галавой кінуўся – гэта ані. Толькі, як мы, па сваёй ахвоце. Друз гэты расцягнем. Гарадоў такіх набудуем – усе дзівіцца будуць.– I ў кожнага чалавека тысячы кніг.– Ага. А каб у каго ў жываце бурчала – не. Усе будуць сытыя, добра апранутыя. У кожнага свой пакой, каб іншыя да яго не лезлі, як не захоча. Хочаш – чытай, хочаш – сталярнічай ці караблі выразай. I ніякі задавака, ніякі нудзяр да цябе не палезе з вышыні загадваць: “рабі тое, не рабі гэтага”. I на кожным кроку – хочаш – сасіскі з хлебам, хочаш – каўбаса. А мы ідзём і толькі: “Сёння мне гэтага не хочацца, давай лепей вады возьмем, з сіропам, і піражкоў з павідлам”. I кіно паўсюль добрае ідзе, цікавае, кепскага проста не робяць, як зараз.– Ну. I людзі ўсе прыгожыя, моцныя. Бо няма чаго ім баяцца. Ні табе аблаў, ні стрэлаў, ні мін, ні свалоты. Ніводнай сволачы на свеце – гэта ж здорава, Ролік, га?– Так здорава, што аж не верыцца, – Ролік часам злоўжываў іроніяй, як многія ўкраінцы. – Але ж будзе. Нашто ж тады столькі крывішчы пралілося?.. I як цудоўна мы зажывём! Дзяўчаты якія з намі дружыць будуць!Схаваў сплеценыя пальцы рук між каленяў.– Як добра мы будзем жыць! I жыццё будзе якое цудоўнае! Якое жыццё!

IXЗ часу той размовы на даху мы не звярталі ніякай увагі на Нонку. Помсцілі пагардай. Ведаю, што гэта было непрыгожа пасля агульнага абажання, было нават проста жорстка, але што нам заставалася рабіць? Сама вінаватая. Не вадзі людзей за нос.Затое высунулася на першы план наша “бедная Ліза”. Наша ранейшая папялушка. Невялікага расточку – відаць, ад сістэматычнага трохгадовага недаядання, – страшэнна худзенькая. Няма на што глядзець, верабей, дый толькі. Але кожнаму, хто глядзеў на яе мяккія, крыху павольныя рухі, на зусім неўласцівую падлеткам грацыю хады, на залацістыя валасы і глыбокія, дабрэнныя сінія вочы – кожнаму рабілася неяк лягчэй на сэрцы, што вось ёсць жа на свеце гэткія рахманасць і добрасардэчнасць.Спагадлівая яна была да святасці, наіўная і легкаверная да таго, што не карысталіся гэтым дурні ды сумленныя. I яна нібы зусім не звяртала ўвагі, калі даводзілася кепска ёй, але не магла без глыбокай крыўды, агіды, часам нават гневу глядзець на тое, як мучаць несправядлівасцю ці жорсткасцю іншых. Усё адно, хто б гэты іншы ні быў: чалавек або верабей...