Лісце каштанаў

– Падзвіжніца расце, – сказала аднойчы пра яе мая цётка, – на ўсё жыццё выйгрыш для нейкага шчаслівага чалавека. Ды толькі няшчасны лёс у яе будзе. Ужо зараз яго рыхтуе. Вам жа зусім іншыя патрэбны. Каб пасадзіць на прыпечак і ў спіну цалаваць.Аднойчы мы ўбачылі, як вялікі падлетак трымае на вяровачцы звязанага за заднія лапы крата. Ён нібы “адпускаў” звярка – і той за лічаныя імгненні зарываўся ў зямлю, – а пасля выцягваў яго за вяровачку.– Куд-ды, эсэсаўская твая морда! Хоць у зямлю зарыйся – і адтуль дастанем.I зноў адпускаў і выцягваў. I зноў.Я глянуў на Лізку і ўбачыў, што ў яе гаротна дрыжаць бровы. Дагэтуль я, хаця мне й было брыдка, не збіраўся ўмешвацца. Падумаеш, крот?! Тут людзей колькі пабілі-паразвешвалі. Але ў такія хвіліны нельга было глядзець на малое дзяўчо без пачуцця самага вострага жалю.– Кінь крата. – А табе якая сабачая справа? – Хлопец быў вялікі і дужы, але ён нічога не ведаў пра мой вопыт, здабыты ў партызанстве і беспрытульніцтве. – Ты валі адсюль, рыжы, пакуль порткі...Я быў бялявы з залацінкай, а зусім не рыжы і таму развярнуўся і ўрэзаў яму так, што ён знік, толькі пяты стырчалі з-за бервяна.Лізка паспела перахапіць шпагат і ўзяла звярка ў руку, пачала вызваляць яму заднія лапкі. А я ж ведаў, як яна панічна баіцца ўсіх цёмных, незразумелых істот: тараканаў, кажаноў, мядзведак, тых жа кратоў.Яна дрыжала ад агіды і ўсё ж разблытвала:– Бо ён жа не здолее развязаць і здохне там. Пад зямлёй.Урэшце, яна пусціла чорны камячок, і той, паляжаўшы хвіліну і, урэшце, паверыўшы, бліскавічна закапаўся ў зямлю.– Ну што, – сказаў я хлопцу, – досыць ці яшчэ хочаш?– Кінь яго, – раптам сказала Лізка, – дурань ён проста. Ну вось бачыш, не пусціў ты яго, калі па-чалавечы прасілі, – ну і спаймаў па пысе. Няхораша ты рабіў таму што. Сам як фашыст. Яны ў Палессі ўсю сям’ю маёй цёткі дротам тоўстым прывязалі да прызбы, а хату падпалілі. За партызанаў. А дроту дзесяць метраў. I хата ўсё мацней гарыць... Гэх ты, свіння...Хлопец нічога не сказаў, нават не варухнуўся, калі мы пайшлі прэч. Глядзеў у зямлю....I вось цяпер мы ўсе хадзілі з Лізкай, нібы наперабой выкупляючы нашу ранейшую няўважлівасць. I весялілі яе, і жартавалі, і здатныя былі каму хочаш выбіць за яе зубы. Аб іншых метадах заляцання да дзяўчат мы мелі паняцце самае павярхоўнае.Я, шчыра кажучы, здзіўляўся, чаму ніхто не закахаецца ў яе. Я асабіста абавязкова закахаўся б, калі б не Нонка.I малая наша цвіла. Нібы з шэрай кукалкі вылез і пачаў пакрысе распраўляць змятыя яшчэ крылы вясёлкавы матыль. Яна пачала нават смяяцца, неяк яшчэ няўпэўнена, і шчокі яе пры гэтым злёгку ружавелі, і мы ўбачылі, якія ў яе прыгожыя белыя зубкі. Толькі ўсмешка яе, збольшага, усё яшчэ была вінаватая. Ёй было дужа мала трэба. У адказ на такую звычайную штодзённую рэч, як добрыя адносіны, яна плаціла такой сабачай адданасцю ўсім, што нам было няёмка. I асабліва не сыходзіла з яе языка імя Раланда:– Ролік сказаў... Ролік зрабіў... А Ролік думае пра гэта так.Нам добра было хадзіць з ёю, сядзець на камянях і боўтаць нагамі ў Дняпровай вадзе, лавіць рыбу і, загарнуўшы яе ў некалькі слаёў газеты, пячы, закапаўшы ў жар. Верхнія слаі газеты згаралі, а да ніжніх не даходзіла ні паветра, ні агонь. I мы раскручвалі празрыстую ад тлушчу паперу і елі рыбу гарачай, густа яе пасаліўшы. Падпечаную, чырвоную, храбусткую. I, вядома, лепшыя кавалкі аддавалі Лізцы. Мы ўсе былі худыя і жылаватыя, як харты, хоць ты хрыбет праз жывот абмацвай, але яна была худзейшая за ўсіх, ды яшчэ і слабенькая. Ёй трэба было куды болей есці.