Лісце каштанаў

Усе сядзелі прыгаломшаныя.– Ну, то што? Цяпер мір? Няма чаго вам адно на аднаго гыркаць. Мір? Падайце рукі адзін другому.У Лізкі вочы былі на мокрым месцы. Цяпер – ад радасці.– Раландзік, даражэнькі, ты ж добры. Кінь злавацца. Карлуша, ты ж такі – ну, самы найлепшы. Ну, няма ж прычыны. Ну, даруйце кожны другому. Ну, рукі... рукі. – Вочы яе малілі.– Па-мойму, дык нават... дзеля карысці справы, – буркнуў Багдан.Лізка кінулася Роліку на шыю. I тут я ўбачыў, што Фінеес часта-часта заміргаў.– Мірыцеся, басякі, – сказаў ён дзіўным, такога я не чуў ад яго, глухім голасам. – Мірыцеся. Ну, падумаеш, ну, усім кепска. Каму, пытаюся я, на гэтай круглай зямлі добра? – I выбухнуў: – Падайце рукі, сволачы! Хаця б дзеля мужычай дружбы, залатаротцы вы.Яму было нявесела: краёчак рота ўздрыгваў. Мне таксама было пагана.– Ну, рукі. Усе – рукі, – сказаў я. Рукі нашы сустрэліся.– Ну вось, – сказала Нонка. – I каб ніколі не сварыцца.Раланд разгроб жар і выкаціў адтуль абвугленыя скруткі. Зняў, здзьмухнуў спачатку голы чорны попел, потым чорную ломкую паперу. Потым карычневую. Потым разгарнуў белую.Рыбы ляжалі там, нібы ў гняздзе, усе залітыя ўласным тлушчам, бронзава-чырвоныя, ільсняна-белыя на зломе. Парылі. Курэлі.– Ешце, – сказаў Дзмітрэнка. – Карл. Нонка.– Не лавіў, то чаго я есці буду? Не заслужыў.– А ты горды, Карл. Гэта добра, што ты горды. – I вызверыўся: – Еш, тварына басурманская ты, а то так адпрасую, што...Пасля гэтага выбуху яму палегчала. Расплюхаў гнеў. Карл усміхнуўся і ўзяў рыбіну. Бутэльку пусцілі па крузе. Кожны рабіў глыток з рыльца, і хутка ўсім стала весела, захацелася смяяцца і быць добрым да ўсіх. Мы ўпершыню пілі нешта мацнейшае за ваду. I ўсе вакол былі дужа смешныя і родныя.– Што ж вы, хлопцы, мяне не пытаеце... а з кім я дружыць хачу? – сціснутьм нейкім голасам спытала Нонка. I раптам развесялілася. – Ну, хто ён, той... які...– Хто? – з поўным ротам спытаў Багдан. – Ды вы яго добра ведаеце. Ён мяне кахае.– Дык хто? – з холадам у душы спытаў я.– Хто? – Мне здалося, што яе вочы зусім не такія вясёлыя, што яны не смяюцца, што яны хутчэй... I калі гэта называецца смехам, то што тады такое плач? – Ды ты. Ты, дурань мой гаротны, небарака мой. Ты.Здаецца, я страціў прытомнасць. Ад слова – першы і апошні раз у жыцці. Пасля я адчуў, што мяне трымаюць за плечы, што нехта торкае мне ў зубы рыльца... Калі я ўзняў веі, вочы мае сустрэліся з яе вачамі. Позірк гэтых вачэй быў насцярожаны, уважлівы і, нечакана, вельмі сур’ёзны. Глыбокі, дапытлівы, нібы яна ўпершыню бачыла мяне.– Гэх ты, баба, – сказаў Багдан.За глыбінёю, за шкадаваннем і дапытлівасцю я падсвядома адчуваў у гэтых вачах боль. Але нават каб гэтыя вочы адкрыта хлусілі – я б паверыў. Мне так хацелася верыць! А яна скаланула галавой, кінулася да агню і засакатала, як заўсёды:– Ён мне сказаў пра гэта, – рука яе лягла на маю. – I, дурнік такі, не зразумеў, што я ж яму адказала, што я радуюся. Не магла ж я так проста адказаць: “Давай...” Ну, я і маўчала, думала і вось... Таму і вам не хацела нічога казаць. Усё думала, ён абдумаецца, яшчэ раз скажа. А ён, дурны, маўчыць, паверыў. Такі дурашны. Сам разумны, а галава дурна-ая.Карл і Раланд пераглянуліся. Пасля Карл зарагатаў. Ролік глядзеў на яго непаразумела, нібы не верачы, і раптам прыяднаўся да сябра:– Ну, гер Канецкі, – ён рагатаў да слёз. – Ну й доўбні.– Ну, давай лапу, ці што... Ухажор... Аўтух з Чокалаўкі.