Лісце каштанаў

– Дый ты...Але я не думаю, каб у гэтым нястрымным смеху не было ноткі горычы, і прыкрасці, і лёгкай пагарды да сябе.А яе рука бязвольна ляжала ў маёй, як нежывая, і вочы былі па-ранейшаму не тое што халаднаватыя, а адлучаныя, і толькі калі яна пераводзіла іх на Карла ці на Раланда – ледзь бачна ўздрыгвалі веі. Але гэтага ніхто не мог бачыць, акрамя мяне. Яны не мелі майго зроку, абвостранага несамавітай любоўю і нясцерпньм болем.Я нібы адразу пасталеў, нібы ў адну хвіліну стаў дарослым. I я зразумеў усё да самага дна ў гэтай дзяўчыне. Я зразумеў: адным ударам яна памірыла ворагаў, аднавіла кампанію і сваё месца ў ёй, месца нашай атаманшы і каралевы, уваскрасіла план, якім мы жылі, ды яшчэ адначасна, за адньм разам, ашчаслівіла мяне, здаровага боўдзілу, даўгалыгага дурнога дылду. Яно ўмела разлічваць, гэтае дзяўчо, і яно выбрала аптымальны варыянт, пакінуўшы дрэннае толькі адной сабе.I хаця я ўсё гэта зразумеў і пагарджаў сабою і ёй – я ў глыбіні душы сапраўды быў шчаслівы і нават заспакоены. Гэткая жывёла!...Абмеркавалі план заўтрашняга паходу. I таму, што ўрэшце рашыліся – неяк пуставата і трывожна было на душы. Нібы смактала нешта. Збіраліся было ўжо і разыходзіцца, але тут здарылася прыкрая, брыдкая гісторыя, якая канчаткова сапсула гэтую нашу апошнюю “мірную” бяседу.Вогнішча дагарала ў сутонні. Цягнуўся над закінутым, нікому не патрэбным велатрэкам шызы дым. Вечарніца загарэлася, пачала пералівацца над спаленым кутнім домам.– Старажытныя лічылі, што гэта не адна зорка, а дзве, – сказаў, як заўсёды не да месца, інтэлігентны Жэнька. – Тая, што раніцай, – гэта Венера, ранішняя зорка, а гэта вось там, – гэта Веспер.– Ой, – сказаў Раланд, – адкасніся ты, Яўген, са сваім Весперам. Тут іншае мучыць.Цёмныя вочы ягоныя ад пашыраных зрэнак яшчэ больш пацямнелі. Хмурыя, нейкія пакутліва-нядобрыя і... вінаватыя.– Вельмі я вам непрыемную рэч сказаць хачу. Прабачце, хлопцы, але сказаць лепей зараз. I ты прабач, Ліза, даражэнькая...– Што такое? – з яе твару збегла фарба.Ролік, хаваючы вочы, сказаў. Не ёй, а нам. – Лізу не трэба браць, хлопцы. Нельга.– Гэ-та ча-му? – спытала яна, яшчэ не верачы.– Думаеш, мне прыемна? Дорага б я даў, каб не казаць гэтага.Ён падсеў да яе і абняў за плечы.– Ты сама падумай, сама зразумей, і тады ты сама скажаш, што я маю рацыю. Ты слабенькая, ты не вытрымаеш. Згаладнела за ўсе гэтыя гады. Унь да Пячэрска з намі дайсці – і то табе цяжка даецца. А там жа горы, пераходы часам і не па сцежцы, са зброяй. Ну, добра, мы тваю панясём. А раптам нехта пакоціцца і табе трэба будзе руку падаць? Ты ж не ўтрымаеш? Пасля замучыш сябе да смерці.– У-утрымаю, – раптам зноў ціха заплакала яна.– Ну-ну, не плач, – грубавата сказаў Багдан.– Не, не, скажыце, што вы гэта пажартавалі.Яна нібыта яшчэ не да канца разумела ўсю глыбіню свайго чорнага няшчасця, сваёй адрынутасці. Сядзела ля Раланда і заглядала ў вочы.– Я з вамі хачу. З табой. Чаму? Ролік, чаму-у?!– Дурнічка, – сказаў ён, – мы ж цябе шкадуем.– Я не хачу, каб шкада... – хліпала яна. – Я з табой. Цябе там забіць могуць, а я... Хлопцы, чым жа я вінаватая?– Раланд, – сказаў раптам Жэнька, і я ўпершыню ўбачыў, што ягоны прыгожы, проста хоць у кіно, твар можа быць цвёрдым і злым, – гэта жорстка. Што ты робіш? Ды мы, у выпадку чаго, можам яе і пакінуць у лагеры, які там сабе зробім. Хай гаспадыняй будзе, га?.. Раланд, га, Раланд?