Лісце каштанаў

– Яна пасля сама зразумее, – сказаў Дзмітрэнка.I тут Лізка мяне здзівіла. Я глянуў на яе і ўбачыў, што яна не плача, што вочы адчужаныя і суровыя, а ля краёчка гожага маленькага рота – цвёрдая горкая складка, як у дарослай. I загаварыла яна пасля як дарослая:– Ясна. Жыццё пад германамі не шкадавала. Вайна – не шкадавала. Можа, горш за ўсіх вас мне давялося. I я ж яшчэ ў гэтым вінаватая, што вы мяне адпіхаеце, – пальцы яе камячылі ражкі хусткі. – Справядлівасць ваша. Не лепшыя вы за тых. Толькі што словам б’еце. А мне лепей бы прыкладам, не так балюча. Бо я вам адным верыла, адных вас любіла. Няхай. Вайна дабівала – не дабіла, а вы сваёй справядлівасцю дабілі, дапамаглі... А я з вамі, з табой, Ролік, ішла б... Ты не думай, я слабая, а двухжыльная. Ну што ж, дзякуй і на тым, што жартавалі, гулялі, як з малым сабачкам. Тады ўжо, відаць, рыхтаваліся кінуць. Іначай чаго б так добра... да мяне.Устала. I тут нечакана ўзняўся і Навум. Падышоў да яе. Вусны яго неяк дзіўна ўздрыгвалі.– Ну, бывай, Ліз... Я... я асабіста цябе ўзяў бы. I не чхнуў бы, і аб тым, што можа быць, не думаў бы. Ды тут пачынаецца тое, што ён... камандзір.– Ненавіджу яго, – з сухімі вачамі сказала малая.– Не трэба. Але я цябе ўзяў бы, Ліз. Дальбог бы ўзяў. Бывай.Узяў у далоні яе галаву.– Навуме, чаму я заўсёды такая няшчасная? Чаму ўсё заўсёды на мяне? Чаму варта мне кагосьці добрым палічыць, і ён мне адразу – вораг? – яна пытала гэта шэптам, так, што чуў, бадай што, ці не адзін я.– Я – не вораг. Бывай.I ён... пацалаваў яе. Гэта было так непадобна на яго, што я не паверыў вачам. А яна нечакана зноў заплакала. Можа, ад пяшчоты – дзяўчат і жанчын увогуле ніколі нельга гладзіць па галаве ў падобных абставінах, заплачуць горш, – а можа, таму, што зразумела нешта?I так, плачучы, яна пайшла. I такога гаротнага плачу мне, дзякуй богу, не давялося пачуць яшчэ раз у маім жыцці....Мы маўчалі. Толькі Фінеес падышоў да вогнішча і кінуў у яго некалькі галін. Ускінулася польмя. Барва і чорныя цені заскакалі па твары, зрабілі Навумаў твар яшчэ больш суровым.– Ты з заўтрашняга дня наш камандзір? – спытаў Навум.– Ну, – Раланд высакамерна (і гэта была хлусня) глядзеў убок.– Тады – свіння, свіння і яшчэ раз свіння. Ты што ж, не бачыш?– Ну, – суха сказаў Дзмітрэнка.– А я занадта добра бачу. I подаўна. Таму што ў мяне вочы такія: бачаць, калі другому кепска, калі ў іншага душа мучыцца. I яшчэ таму бачу...– Ну, і яшчэ чаму?– I яшчэ таму, што... Таму што... А-а, – Навум махнуў рукою, вусны ягоныя скрывіліся. – Ні вам, ні ёй гэта няважна. Важліва іншае. Свінні вы, шкадавання ў вас да гэтай маленькай няма. Да маленькіх, да страшэнна пакрыўджаных. А яна большая за вас. Так пакрыўдзіць яе, свінні. Яе! А я...– Мае рацыю, – сказаў Карл. – Каб мы з гэтага дня не камрады – я б вам морду набіў. – I дадаў пасля паўзы: – Ты прабач мне, Навуме. За ўсё і ўсіх.– Ты прабач.Мне здалося, што ў абодвух неяк нязвыкла блішчаць вочы, і я адвярнуўся. Я тады не любіў сцэн, падобных на гэтую. А можа, рабіў выгляд, што не люблю.Нончыны пальцы ляглі на маё перадплечча. Я здзіўлена зірнуў на яе і ўбачыў, што яна глядзіць на Раланда амаль з нянавісцю. Дорага б я даў, каб даведацца аб сапраўднай прычыне гэтай нянавісці.– Быдла ты, – сказала Нонка. – Ну і хай з раніцы камандаваць пачынае. А сёння мы самі сабе атаманы. Хадзем адсюль, Васілько. Хадзем адсюль, мілы.“Як пашалелі яны ўсе, – падумаў я, – хто з-за сукенак, хто з-за портак. Проста масавае вар’яцтва нейкае”.