Лісце каштанаў

Мы пайшлі ад агню ў ноч.X– А мы не пашалелі? – сумна сказала Нонка.– Ўсе пашалелі, а я болей за ўсіх.Мы ішлі па Уладзімірскай горцы. Падол спаў увесь у рэдкіх, дужа рэдкіх, агнях. Ноч дыхала цеплынёй. У ртутна-цьмяным люстры Дняпра адбіваліся буйныя зоры.– Было аднойчы на Урале. Ішоў я да сваёй вёскі, дзе наш інтэрнат, з раскольніцкай вёскі Падавіха. Восем кіламетраў тайгою. Мароз – не ведаю, які мароз. Тэрмометр на сельсавеце ляснуў. Жалеза крохкім рабілася: грукнеш сякераю, то палену нічога, а лязо – напалам. Зор – у тысячу разоў болей, чым заўсёды. Ды рэзкія, ледзяныя, без літасці. Іду – шолах, нібы нехта гоніцца. Стану – і той стане. Пабягу – і той за мною бяжыць. I ўвесь час шоргат, шоргат, шастанне. А вакол – ну нічога не варухнецца. Тайга ў снягах замерла, нічога жывога, што магло б шаргатаць, толькі зоры рухаюцца, міргаюць. Ясна, што болей няма каму. Яны! Славутае паўночнае “голас зор”, або “размова”, ці “песня” зор. Гэта я пасля даведаўся, што той шум – дыханне, якое на ляту замярзае, і крышталікі лёду адзін аб адзін шоргаюць і звіняць. А тады страшна стала. Колькі іх! Якія калючыя! Вось памру, і такое ж ледзяное будзе давеку. I хто зведае, каму да гэтага справа будзе? Гэта я вось так упершыню зразумеў – менавіта зразумеў, што канец будзе. I развее, разнясе ў гэтым ледзяным пыле. Бог – і той слядоў не знойдзе.– А цяпер баішся?– Цяпер не. Іду вось з табой і проста не думаю аб тьм, аб чьм тады думаў. I не буду я думаць. Мне здаецца, таму людзі і ходзяць удваіх.– Удваіх?– спытала яна.– Ну так. Вось я цябе за руку трымаю, і ніякай мне няма справы, што яны ледзяныя, вялізныя, што там такая бездань... Нонка, каб мне ўжо зусім лепей за ўсіх на свеце было... Можна мне цябе пацалаваць?– Пацалаваць? Ах так, так. Не ведаю, па-мойму, пра гэта не пытаюць. Ты таксама можаш пра гэта не пытаць цяпер. Я ж сама ўсім сказала.Я абняў яе, няўмела прыцягнуў да сябе, убачыў цераз яе плячо цені каштанаў, узнесены ў зіхоткае – ад безлічы зор – неба Уладзіміраў крыж і апусціў твар у яе валасы....Гэты халаднаваты пацалунак! Той, калі вусны яе амаль не рухаюцца. I ўсё ж я не мог адарвацца ад гэтай першай смагі і першага паталення, і мне гэта было нават лепей: адчуваць яе холад, але яшчэ і яе пакору, тое, што яна нікуды не здолее пайсці, што яна мая. Хаця я й не дужа, не ў поўным сэнсе разбіраўся ў тым, што азначае “мая”.Холад адданых вуснаў. Я стаяў, прыціскаючыся да яе, і разумеў яшчэ мацней, зусім несумненна, безнадзейна і беспаваротна, што я для яе – нішто. Але побач з несамавітай горыччу, з сысучым болем жыла ў глыбіні яшчэ і трапяткая радасць, такая, якой мне пасля ніколі не даводзілася перажываць.Яна раптам узняла руку і дакранулася да маёй шчакі.– Ты што?– Нічога, – сказаў я. – Зусім нічога. Нонка, мілая, ты думаеш, я не бачу? Не адчуваю ўсяго? Цябе зараз як агнём пякуць. Мне б трэба пайсці, саступіць. Але я не магу гэтага, проста не магу. Хачу, каб ты была тут, побач, хаця сёння. Хачу цалаваць рот. Такі ён у цябе безуважлівы! I твае валасы, і ўсё... I ты ўсё ж паруш сваё слова, Нонка. Не мучай сябе. Мяне – калі хочаш, а сябе – не. Мне ўжо і тое добра, што ты жывеш.– Глуптасю ты. Куды ўжо мне ісці адсюль? Ты не звяртай увагі. Ты проста гладзь мае валасы... вось... вось так. I, калі захочаш, цалуй мяне. Я пастараюся, каб ты не адчуваў таго, аб чым па дурасці падумаў. Я пастараюся.Я захутаў яе плечы крысом пінжака, успёр руку на спінку лаўкі. Цяпер яе плячук быў у мяне пад пахай, яе галава на маім плячы. I я гладзіў і гладзіў гэтыя цяжкія валасы, баючыся паварухнуцца, баючыся неяк спалохаць гэты дзіўны сон наяве.