Лісце каштанаў

А яна тулілася да мяне ўсё шчыльней і шчыльней. Я не цешыў сябе гэтым.Яна гарнулася не да мяне, а да цёплага побач з сабою і ад гэтага свету, ад гэтых халодных зор, ад усяго, што здарылася.I раптам заплакала. I гэта было немагчыма: Нонка – і заплакала. Я абхапіў яе і сціснуў так, што аж сам задыхнуўся.– Ды што? Што з табой? Мілая мая. Нонка мая. Яна ўся абвіснула ў маіх руках, я адчуваў, як уздрыгваюць ад плачу яе маленькія цвёрдыя грудзі.– Суцеш мяне, Васілько. Кепска мне. Ой, як мне кепска! Пашкадуй мяне. Ты добры, харошы, лепшы за іх усіх, але што я магу, што я магу зрабіць з сабой?!Я і сам адчуваў, што плачу. Рэдкімі цяжкімі слязьмі. Як ніколі дагэтуль. I не за сябе, а за яе.– А ты нічога і не рабі. Пасядзі вось так, са мной, і ідзі, куды хочаш, дзе табе добра будзе, мая ты неласкавая. Ідзі туды, дзе захочаш быць ласкавай. – А сам, ведаючы, што гэта ў апошні раз, усё гладзіў яе плечы і цалаваў мокры тварык.– Не. Не. Позна ўжо. Ты што, не бачыў? Я слабых не дабіваю. Не.Закалацілася яшчэ няўцешней.– Ой, Васілько, Васілько. Пра ўсіх я падумала, толькі пра цябе не падумала. Як гэта табе! Удар мяне, чуеш? Не падумала я, як гэта кепска будзе табе. А ты самлеў. Проста ўзяў, дый... Ой, даруй мне, даруй. Калі толькі можаш.– Кінь, кінь ты. Што, каму, за што дараваць, дурненькая?– Даруй.Яна абхапіла мяне за шыю, пачала блытацца пальцамі ў чупрыне і сама, таксама зусім няўмела, стала цалаваць мяне ў вочы, нос, урэшце ў вусны.– Ты не думай. Я цябе кахаць буду, я цябе не пакрыўджу, я ўсё гэта запомню. Дай мне толькі крышачку ачуняць.Дужа цябе буду любіць. Ужо нават і цяпер люблю. Даруй мне.Рукі мае дрыжалі ад болю, падзякі і пяшчоты. Усё яе цельца калацілася ў гэтых маіх руках, нібы з кожным выбухам плачу з грудзей вырывалася не толькі дыханне, але й самое жыццё. А я гладзіў яе, і плач паступова заміраў, і я шаптаў і шаптаў, нібы ў дурмане:– Дарагая мая... Любая мая... Мая добрая......Ачуўся я на плошчы Хмяльніцкага. Конны Багдан паказваў булавою на бязважкі сілуэт Сафіі, што ўзносіўся ў зоры. Было поўнае бязлюддзе начнога спустошанага горада.Кіяўляне са смешачкамі перадавалі такую, нібыта “праўдзівую”, гісторыю. Уладзімір са сваёй горкі крычыць Хмяльніцкаму:– Багдане, гоў!– Чаго табе?– Кінь сваю булаву.– Нашто?– Пары. Такую корчму, такі шалман развялі, што я вжэ більшэ дывытыся не можу. А крыжам іх ганяць нязручна.Ого, паспрабаваў бы ён на мяне з Нонкай. Я так бы ім, бронзавым нават, усыпаў.Я думаў так. I гэта было праўда.Я памятаў, што адвёў Нонку дамоў і доўга яшчэ стаяў з ёю ў зарасцях бэзу перад пад’ездам. Але што было пасля – не памятаю, хаця забі. Нейкія завулкі, дрэвы паркаў, руіны і зноў паркі, начны, паміраючы ў вуліцах крок, і туман у вачах, і нейкія дзіўныя, лепшыя ў свеце вершы, якія я мармытаў, і чытаў уголас, і цяпер начыста забыў.Багдан узвышаўся нада мною. А я падумаў, што вось пакінуў жа ў Кіеве свой след на гэтай плошчы адзін беларус, скульптар, што зрабіў яго. А можа, пакіну і я? Хаця б тымі вершамі, што я мармытаў і забыў. Шмат год яны будуць лунаць гэтымі завулкамі, нябачныя для вачэй іншых, будуць ціха гучаць у вушах закаханых нават у той нязмерна далёкі час, калі мяне, магчыма, не будзе. I яны, юнакі, будуць прыслухоўвацца да гэтых водгукаў, да водгулля далёкага шчасця і думаць, што гэта ў іхніх душах. А гэта буду я і вершы, забытыя мной дзеля гэтых вуліц і завулкаў. Вечныя вандроўнікі кахання, што блукаюць уначы па гэтай зямлі.