Лісце каштанаў

XIРанішняе сонца ўстала ў халаднаватым малочным тумане і, нібыта ў расе, прарочачы ясны і цёплы, вечны дзень. Жоўта-вясёлкавае – ці, можа, гэта туман адліваў вясёлкай? – яно пералівалася, падымаючыся аднолькава над мёртвымі кварталамі і над кварталамі жывых. Мы ўсе падышлі пад Жэнькаў балкон, гукнулі. Праз хвіліну над парэнчамі з’явіліся гожы торс у белай майцы і гожая ускудлачаная галава.– Ты што гэта, забыў? – вызверыўся Багдан. – Стаіць сабе яшчэ голы ды азадак чухае. Заработаўся, пад носам мух лавіўшы.– Ага, – сказаў кісла Жэнька, – маці порткі замкнула.Выгляд у яго быў засаромлены і злосны. I крыўдна яму было, відаць, што паставіліся, як да маленькага, і ярасць брала на сваю турму, і зайздрасць да нас, перад якімі такі цікавы дзень.– У трусах, – сказаў Карл.– Ага, а яна замкнула дзверы.– То злазь па рыне, – нецярпліва кінуў Ролік. – Месяц жа назад спускаўся.– Ага, бач, тры звяны выпалі. У апошні раз. Ледзь мне не па цемечку. Усю ж вайну не рапаравалі.– А вяроўкі няма? – спытала Нонка.– Ага, матка бялізну на гары павесіла.– Так, брат, становішча бязвыхаднае, – сказаў я.– З чацвёртага без вяроўкі, сапраўды, не скочыш. Ну, добра, сядзі. Калі скамандуюць “на выхад з рэчамі” – бяжы да нас. Ведаеш, дзе шукаць?– Ведаю, – безнадзейна сказаў Жэнька....Шмат каму з тых, хто пачуе гэтую гісторыю, цяпер можа здацца дзіўным і наш план, і тое, што нікому з нас ніколі не прыйшла ў галаву адна акалічнасць. А менавіта тая, што задума наша – дзіцячая, што план наш – дурацкі, што мы не дабяромся, можа, і да Жытоміра, а не тое што да Львова ці да фронту – і асабліва са зброяй, – што нас пераловяць, куды раней чым мы бандытаў.Але на тое нам і было ў сярэднім па шаснаццаць год. Мы не думалі ні аб чым гэтым. А наконт таго, каб дабрацца і не злапалі, то справа гэтая, як ні дзіўна, не здавалася такой ужо безнадзейнай. Мы ведалі тысячы спосабаў праезду, якія ідэальна адпавядалі таму часу і той чыгунцы....Каштаны пачалі губляць плады. Упадзе вялізная зялёная і шыпаватая булава – продкі называлі такую на ўсходні лад “буздыган”, – расколецца, і выгляне адтуль вільготны карычнева-бліскучы, нібы лакіраваны, каштанчык. Як хітрае цёмнае вочка. А часам два ці тры.Мы выйшлі са двара, убачылі на асфальце безліч такіх каштанчыкаў.I яшчэ ўбачылі... Лізку, якая, гледзячы ў зямлю, пахмура ганяла, перасоўвала іх нагамі. I тут Навум падышоў да Раланда.– Возьмем яе. У апошні раз, калі ўжо ты такі. Ролік глянуў на дзяўчо і змрочна кінуў:– Добра, ідзі.Вуліцы адкрываліся перад намі ў ранішнім няяркім сонцы. Напаўпустыя, адкрытыя толькі для нас. Золата каштанаў прыкрывала і прыкрашвала нават убогасць і пачварнасць руін. Сонца падымалася ўсё вышэй і лашчыла нашы твары, бо мы ішлі да яго. I па тым, як мы ішлі, лёгкім, пругкім крокам, я разумеў, што сяброў у гэтую свежую раніцу ўзносіць тое, што ўзносіць і мяне: поўнае адчуванне кожнай жылачкі, кожнага нерва. Тое дасканалае адчуванне кожнага свайго мускула, што ўласцівае маладым зверанятам. Адчуванне Жыцця.Мы ішлі на сонца.Золата каштанаў, прыгажосць дзівосных запушчаных дамоў, увесь воблік гэтага ледзь не самага прыгожага ў свеце горада.– Хутка мы ўсяго гэтага не ўбачым, – са шкадаваннем сказаў Ролік. – Аж кідаць горка....Пустая лаўра з аблупленымі купаламі, са старажытнымі каравымі арэхамі, змаршчакаватымі, ледзь не на далонь у глыбіню. Ціха падаюць у лістоту арэхі, якіх няма каму збіраць. Зрэдку мільгаюць цені нешматлікіх манахаў. Ад руін Успенскага сабора ўсё яшчэ горка цягне нібы астылым дымам і тленнем.