Лісце каштанаў

– Угм. Пляменнік.– А ён куды адразу з’ехаў? Ён хто?– На фронт. Ён начштаба аднаго з франтоў. У вачах новых знаёмых нарадзіўся цень павагі,– Фф-ю-у. Якога? – спытаў Ролік.– Зашмат ведаць хочаш. Гэтага казаць нельга.– Ваенная тайна? Задавака, – сказаў прыгожы.– А я вось табе дам, – устаў я. – Кінь яго, Жэнька, – сказаў “гожаму інтэлігенту” Ролік. – Кінь яго, Багдане. Не хоча – не трэба.I тут, цалкам раптоўна для мяне, затаранцеў, засакатаў з бур’яноў паўдзённай гаворачкай галасок дзяўчаняці:– А я вось і ведаю. Я ката іхнім суседзям прыносіла. “Мышы, кажуць, заелі”. То гэты кот, якраз, стаў у апракінутую табурэтку і лапкамі – на перакладзінкі. Яны мілуюцца: “ах-ах”, а ён узяў і наваліў туды...– Дык ты адно гэта і ведаеш? – з пагардай спытаў “мужычок” Багдан. – Як кот...– Не, – азваўся галасок з бур’яну, – я, як прыносіла, чула. Веставы ягонага дзядзькі – татарын, ці бурат, ці алтаец... Патракоў прозвішча...– Не таранці, – сказаў Ролік. – Дзела кажы.– Казаў... Першага Беларускага фронту. Хлопцы зарагаталі.– Ну вось, – адсмяяўшыся, сказаў Ролік, – ...ваенная тайна. Адкуль?– Беларус.– Браты ёсць?– Былі. Многа. I родных, і траюрадных, і ўсякіх. Па чутках, мала хто застаўся.– Немцаў ненавідзіш?– Пытаеш яшчэ.– На фронт уцякаў?– Два разы. Адзін раз, у сорак другім яшчэ, вярнулі аж з-пад самага Мажайска.– Я таксама, – уздыхнуў Ролік, – тожа мне яшчэ, выабражалы, лішнія рукі ім непатрэбныя. Як быццам горшыя. Ідуць – хвігай носа не дастанеш. А ў нас толькі ўсяго і няшчасця, што гадоў не дабралі.Ён у час выказаў свае пачуцці і выліў горкую сваю крыўду. Таму што мне пачалі ўжо абрыдаць гэтыя пытанні і адказы. Як на допыце ў міліцыі. А я гэтых допытаў за гады беспрытульных бадзянняў бачыў болей, чым ён галавамыек ад бацькоў.– Цябе як клікаць? – спытаў круглагаловы.– Васілько Стасевіч, – адказаў я.– Ну вось. А я Раланд Дзмітрэнка. Па-ўкраінску хаця разумееш?– А чаго тут разумець?– Гарно. А оцэ мая гвардыя. Гэты, з лукам, палтаўскі. Та хіба ў Полтаві людэ – у Полтаві ж галушкі.– Багдан Цар, – адрэкамендаваўся “мужычок”.– А гэта наш ідэолаг. Бацька мой за Махном ганяўся, то казаў, што ў таго ціла тачанка була з ідэолагамі. Вось і мы яму завядзём. Жэнька, адрэкамендавацца паслу дружняй дзяржавы.– Яўген Кульба, – ляснуў босымі пяткамі прыгожы. Пяткі былі хаця і босыя, але не парэпаныя, белыя. Відаць, хадзіць босым – гэта было нешта накшталт уніформы на час гульні.I тут я здзівіўся яшчэ больш. З зарасцяў выбралася, нават скочыла, як тыгра, бо джунглі на добрую чвэрць складаліся з крапівы, дзяўчо год пятнаццаці. Схілілася, пачэсваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацерла каленкам аб каленка, ускінула галаву – чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад – і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, па-вар’яцку вясёлымі чорнымі зрэнкамі.– Здароў, хлопцы, здароў, новенькі. А божа ж мой, белы які. Ну, белы які.– Зноў ты тут, – з прыхаванай пагрозай сказаў Багдан. – Зноў вяжашся.– I не да цябе. I зусім-зусім не да цябе. Мне унь на гэтага, пляменніка, зблізу паглядзець хочацца. А месца тут ты не купіў, не купіў, кажу.Багдан цяжка ўздыхнуў. Хлопцы паціснулі плячамі, нібы пакарыліся лёсу. А яна села насупраць мяне, абхапіла падрапанымі рукамі падрапаныя каленкі і стала бессаромна разглядаць, схіляючы галаву то на адзін, то на другі бок. Засталася, відаць, збольшага задаволеная.