Лісце каштанаў

Нешта непамысна мне было на душы (ці, можа, гэта зараз мне так здаецца?). Занадта спакойныя былі і неба, і плынь Дняпра, што ўвабрала ўвесь ягоны блакіт. I ўспаміналася чамусьці, як Карл паскроб пальцам сценку яра і сказаў:– А гэта, хлопцы, не пясчанік. Гэта звычайны пясок. Ледзь-ледзь сцэментаваны.– Чым? – спытала Лізка.– А чорт яго ведае чым. Вапнай, што ў вадзе бывае.– Ну, і хрэн з ім, – сказаў Багдан.З вышыні я, як на далоні, бачыў яр з усімі яго адгалінаваннямі, “абеліскамі” і “пірамідамі”. Увесь гэты дзіўны, нібы з чужое планеты, свет.Глядзеў, як рухаюцца, поўзаюць па дне маленькія фігуркі, капаюцца, часам нешта знаходзяць. Адзін раз Ролік паказаў мне нейкую цёмную рысачку. Мабыць, яшчэ аднаго вінтара знайшлі.Было ціха. Пахнулі травы. Ні на дарозе, ні на беразе нікога не было. Ніхто не збіраўся сачыць за намі. Мабыць, мы так правучылі верхнядворскіх, што яны назаўсёды адмовіліся цягацца з намі.Бяжыць на вятры лаза, бягуць воды. Шуляк кружляе ў сляпучай вышыні. Узняўся з зарасцяў вялізны, сыты, вугальна-чорны крумкач.Ворон помнив Остряницю й Хмеля, Над Полтавським боем кружеляв.Горка пахне палын, і самі сабою склейваюцца павекі.Вось Багдан, трымаючыся за карані каштана, вылез і пабрыў па плато. Мабыць, у вяршыні яра нічога не знайшоў і цяпер выконваў другую частку загаду.Бяжыць пад ветрыкам шызае мора сіўцу і палыну, хістаюцца рэдкія татарнікі.Твой названы братУ Царградзе дальнім сеў на палю.Кліча брат Мушкета у Царград...Цішыня. Сонца. Мора бягучага сівога палыну. Хіліць у сон.Выбух!!!Ён устаў непадалёк ад Багдана, невысокі, сляпуча-чырвоны спадыспаду – такі сабе невялічкі язычок зыркага полымя, – вугальна-чорны зверху. Паляцелі камякі зямлі.Багдана, відавочна, яе зачапіла. Кінуўся бегчы да яра, у якім замерлі, насцеражыліся маленькія постаці людзей.Яшчэ выбух! Непадалёк ад першага. Багдан упаў, але хутка ўзняўся і пабег далей....Я так і не ведаю – і ніколі ўжо не зведаю, – што там здарылася. Вайна прыдумвала тысячы мінных “сюрпрызаў”. Міны скакалі, як жабы, міны рэагавалі на цяжар, цеплыню, на памяншэнне глыбіні і блізкасць берага (калі іх цягнуць на гэты бераг, разбіраць). Міны былі з’яднаныя “ў сець”, і кожная чарговая выбухала праз хвіліну пасля выбуху папярэдняй, у шахматным парадку. Міны хаваліся ля “забытых” рэчаў: веласіпедаў, прыёмнікаў, дзіцячых цацак. Адно ведаю: наша пастка была “падключана” да досыць вялікіх схованак, дзе былі таксама міны і, напэўна, снарады. Іначай нельга было растлумачыць тое, што адбылося потым.Чаму ўсяго гэтага не размініравалі? А чаму адразу не аднавілі руін? Такіх смертаносных месц тады было мільён. Я сам ведаў чалавека, які жыў у пакоі побач з велічэзнай, з добрага кабана, бомбай. Тая прабіла перакрыцці і засела стабілізатарам у арматуры, і чамусьці не выбухнула. Чалавек замураваў яе, аддзяліў цагельным – на палову цагліны – мурам і жыў у гэтым пакоі з жонкай і дзецьмі. Бо няма дзе было жыць. Гэта было ў Віцебску.На ўсё не хапала рук. I кожны дзень недзе ў лесе, полі, урочышчы гінулі дарослыя і дзеці. Але часцей за ўсё дзеці.Дый хто мог спадзявацца, што нехта палезе ў гэтае богам праклятае, бясплоднае месца, дзе ні вады, ні травы, хаця б на казу, ні роўнай пляцоўкі? Трэба было раней думаць пра дарогі і сцежкі, нівы і сады, і дамы.Нашы, урэшце, маглі проста не ведаць пра тое міннае поле.А тыя маглі мініраваць яго, спадзеючыся на тое, што нашы будуць фарсіраваць Дняпро і наступаць тут, бо тут было выгадна рабіць гэта, бо ўвесь раён ”слупоў” быў амаль суцэльнай мёртвай прасторай, бо кожны яр, слуп, яма маглі схаваць, прыкрыць, зберагчы жыццё.