Лісце каштанаў

– Я Нонка Юніцкая.Калі Ролік і Багдан гаварылі на гарадской украінскай, а Жэнька – на рускай мове, хаця і са значным украінскім акцэнтам, то ў гэтай была ўвогуле не мова, а чорт ведае што. Гэта быў той паўдзённы жаргон, на якім гамоняць вялікія чарнаморскія партовыя гарады. Я не маю ні сілы, ні ўмення, ні, шчыра кажучы, жадання перадаваць усе гэтыя тропы, ідыёмы, усю безліч жывых інтанацый. Ды гэта і немагчыма, таму што больш за словы гралі тут паўдзённыя жэсты, міміка, рухі ўсяго цела. Гэта было – жах як “па-малдаванску” і дзіўна, жах як прыгожа.Дый тып яе, калі разабрацца, быў дзіўны. Тут табе і ўкраінская і малдаўская, а можа, і кропля цыганскай крыві (я пераканаўся ў гэтым, калі пазней убачыў, як яна танцавала).– Гэты самы, замучыў ён цябе пытаннямі. – I з чыста дзявочай логікай адразу ж спытала: – Біцца ўмееш?– Нонка, – пагрозліва ўзвысіў голас Раланд. – Глядзі-і. Хто тут атаман?– Хе. Тэж мне, Раланд – атаманд.– Цыц, – Ролік ліхаманкава стараўся ўтрымаць у руках свой скіпетр. – Тут я пытаю. Страляць, бегаць умееш?– Угм.– Плаваць?– Збольшага.– То ходзімо на Дніпро. – Ролік устаў, пакінуўшы, такім чынам, апошняе слова за сабой.

IIМы ішлі вуліцамі пустога горада, і рэдкія прахожыя здзіўлена глядзелі на нас: цуд боскі, такая вялікая група падлеткаў. Мусіць, так, са здзіўленнем і лёгкім пабойваннем глядзелі мірныя жыхары Парыжа на вясёлых мушкецёраў, якія вярталіся з начной папойкі.Усю гэтую мушкецёрскую баладу псавала толькі Нонка. Ніхто, вядома, і не падумаў узяць яе з сабою, але ніхто і не падумаў забараніць цягацца за намі. Гонару зашмат – звяртаць увагу на дзяўчо. I вось яна цягнулася за намі кроках у дзесяці і насвіствала нешта “старарэжымнае”, накшталт: “Алёша, ша! Возьми полтоном ниже, к чему Одессу-маму вспоминать?”Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Чарлі Чаплін узяў гэты матыў, каб на яго аснове стварыць музыку для сваіх “Агнёў вялікага горада”? Можа, ад нейкага п’янага марачка-адэсіта ў партовым шынку?Мы не звярталі на Нонку ўвагі. Ролік усё яшчэ быў ва ўладзе сваіх цяжкіх думак:– На фронт цяпер трапіць – і думаць няма чаго. Бацькі падымуць хай. Зловяць, адправяць назад пад цёплы радзінны дах. Гэта яны ўмеюць.– То што?– А вось, кажуць, банды ў Заходняй Украіне ходзяць. Вось уцячы б, ды ў “ястрабкі”.– Табе “ўцячы”, а мне, відаць, так і так гэтым займацца давядзецца. У сябе. Там, – сказаў я.– Дый тут не дужа ўцячэш, – уздыхнуў Дзмітрэнка. – Вернуць і адтуль, як з фронту.– Так, – сказаў я, – абклалі, як мядзведзяў. Выхаду, бадай што, і няма.– Чаму няма? – загадкава ўсміхнуўся Ролік. – Як пашукаць, то заўсёды яго знойдзеш, выхад. I раптам кінуў:– Варочай, хлопцы, на Уладзімірскую. Пройдзем паўз універсітэт. – I толькі тут “звярнуў увагу” на Нонку. – Чаго ты цягнешся? Чаго цягнешся, кажу?– А я не за вамі, сокіл ты мій, – Нонка ўсміхнулася краёчкам рота, паказаўшы некалькі снежных зубоў. – Я гуляю. Вуліца не твая. Куды хачу – туды іду.Багдан шумна ўздыхнуў:– Такая ўрэдная, зараза. Вось спаймаю неяк.Нонка, відаць, слухала. Таму што амаль адразу пачала нешта ціха мармытаць, прыстукваць падэшвамі сандаляў, а потым перайшла на лёгкую, вельмі спрытную чачотку.Ох, яблучко, Ди iз Гапоніi, – Дівки з нашого двора, Як півоніi.– Тожа мне півоня, – буркнуў Багдан. – Пустазелле ты. Піво-оня!– Анягож!– Ды кінь ты яе, хай хваліцца, – сказаў Жэнька.