Смотрите описание доставка молока на дом тут. . http://vip-cars.kiev.ua/ организация праздников в уфе свадебное авто цена.

Лісце каштанаў

Ох, яблучко, Ди iз Гамерики, – Хлопці з нашого двора, Як вареники.I растлумачыла:– Такія тоўстыя, лянівыя, белыя, бы ў смятане.– Ой, вушы надзяру, – сказаў Ролік.– А ты спачатку наздагані.Я ачухацца не паспеў, як Ролік нечакана вертануўся і кінуўся на гэтае злашкоднае стварэнне. Гэта было так нечакана, так бліскавічна, што я раз і назаўсёды зразумеў, якая імгненная рэакцыя, які імпэт тояцца ў гэтым нязграбным на выгляд целе.Ён ужо выцягнуў руку, каб схапіць, але Нонка таксама крутанулася, выслізнула, і тут яе нібы з цецівы спусцілі: ляцела стралой, вялізнымі скачкамі, закінуўшы галаву, выпнуўшы ледзь абазначаныя грудзі. Шакаладныя ногі мільгалі з такой хуткасцю, што рухі іхнія, здавалася, цяжка было заўважыць. I хаця Раланд таксама бег так, як рэдка бегаюць хлопцы – амаль адразу стала ясна, што гэтую казу яму не дагнаць. Урэшце ён гучна затупаў нагамі на месцы і пайшоў назад.– Чорта яе дагоніш, – прысаромлена сказаў ён. – Ляціць як куля. I на Падвальную адна ходзіць, і на яўбаз. Не баіцца. I ніводнаму з тамтэйшых хлопцаў яе ані разу злапаць не ўдалося....У густых шатах каштанаў стаяў пахмуры бронзавы Тарас і глядзеў на чырвоную каробку універсітэта. Толькі каробка ад яго і засталася. Агонь злізаў месцамі новую даваенную фарбу, і з-пад яе праступала старая, “бычыная кроў”, якой Мікола I калісьці загадаў пафарбаваць універсітэт “за мяцежны дух”: яскрава-чырвоная, нібы мокрая, як кроў.Праз пустыя вачніцы акон мірна і ласкава ззяла сіняе неба канца ліпеня.Дзверы – правал дзвярэй – і вокны ніжняга паверха былі густа заплецены калючым дротам.– Мы сюды прыйдзем міны шукаць. I бомбы, – сказаў Ролік. – Яны ўжо такія, без стабілізатараў, без усяго. Але корпус і іншае ёсць. Мы выбухоўку выплавім у кіпетні, сфармуем, запалы ёсць. Мы ім уначы, каб ахвяр не было, учынім лазню... Яны, гады, на нашым участку схілу сабе штаб-пячору выкапалі. Часавыя ўвесь дзень стаяць.I тут мы пачулі ззаду тупат. Азірнуліся і ўбачылі Нонку, якая ва ўсе лапаткі лупіла ў бок бульвара. Пасля да нас даляцеў скрогат, дробны звон, нейкае брынчанне.– Трамвай! – крыкнуў Жэнька. – Во пашанцавала!Мы прыўдарылі за Нонкай. Сапраўды, злева, страшна гайдаючыся, калоцячыся дробнымі дрыжыкамі, надыходзіў брынклівы, аблуплены трамвай. Нонка ўжо стаяла ў тамбуры і, подлая, прадавала зубы.Мы беглі за трамваем, наздаганяючы яго, хапаліся за парэнчу, набіралі хуткасць і скакалі на падножку. Апошняму, Багдану, давялося падмагаць, падцягваючы за каўнер.Трамвай гайдала так, што трэба было здзіўляцца, як ён не зляціць з рэек. Мы крыху адсапліся.– Хто пячору выкапаў? – спытаў я.Ролік хмыкнуў.– А чаму мы пыталі, з якой ты вуліцы? – насмешліва спытаў Жэнька. – Тут навокал усе нам ворагі. I з Падвальнай, і з Пірагоўскай, і з яўбаза. Мы тут адны. Як гусіты. Супраць усіх.– Культурны, – сказаў я. – I часта ж яны вам у косткі даюць?– Чаму? – прабасіў Багдан. – Мы часцей.– Іх жа шмат. Столькі вуліц.У Роліка быў крыху заклапочаны выгляд:– Нас шэсць было. Іх дзесяць. Цяпер двох бацькі з Кіева звезлі. Адзін у больніцы. Крыху-крыху падарваўся. Ну, трох супраць дзесяцёх малавата. Яшчэ завербаваць аднекуль трэба. Ваенны тэрмін: “роўныя сілы”.Трамвай набліжаўся да Крашчаціка, які ў гэтым месцы не быў разбураны. Нонка стаяла ля пярэдніх дзвярэй. Яна, дый усе мы і не падумалі браць білеты. У нас проста не было грошай, але мы рабілі выгляд, што грэбуем такой умоўнасцю, як білет. Кандуктары даўно і безнадзейна змірыліся з гэтым. А можа, ім проста было прыемна, што вось і падлеткі ў горадзе з’явіліся, што горад, значыцца, ажывае.