Лісце каштанаў

– Слухайце, хлопцы, – сказаў раптам Жэнька, – ёсць прапазіцыя, як спаймаць тую выжлачку. Прабіваемся наперад і, як пачнуць выходзіць, у штурханіне бяром пад руку. Скандаліць у тлуме не будзе. А як выйдзем – тут ужо яна – наша.Мы з абыякавымі мінамі пачалі праціскацца наперад. Трамвай замаруджваў свой бег: закалаціліся, зазвінелі ацалелыя шыбы. Унутрана мы трыумфавалі. Ну і задамо мы зараз ёй дыхту! Не балюча, а так, каб ведала, як смяяцца з вышэйшай пароды.Чорта з два!Трамвай яшчэ ляцеў ваўсю, але яна, відаць, заўважыла наш дэмарш, спакойна адсунула дзверы, узялася за парэнчу і, спінаю назад, як хлопец, як сапраўдны ас гэтай справы, скочыла на брук. Прабегла метраў дзесяць і, па крывой, выскачыла на тратуар, адкуль і паказала нам ружовы, доўгі, вельмі ж агідны язык.Нас пранесла ўжо метраў на трыццаць, і скакаць цяпер не было сэнсу. Усё адно не дагоніш. А Нонка ўжо кінулася бегчы, каб не адстаць ад трамвая, не згубіць нас.– Во, чорт! – бурчаў Багдан. – Во, халера! Во, чартоўка! Змяюка гэткая!– Так, – сказаў Ролік. – Што ні кажыце, хлопцы, а нешта ў гэтай заразіне ёсць. Хоць і дзяўчо.Мы вылезлі – Нонка была па-ранейшаму метрах у трыццаці ад нас.I тут здарылася тое, чаго я ні дагэтуль і ні пасля не дазваляў сабе. Стараўся, ва ўсякім разе, рабіць тое, што зрабіў тады, але не такімі метадамі.На рагу бульвара і Крашчаціка – я яшчэ здалёк, носам, пачуў гэта – быў хлебны магазін. Цёплы, добры, самы прыемны на свеце пах гарачага, свежага хлеба ляцеў адтуль. Пахнула спелай нівай пад сонцам, млынам, калі з-пад жорнаў зграбаюць гусіным крылом у мяхі рэшткі мукі, боханамі, што астываюць пад ручнікамі – і так прыемна падлезці пад ручнік і адкалупнуць збоку шорсткую гарачую скарынку, якая драпае дзясны, або і адрэзаць скібку, пасаліць яе шэрай буйнай сырой соллю, што храбусціць на зубах. I з’есці.Нам па картачках належала чатырыста грамаў хлеба на дзень. У правінцыі на карткі больш нічога не давалі, і гэтага было мала, дужа мала. I ўсё ж ніхто з гэтай прычыны не ныў. Ведалі: даць болей проста немагчыма, калі хочам дабіць гэтую ненавідную свалоту, давесці справу да сапраўднага канца.Але тут здарылася тое, што абразіла нас, падлеткаў, да глыбіні душы. Дарослыя, праходзячы, усміхаліся або паціскалі плячамі, а мы стаялі, як саляныя слупы, уражаныя, пакрыўджаныя. З нас нібы насмяяліся, абняславілі, аганьбавалі. I, галоўнае, не толькі з нас, а і з усіх гэтых нясытых людзей, якія мужна, аддана рабілі сваю справу і не скардзіліся.Не ведаю, ці дурань быў дырэктар, ці начальства ў яго было дурное. Але паабапал дзвярэй віселі дзве вялізныя рэкламы на шкле. На абедзвюх былі тоўстыя румяныя пекары ў белых халатах і каўпаках.Яны прытанцоўвалі, і раты іхнія былі расцягнуты ў ідыёцкай усмешцы, а на расстаўленых пальцах правай рукі яны неслі падносы з пляцёнкамі – халамі, рагалікамі, плюшкамі, франзолямі, батонамі і іншым такім. А пад пекарамі было напісана такое:“Качество хал выше похвал”I яшчэ:“Пополнеть скорее чтобы, надо есть побольше сдобы”– Т-так.Я зірнуў на Роліка і ўбачыў, што ў таго дрыжаць ноздры.– С-свалота.У руцэ ягонай я заўважыў досыць вялікі ўламак цагліны. I тады я, сам не ведаючы нашто, нахіліўся і падабраў другі.– Ты ў левую, – праз зубы сказаў Дзмітрэнка....Дзынкнула, пасыпалася на тратуар шкло. Сівы мужчына на пратэзе кінуў погляд у наш бок і ўбачыў, як мы схаваліся ў бліжнім пад’ездзе.