Лісце каштанаў

– Нонкі няма! – з захапленнем гікнуў Жэнька.– То ж бо! Як да камянёў, так іхняга племя з сабакамі не знойдзеш.Мы падышлі да трамвайных рэек. Пасярэдзіне Крашчаціка была ачышчана вузкая палоска дарогі, амаль сцежка. I на рэйках стаяў куртаты трамвайчык, “запрэжаны” ў платформу. Платформа была загружана бітай цэглай, брыламі гэтай самай цэглы і ўламкамі бетону, з якога змеямі тырчала ржавая пакручаная арматура,– Хлопцы, – сказаў Дзмітрэнка. – Як толькі зазвоніць – чапляйся. Чаго нам аж да плошчы Калініна пешшу тупаць....Трамвай крануў з месца. I паплылі, паплылі, паплылі перад намі віды, адзін жахлівей за другі.Дамы, падобныя да выветраных скалаў у пустэльні, страшныя, немыя, як пачварныя старажытныя замкі. Бетонныя брылы хістаюцца на арматуры, ледзь наляціць вецер. Патокі друзу, жвіру і пяску сплываюць між іх. Дамы, разбітыя ўшчэнт, і дамы, разрэзаныя, як пірог, і таму яшчэ больш страшныя, з рэшткамі шпалераў на сценах, з перакінутым, разбітым раялем. Дамы, яшчэ зусім нядаўна жывыя і цёплыя, а цяпер – мёртвыя шкілеты былога дабрабыту, радасці, любові да дзяцей.Мы маўчалі. Нам было кепска, як ніколі.– А кандзіцерскую на тым рагу памятаеш? – спытаў Жэнька. – Дзве трубачкі і вады з сіропам колькі хочаш: і апельсінавай, і яблычнай, і…– Змоўч, – глухім голасам сказаў Ролік. – Тут жыць болей немагчыма. Не таму, што немагчыма, а... з сораму потым здохнеш, вось што. I калі сорам гэты ў нас яшчэ не зусім прапаў, то чым хутчэй мы задуманае зробім – тым лепей. Біць за гэта трэба, аж пакуль жоўцю рыгаць не пачнуць.Памаўчаў.– Наконт шаўковіцы. Трэба і яе набраць і насушыць у запас. На лопухах не выедзеш. У лаўры, ля падземнага хода, яе – гай! Дарослыя, так званыя, туды не лазяць. А мужыкоў нашага ўзросту там, відаць, чорт ма! На даху сушыць будзем.– Нішто прыдумка, – буркнуў Багдан.Платформа раптам спынілася, і не паспелі мы спахапіцца, як над яе краем з’явілася, нібы выплыла поўня, круглае чырвонае аблічча з рудымі запарожскімі вусамі.– Т-та-ак, – сказала поўня. – А я вязу дый думаю – а хто гэта ў мяне, а што гэта за вераб’і на платформе цывікаюць? Аж гэта паны Ракфелеры надыбалі ўласны трамвай. Міла. Ну, і куды паедзем? На звалку, куды я гэты друз адводжу? Або проста ў КПЗ?Мы злезлі з платформы і пачалі перамінацца з нагі на нагу.– Гм. Чаго вы топчацеся? Чаго? Вы што, мядзведзі ў клетцы? Я ж чалавечай мовай кажу: надыбалі трамвай, то куды везці?Першы акрыяў Жэнька. Ступіў шаг наперад і гжэчна пакланіўся:– Прабачце, мілорд. Але не біць жа нам пяты па такім дрэнным бруку? Ну, мы і скарысталіся з гэтай карэты, якая дзяржаўная, а значыць, і наша. Аб чым крык? Калі справа ў аплаце, то атрымаеце па чэку ў банку Ракфелераў. Маім банку.Важаты літаральна анямеў ад гэткага нахабства.– Вы... Вы... Акыш!– Якое, аднак, дзікунства цэй украінскі народ, – сказаў Ролік. – Ач, він навіть нэ знае, що такэ чэк.Невядома, чьш бы ўсё гэта скончылася, але тут з-за брылы скочыла даўганогая запыленая істота, крутнулася пад рукамі важатага, прабегла паўз нас і спынілася на бяспечнай адлегласці.– Божа, – толькі і сказалі ў адзін голас важаты і Ролік. – Божа!– Што ж, вы думаеце, я не ведала, як вы дабірацімецеся? – хіхікнула Нонка. – Раз на Дніпро, то іншай дарогі вам няма.Важаты махнуў рукой. Мы змрочна папляліся да Купецкага саду.– Слухай, – сказаў Ролік. – Што ты цягаешся за намі? Хто цябе прасіў, зараза? Сумленне ты маеш?