1 2 3 4 5 6 7 8 9

Лясная гісторыя

Перад світаннем, калі патухаюць зоры, калі неба робіцца бледна-зялёным, як недаспелае яблыка, і над ляснымі азёрамі разгараецца адзіная калючая зорка, – з лясных зараснікаў выходзіць да возера прыгожы гарбаносы звер. Доўгімі стальнымі нагамі ён асцярожна ступае па травах, і ніводная ламачына не хрумсне пад яго капытом. Звер асцярожна пасоўваецца наперад, і, быццам падпарадкоўваючыся невядомай і бязгучнай мове, з зараснікаў выплывае за ім другі звер, меншы. Яны падыходзяць да возера і, прымінаючы жоўтыя касачы, пачынаюць асцярожна цягнуць ваду праз ружовыя мяккія губы. Ласянё праганяе смагу хутчэй і пачынае дурэць: торкае маці храпай пад пахвіну. Яму добра і весела, ён чухае задняй ножкай за вухам, глядзіць на свет добрымі, вялікімі, як слівы, вачыма. Але вось нейкае далёкае храбусценне, занадта яшчэ далёкае, каб быць небяспекай, насцярожвае ласіху. Вось яна стрыганула вушамі, вось наставіла прыгожую морду. І дзіцё заціхла. І яны рушылі след у след, яна – падобная на пачварна цыбатага каня, ён – на маленькую прыгожую цацку, у якой усё – як у вялікіх.Зніклі, быццам і не было. Палымнее над люстэркамі азёр усход, салодкія прыемныя дрыжыкі прабягаюць па лістоце; раса, прадвесніца яснага дня, павольна збягае на зямлю. Лес стаў прыгажэйшым, ён гожы, як песня, але зусім пусты, быццам разам з жывёламі адышла і яго душа.Ужо два тыдні мы ўтрох жылі ў вялікіх Багушэўскіх лясах. Здзічэлыя, аблепленыя павуціннем, галасістыя, як ішакі, мы перажывалі адзін з тых момантаў, з-за якіх, уласна кажучы, толькі і варта жыць. Мы начавалі ля вогнішча, накручвалі на лёску цэлыя ахапкі жабніку, збіралі першыя баравікі-“жытнічкі”, смажылі ўвечары рыбу, ляжалі на траве, расплываючыся пачуццямі па ўсім прыгожым свеце. Мы наладжвалі раніцою індзейскія скокі вакол вогнішча і наогул трымалі сябе як банда сентыментальных ідыётаў. Нас было трое: я, Валька Лісоўскі і Зміцер Шчарбянок. Мы былі старымі сябрамі яшчэ па вясковай школе, але потым шляхі нашы разышліся: я паступіў у інстытут, Валька і Зміцер, якія былі маладзейшыя за мяне, яшчэ вучыліся ў дзесятым і дзевятым класах адпаведна. Валька хацеў паступіць рабочым у Надзеінскі заказнік, Шчарбянка дзядзька паабяцаў уладзіць аб’ездчыкам у лясніцтва, і ён не збіраўся ісці ў дзесяты клас. Яму “абрыдлі, як гнілая рыба”, алгебра і геаметрыя. Шляхі разышліся, але па-ранейшаму кожнае лета я спяшаўся туды, у родны мой кут, ружовы ад верасу, блакітны ад бясконцых азёр. І зноў сустракалі мяне самыя верныя мае сябры. Можа, хто-небудзь скажа, што ў мяне будуць і лепшыя, але я зусім не веру ў гэта. Забываецца ўсё, акрамя зялёна-блакітных стагоў пад месяцам і гучання балабона ў ранішніх лугах. І яшчэ, акрамя ляманту друга, калі буйная рыба пачынала “вадзіць” і “цягнуць”. І яшчэ, акрамя таго выпадку, калі Зміцер, купаючыся, трапіў нагою ў забытую пастку, што паставіў нейкі баўдур на выдру. Пастка, відаць, сарвалася і стаяла зараз на такой глыбіні, што Зміцер амаль гадзіну стаяў у вадзе, высунуўшы на паверхню толькі твар. Мы ледзь адшукалі яго і пакляліся даць гэтаму браканьеру добрую лупцоўку, калі зловім. І не забыць яшчэ таго дня, калі Вальку ўкусіла гадзюка. Зміцер дзелавіта прыціснуў вялікую пярэстую гадзіну рагулькай да зямлі, проста перад мордай паклаў бутэльку з шырокім рыльцам і, калі троху адпусціў кій, змяя слізганула проста ў яе. Зміцер сур’ёзна і з перасцярогамі заторкнуў рыльца. Пасля плюнуў на шкло ў тым месцы, дзе гад намагаўся ўкусіць і дзе заставаліся жоўтыя бісерынкі атруты.

1 2 3 4 5 6 7 8 9