1 2 3 4 5 6 7 8 9

Лясная гісторыя

Нельга было чакаць, пакуль нага запухне і пасінее, а да бліжэйшай бальніцы было трыццаць вёрст, і Валька, той самы ціхі, ласкавы Валька, што больш за ўсё любіў слухаць казкі, як маленькі, – раптам сеў на зямлю, уціснуў нагу пад каленам паміж стваламі бярозкі-дваяшкі і амаль прасіпеў мне:– Ну.Я выцягнуў з кішэні нож. Валька вельмі баяўся болю, таму і замацаваў нагу, каб не перашкодзіць аперацыі. Зараз ён лёг і закрыў вочы. Я зрабіў глыбокі надрэз на тым месцы, дзе цямнелі маленькія кропкі, сляды зубоў. Кроў цякла і цякла, я выціскваў яе, але мне здавалася, што скура вакол ранкі ссінела. Я вельмі баяўся за хворы зуб у маёй верхняй сківіцы, але ўсё ж прынік да ранкі і пачаў высмоктваць яе. Я смактаў і смактаў, пакуль Зміцер не сказаў мне: – Хопіць, дурубала.Такі ўжо быў наш стыль размовы.А Валька вызваліў нагу і вельмі спакойна паклаў на разрэз жарынку з вогнішча. Я даў яму ў патыліцу, і мы забінтавалі яму нагу. І ў яго і ў мяне была пад вечар лёгкая гарачка, але гэтым справа і абышлася.Або… Але пра гэта хопіць. У мяне ніколі не будзе лепшых сяброў, паверце мне.І вось у той вечар мы сядзелі ля зыркага вогнішча, пяклі бульбу і размаўлялі абы пра што. Калі вы не ведаеце яшчэ, што такое сапраўднае шчасце, – прыязджайце да нас, і мы вось так, з ціхаю размовай, пасядзім ля вогнішча і паглядзім на Кабечае возера ўначы. Павольна сіпеў чайнік, выліваючы на вуглі з носіка збытак вады, вуглі на тым месцы, дзе вогнішча прыгарэла, здавалася, хутка-хутка мяняліся месцамі. Спіну прыемна халадзіў подых начнога возера. І, Божа мой, чаго толькі не адбывалася вакол! Салодка, нават сладастрасна пахнулі лугавыя гваздзікі, аддаючы з водарам дзённую цеплыню, ялейна пахнуў чабер. Здавалася, што ты раптам атрымаў сабачы нюх, столькі разнастайных, вызваленых пахаў лавіў нос.Часам гучна біла на возеры вялікая рыба, патрывожаная, напэўна, нейкім недарэчным рыбіным сном. Цьмяныя кругі разбягаліся па вадзе.Крычаў недзе пугач, жадаў напалохаць уласную смерць. І палёт кажана над змрочнай вадою быў ледзь прыкметным.Лес жыў, але гэта жыццё, нават з удзелам нас, людзей, было нейкім незавершаным, няпоўным.– А памятаеш лася? – спытаў Валька.І нам прыпомніўся яшчэ адзін вечар, год таму , толькі тады справа была восенню. І ноч была паўнейшай, бо недзе за бліжэйшай грываю трубіў лось, выклікаючы на гон ласіху. Ноч была амаль срэбная ад халоднага па-асенняму месяца, ад паветра, прасякнутага ім. Уначы здарыўся лёгкі замаразак і лужыны ўзяліся з краёў лядком. І над гэтымі лужынамі, над серабрыстымі лясамі, над азёрамі, пад халодным вялізным месяцам гучэў крык лася: – О-ох! О-ох!Мы ведалі, што ласёў у нашых лясах, напэўна, толькі пара, хоць закон і ахоўваў іх. І адзін з іх быў той самы лось-самец, што трубіў зараз у ярасці, прасякнуты нечуванай цягай і жахам перад самотай. Ён выдзіраў з зямлі рагамі даволі вялікія дрэўцы (мы знаходзілі вываратні) і крычаў, крычаў, клікаў да сябе сваё каханне.Ох, як жаласна трубіў тады лось, скардзячыся на бязмежную самоту, на тое, што знішчаны ягоны, калісьці вялікі і магутны народ, на тое, што астатніх аддалі на літасць людзей, у якіх няма літасці.Дзе яна была, слава былая, былая ўсемагутнасць ласінага племя?І мы слухалі і спачувалі яму, але што мы маглі зрабіць. Тады ў Багушэўскіх лясах, як амаль паўсюль на Беларусі, лютавалі браканьеры.– Цягні, хлопцы, сячы, хлопцы, страляй, хлопцы. Хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар.

1 2 3 4 5 6 7 8 9