1 2 3 4 5 6 7 8 9

Лясная гісторыя

І пад гэты акампанемент падалі дрэвы, якія маглі б радаваць вока праўнукам, як радавалі – прадзедам, перасыхалі слабенькія лясныя крынічкі і маладым ялінкам абпальвала слабыя, дзіцячыя рукі сонечнае святло. Яны гінулі за бацькамі. І пад гэты акампанемент браканьер за гадзіну рабіў рукамі, што калаціліся ад прагнасці, з дасканалага жывога звера – шкуру і пласты сала, што дыміліся на халодным паветры. І пасля ён на гэтыя грошы ванітаваў пад плотам.Даўно знік у нашых лясах добры бабровы народ, рэдкім стаў гарнастай, мядзведзі залезлі ў сваю апошнюю цытадэль – лясы ў вярхоўях Бярозы. Хутка і там іх здрадніцкі выдалі ў рукі ворагу. І стрэлы гучэлі і гучэлі. І за кожную жывую шкурку звярынага дзіцяці некалькі пакамечаных рублёў пераходзіла з адных брудных рук у другія. Наш народ не насіў гэтых футраў. Іх падпольна, таемнай і подлай дарогай нажывы прадавалі тым, хто запускаў руку ў дзяржаўную кішэнь.Божа, як мы ненавідзелі іх, гэтых сыраядцаў! Мы былі цвёрда ўпэўнены, што за гэта, як за чалавеказабойства, павінна быць адзіная кара – кара смерцю. У другіх краінах ёсць акіяны, ёсць высокія горы, ёсць уцёсы, якія робяць душу жыхароў гордай, вольналюбівай і прыгожай. А ў нас ёсць толькі раўніны і лясы, сябры нашы ў бядоце і радасці. Што будзе краіна наша, што будзе душа наша без лясоў, а значыцца, і без высакароднага, прыгожага, безабароннага, вышэйшым сумленнем жыцця адданага ў нашы рукі звяр’я?Сябры мае, у той вечар мы яшчэ раз атрымалі горкі доказ таго, што прагнасць нічога не шкадуе. Крычаў лось, скардзіўся на самоту пад вялізным месяцам. І раптам цішыню прарэзаў далёкі-далёкі стрэл. І адразу стала цішыня, такая цішыня, як быццам памёрла нешта вельмі важлівае на зямлі.Памёрла сумленне.Мы ведалі ўжо на другі дзень, хто забіў старога лася. Гэта, вядома ж, быў той самы Пашка Ермалюга, што неяк выхваляўся забойствам дваццаці ласёў.Гэта быў дрэнны чалавек, гнілы чалавечак, як кожны браканьер. Кожны, напэўна, згадзіцца са мною, што браканьер абавязкова здрадзіць на фронце, прадасць сяброў-партызан, будзе гандляваць уласнай жонкай – для яго няма святога.Але Пашка нават і сярод браканьераў вызначаўся нейкай сапраўды нялюдскай жорсткасцю. Ён забіваў цельных коз, гэтага дастаткова.Аднойчы я сам бачыў, як ён прынёс у торбе ваўчыны вывыдак і выкінуў ваўчанят на траву. Справа ёсць справа, мы не бабы. Кожны мужчына разумее, што ёсць толькі два ворагі навек і да смерці: воўк і рысь. І кожны мужчына заб’е ваўка, нават яшчэ сляпога і слабага.Але адвечны гонар мужчыны ў тым, каб забіваць нават ваўкоў без лішніх пакут. Яны ворагі, але без злоснага намеру. Проста так загадала маці-прырода. Таму – забі, але не здзекуйся. Ты – чалавек.А Пашка ўзяў у хаце чайнік і метадычна, павольна абварыў задок кожнаму ваўчаняці струменем крутога кіпятку. Ваўчаняты папісквалі, не ведаючы, скуль узялася такая бяда.У гэтую хвіліну я вельмі шкадаваў, што ў нас мала ваўкоў і што яны не зжэрлі Пашку пад час адной з яго браканьерскіх экскурсій. Увечары, на гулянцы, я прычапіўся да Пашкі і сунуў яму ў морду. Я не мог забыць, як ён амаль пяшчотна ўхмыльнуўся, абварваючы чарговае ваўчанятка. Ён ведаў, што рабіў: прэмію даюць не за шкуркі. Дастаткова, каб быў скальп.Пашка жыў на ўскраіне сяла з маці, якая толькі што не вылізвала яго ўласным языком. Яму было дваццаць шэсць, больш як усім нам. Ён добра зарабляў, але хата была занядбаная, і сам ён большую частку дня хадзіў ледзь не ў лахманах. Затое на гулянкі апранаўся так, як ніхто ў вёсцы. Са школы выгналі за празмернае захапленне паляўнічымі справамі, дзякуючы чаму сядзеў чатыры гады ў пятым класе. Не вытрымала сэрца нават у самых заядлых паборнікаў усеагульнага навучання. І тут пачалася адысея Ермалюгі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9