1 2 3 4 5 6 7 8 9

Лясная гісторыя

Ён быў добрым паляўнічым, у гэтым яму не адмаўлялі нават мы. Але гэтым ён быў і страшны. З д’ябальскай падступнасцю, хітрасцю, розумам ён пачаў праследаваць жыхароў пушчы. Ён страляў, ставіў пасткі, атручваў. Не грэбаваў нічым. Пасля знаёмства з ім я цвёрда пераканаўся, што ўсё ж ёсць людзі дрэнныя ледзь не з пялёнак. Ён рос сярод нас, спяваў тыя самыя песні, вучыўся па тых самых падручніках, што і мы. Напэўна, ён быў усё ж псіхічнахворы чалавек. Хто з нармальных, пачуўшы, што ў наваколлі з’явіўся аднекуль лось, паставіць перад сабою мэту неадменна, адразу ж знішчыць яго? А гэты ставіў.– Я яго расцягну. Ужо я яго падвешу на прыруб, гадаўца.І сапраўды, падвешваў і расцягваў і выбіў усіх ласёў.Ён быў надзіва хітры і так умеў разабраць тушу звера і сплавіць яе нейкім гарадскім знаёмым, што яго проста немагчыма было спаймаць. Ды і хто б стаў лавіць?Пашка быў гатовы на ўсё, рэдкія нашы палясоўшчыкі баяліся яго. Слабасць аховы, блытаніна з лясамі, распаўсюджанае лясное драпежніцтва рабілі тое, што ён адчуваў сябе каралём. Дваццаць ласёў! Каб яму дваццаць куль у жывот!Месяцы за два да гэтых падзей раптам амаль ва ўсіх мужыках вёскі загаварыла сумленне, праўдзівей кажучы, звычайны гаспадарскі інстынкт. Зямля ў нас бедная, ад чыгункі далёка. Паступова дадумаліся, што пры такой лясной гаспадарцы хутка давядзецца замест мяса і рыбы смактаць уласныя лапы. Таму стварылі групу з трох паляўнічых, што павінны былі дапамагаць палясоўшчыкам. Гэта дало пакуль што мала выгады. Частка браканьераў пакінула свае справы, але быў яшчэ Пашка. Ён толькі пасмейваўся:– Вось добра. Здалі ўсё паляванне мне на водкуп. Ну, я ўжо папрацую. За пяцёх.І ўсе ведалі, што гэты можа і ў спіну стрэльнуць.Мы пасля выпадку са старым ласём ненавідзелі Пашку ўсёй душой. Нам здаваўся агідны гэты прыгожанькі твар, паабапал якога, невядома адкуль трапіўшы, сядзелі вушы, самыя дзіўныя вушы, якія мне даводзілася бачыць. Яны былі вялікія, вострыя, амаль без мочак. І ён мог круціць імі, менавіта круціць, а не проста варушыць. Мог круціць адным вухам у адзін бок, а другім – у другі. Калісьці гэта было забаўна, зараз – выклікала агіду. Вушы, як у ваўка.Дык вось, мы сядзелі тады каля вогнішча, і Валька спытаў пра лася. Гэта быў добры вечар, ледзь не самы добры ў маім жыцці, і які ж страшны ранак павінен быў адбыцца пасля гэтай ночы.– Ведаеш, – сказаў мне Валька, – зноў нехта бачыў лася.– Глупства, – мармытнуў Зміцер. – Гэта плёткі, напэўна. У нас тут амаль ціха зараз. Дзе яны, тыя звяры? Каб быў лось – я б ведаў. Не можа быць, каб звер не пакінуў слядоў.– Цю-у, – свіснуў Лісоўскі. – А можа, ён у Ардзішоўскі заказнік перайшоў. Чорт яго там хто знойдзе, нават сам Пашка. Разумееш, не? Разумееш?– І відаць, што тамцюр цара нябеснага, – разважліва сказаў Шчарбянок, выстругваючы нешта з кавалка дрэва. – Пашку і шукаць яго не трэба.– Ну і няхай адшукае, няхай. Як, хацеў бы я ведаць?– А так, – буркнуў Зміцер.– А як?– А вось так. Вада там ёсць ці не, у Ардзішоўскім заказніку?Месца, праўда, вільготнае, бураломнае… страшнае месца. Там хавайся хоць сотню год. Але ж на ўсе гэтыя нямераныя вёрсты вады няма. Дзе там хоць адно азярцо, дзе хоць крынічка?І звер святым духам жыць не будзе. Яму трэба піць толькі адзін раз на дзень, нават на два, але затое дасхочу. І трэба піць чыстую, здаровую ваду.– Ну і… Ах, дурань я дурань.– То-та ж. Здагадаўся нарэшце.

1 2 3 4 5 6 7 8 9