1 2 3 4 5 6 7 8 9

Лясная гісторыя

Зміцер замоўк, адпачываючы пасля такой доўгай прамовы. Пасля, прыбавіў:– Я думаю, ён сюды ходзіць, на Кабечае… ваду піць.– А што, – загарэўся Валька, – гэта магчыма. Бліжэй за ўсё. І месца глухое. Толькі калі ходзіць, дык ходзіць Кізікавым ярам, дзе яшчэ жоўтыя касачы. А ты там, напэўна, і не шукаў. У цябе, Зміцер, чэрап тоўсты, як дзюймовая дошка.Зміцер прамаўчаў, быццам сам ведаў гэта.– А што, хлопцы, – Валька лёг на жывот, – а ці не пайсці нам сёння туды перад світаннем? Схаваемся дзе-небудзь і паглядзім. Цікава.– Абавязкова сходзім, – вырашыў я. – Толькі стрэльбу пакладзём тут. За цябе, Зміцер, не баюся, а Валька можа захапіцца, у яго сэрца такое, і стрэльнуць. А потым пакутаваць сумленнем будзе, што так душою рыгнуў.– Я тады ў манастыр пайду, – заявіў Валька, боўтаючы нагамі ў паветры і намагаючыся хлопнуць сябе пяткай па заду.– Ты думаеш, раней у манастыры таксама дурняў адных бралі? Не, брат, яны разумных, – салідна, быццам каменні варочаў, сказаў Зміцер.– У манастырах добра было. Туды жанчын не бралі… Я гэтых жанчын не магу цярпець, ненавіджу. Большасць з іх дурныя, як курыцы. Дачка настаўніка самая разумная ў нашым класе, а заўважыла ў мяне шрот і давай прасіць: “Валечка, любенькі, схавай ты яго, стрэліць яшчэ”. А піску, а віску! Фу! Ты, Зміцер, гэтага не разумееш. Ты – бабнік, або, як у нас кажуць, “бабздыр”.Валька любіць смачныя і рэдкія словы і часта будуе сказ, толькі каб ужыць такое новае слова. Я ўпэўнены, што ён не думае такога пра Шчарбянка.Але Шчарбянок раптам чырванее і круціць круглай, як шар, галавою.– Н-ну свіння. Чакай. – Ён лаецца і маўчыць, яму лень узняцца.– Сходзім, – вырашаю я. – Абавязкова сходзім. Раптам Зміцер заўважае нешта.– Гэй, Валька, мне здаецца, што ты лісіцу спаймаў, порткі прапаліў. Ану павярніся, каток, сюды.Валька борздзенька паварочваецца спіною да Шчарбянка, і той раптам з ляскам падпярэзвае яго па заду доўгай лазінай, якая, невядома як, апынулася ў яго руцэ.– На табе за “бабздыра”.Мы ўсе смяёмся. Дзіўны хлопец гэты Зміцер. Яшчэ ў трэцім класе быў моцны, як бык, мацнейшы за ўсіх, а білі яго нават першакласнікі. Ён толькі міргаў вачыма.– Чаго я яго біць буду?.. Стукнеш – яму балюча будзе, будзе раўці… Крыку, значыцца, многа будзе. Неспако-ойна.Зачараваныя гэтай непаўторнай філасофіяй, мы з Валькам узялі яго пад сваю апеку, і з тых часоў пачалася наша дружба. Гаворыць ён зусім мала, за ўсё жыццё, здаецца, ні з кім не сварыўся. І вось бачыце, нават з нейкім гумарком, цяжкім, як яго кулакі…Мы даўно папілі чай. Ляжым на коўдрах і маўчым. Цемра стае густейшай, гэтыя летнія ночы кароткія, на адну дзявочую песню.Недзе крычыць птушка-бугай. Яна таксама знікае з нашых рэк і балот. Напэўна, тыя самыя невясёлыя думкі прыходзяць у галаву і Вальку, бо ён нечакана абапіраецца на локці, прыўстае:– Ведаеш што? Цікава, дзе зараз лесуны падзеліся? Дзед Марка іх, можа, сто разоў бачыў. А мы…– Іх адмянілі, – ляніва сказаў Зміцер.Валька маўчыць, але я заўважаю ў яго шырокіх чорных вачах нейкі дзіўны агеньчык.– Хлопцы, а я ведаю, дзе яны. Наш жыве ў Ардзішоўскім заказніку, а бліжэйшы яго сусед аж за Барздзілаўкай, за восем вёрст. Звяр’ё выбілі, лес парадзеў. Раней-та яны суседзі былі, а зараз разышліся далей, бо нетры любяць. Дзеці ў іх, напэўна, паўміралі. А яны ўжо старэнькія. Ходзяць, лічаць звяр’ё – і не далічваюцца… Я нават бачыў: наш да яго ў госці ходзіць, бо трошкі мацнейшы. Пагаворыць так гэта сумна, і наш ідзе дахаты. І ўсё на пнях спачывае, спачывае…

1 2 3 4 5 6 7 8 9