1 2 3 4 5 6 7 8 9

Лясная гісторыя

Зміцер пачціва маўчыць. Вядома, такому цельпуку нічога такога не выдумаць, хоць сто год думай. Мы не кажам, што Валька брэша. Мы паважаем нашага друга за гэтую здольнасць.А Валька перакульваецца на спіну і глядзіць у неба.Я добра бачу яго белыя вільготныя зубы, загарэлы твар, чорныя валасы, што рассыпаліся па зямлі. І яшчэ вочы з такімі выгінастымі вейкамі, што яны павінны былі б дастацца дзяўчыне.Я вельмі люблю Вальку.А ён пачынае ўжо плесці нейкую новую ману:– Бачыце, хлопцы, ноч ляціць. Унь, на чорным кані. Конь стомлены, ледзь перабірае капытамі ў паветры. І твар у ночы чорны…Голас яго слабее, заціхае. Праз хвіліну ён спіць. Засынаем і мы, шчыльна захінуўшыся ў стары рыжы палітон і кажушок. Начныя сны ў лесе кароткія. Засынаеш, прачынаешся і зноў засынаеш. І ў сне амаль тое самае, што наяве: далёкі крык пугача, шапаценне хвой, ноч на чорным кані і цэлыя абярэмкі жоўтых касачоў. Часам праз напаўзакрытыя павекі пабачыш язычок полымя, што вырваўся на волю з вуголляў, пачуеш, як сваволіць у сітнягах вадзяны пацук. І зноў цішыня, сны.– Уставай, уставай, – торгае нехта мяне за плячо.Гэта Валька. Ён свежы і чырвоны: паспеў памыцца. Зміцер сядзіць ля вогнішча і калоціцца са сну. Ноч яшчэ толькі пабялела, і невядома, добры або шэры будзе дзень.Мы ідзём. Свет увесь купаецца ў расе і, з недасыпу, здаецца нейкім дзіўным. Павуцінне ў дробных бісерынках расы гарыць, як хрустальнае. Толькі тут заўважаеш, як многа ў лесе павукоў. Адна ззяючая сетка вісіць нават паміж самымі высокімі галінкамі аднаго дрэва.Мы змоклі амаль да грудзей. Кветкі пакідаюць на нашых ботах мокрыя рознакаляровыя пялёсткі.А Кізікаў яр здаецца зусім непаўторнай мясцінаю. Жоўтыя касачы на беразе возера стаяць нязломным гушчаром. Над ярам схіліліся дрэвы, ён нагадвае тунель.Мы выбіраем зацішнае месца і кладзёмся на зямлю. Ранак. Спяць яшчэ нават птушкі, і ў лесе цішыня.Я не ведаю, як доўга мы ляжалі тут, і вось сапраўды, мы як пацэлілі са сваёй здагадкай.– Ласіха, – шапнуў аднымі губамі Зміцер. – Вось каго клікаў стары лось.Я толькі тады заўважыў вялізны даўганогі цень, што выплыў з зараснікаў і асцярожна паплыў па травах да возера. Ён ішоў так ганарліва, так прыгожа, што ў мяне нешта зашчыкала ў вачах. Бязрогая, з гордай шыяй, з доўгімі моцнымі нагамі.– Глядзі, – здагадаўся я па вуснах Шчарбянка.За ласіхаю выйшла ласянё і, пераймаючы рухі маткі, такое сур’ёзнае, маленькае, добра выхаванае, пакрочыла за ёй.Яны пілі ціха. Ім трэба было напіцца, каб пасля зноў на цэлы дзень пайсці ў сваю цытадэль, дзе бяспека і мір. У іх аднялі нават ваду, адняў не закон, а слабасць нашага ляснога закону. А вось жа самы хатні дзікі звер на зямлі толькі нядбайнасцю, нецікаўнасцю чалавека пакінуты дзікім.Яны пілі, яны баяліся. Мне стала так сорамна, што я пачырванеў. І ўсё ж гэта было дзіва як прыгожа. Возера, лес, звер, кроплі вады, што падалі з пысы жывёлы, калі яна на хвіліну пакінула піць і прыслухалася. Піце, любыя, піце. Хто кране вас у такую мірную, такую добрую гадзіну? Стрэл прагучаў раптоўна, аднекуль справа, з-за нас. Мы яшчэ не паспелі зразумець, у чым справа, як ласіха вялізнымі крокамі адбегла ад возера (хмызняк затрашчаў) і цяжка павалілася на зямлю. Потым павольна-павольна ўстала. З нагі яе лілася кроў. Ласянё, задаволенае тым, што маці стаіць спакойна, хутка падбегла і пачало смактаць. Яно было даволі вялікае, але яшчэ зусім дурное, гэтае ласянё.

1 2 3 4 5 6 7 8 9