1 2 3 4 5 6 7 8 9

Лясная гісторыя

Мы глянулі назад: па траве яшчэ расплывалася хмарка парахавога дыму. Я не памятаў, што я раблю. Я выйшаў са сховішча і накіраваўся да звера. І раптам спыніўся: ласіха зрабіла некалькі кульгавых крокаў і стала, бо ласянё не хацела ісці. Яно, відаць, ведала: маці не бяжыць стрымгалоў – значыць, можна не бегчы самому.І тут па прыгожай атласнай шкуры жывёлы прабеглі дробныя дрыжыкі, потым мацнейшыя. Я быў ужо зусім блізка і тут пабачыў незвычайнае: вялікія-вялікія слёзы пакаціліся з вачэй звера…Я, вядома, сачыў раней, як плачуць гусі, калі іх рэжуць, але гэта было вышэй маіх сіл.– Сцеражыся, капытам заб’е, – крыкнуў мне Валька.Але я і так павярнуўся і пайшоў. Толькі апынуўшыся поруч з другам, я кінуў позірк назад. Ласіха павольна, вельмі кульгаючы, накіроўвалася ў лес.– Што з ёю будзе, га? – спытаў Валька.– Сапсаваны звер. Здохне, напэўна. І ласянё… Зусім дурное яшчэ. І столькі драпежнікаў.– Слухай, братка, – загаварыў Лісоўскі, пазіраючы мне ў вочы і забягаючы наперад, – а можа, яна не здохне? Можа, заліжа там, у гушчары? Звяры добра залізваюць раны. Га?– Можа, і так, – сказаў я, і надзея варухнулася ў мяне ў грудзях.Толькі тут, калі ласіха знікла ў дрэвах разам з маленькай цацкай, падобнай на вялікую, мы заўважылі, што Шчарбянок знік.Не памятаючы сябе ад трывогі, мы кінуліся ў тым напрамку, адкуль прагучаў стрэл, і пабачылі двух, што ляжалі ў траве. Верхнім быў Зміцер, і ён трымаў за глотку Пашку Ермалюгу.Пабачыўшы, што мы тут і што браканьер не ўцячэ, Зміцер паволі ўстаў і адпусціў яго. Пашка пацягнуўся быў за стрэльбаю, але Зміцер наступіў на яе нагою. Я ніколі яшчэ не бачыў, каб твар майго друга быў такім. Ні кроплі дабрыні і лені, нічога з таго, што асвятляла яго твар раней. Я не хацеў бы хоць раз у жыцці глядзець у такія вочы. Тоўстыя губы падабраліся, зморшчына страшэннага гневу прарэзалася між брывей.– Падла гнілая, – цяжкім голасам сказаў ён.У Пашкі быў выгляд зацкаванага тхара: злосныя вочы бегалі, рука ўсё хапала і хапала сябе за глотку. І зусім не было чаго яго баяцца.– Д-добра, падлы, – працягнуў ён. – Мы яшчэ сустрэнемся на вузкай сцежцы.– Не давядзецца, – кінуў Зміцер. – Мы цябе проста тут зараз прыкончым.Я паверыў і схапіў Шчарбянка за руку, але ён нечакана мякка сказаў мне:– Братка, браток. Ідзі ты лепей адсюль, ідзі. Мы самі з ім пагаворым.– Я вас яшчэ падаб’ю. З турмы выйду і падстрэлю, г… сабачае. Лягавыя якія знайшліся. І ласіцу гэтую я яшчэ заб’ю. Я тут усё пуста зраблю…Ён смялеў, ён бачыў, што біць яго не будуць. Белая пена з’явілася ў кутках ягоных губ.І тут Зміцер упершыню за ўсю маю дружбу з ім брыдка, мацерна вылаяўся. Ён узяў стрэльбу, трымаючы яе за рулю. Ён быў такі страшны, што мы прыціхлі. Ён узняў яе, і я, ведаючы яго нечалавечую моц і не маючы сіл кінуцца на дапамогу, закрыў вочы. Сухі трэск… “Пашкава галава”, – падумаў я……Зміцер трымаў у руцэ адзін ствол. Ён разбіў стрэльбу аб дрэва. І, гледзячы Пашку ў вочы, спакойна сагнуў ствол стрэльбы ў нешта накшталт васьмёркі. Пасля гэтак жа метадычна здзёр з браканьера патранташ, фінку ў чахле. Патранташ раздзёр, фінку скруціў у нейкі конус, парэзаўшы пальцы. Пашка белымі вачыма глядзеў на ўсё гэтае разарэнне.– Ты мне яшчэ заплоціш за ўсё гэта, – глухім гарлавым голасам сказаў ён.– Слухай, ты, – сказаў з бязмернай пагардай Зміцер. – Ты, чалавечая вош. Мы ўсе тут браканьерствавалі патрошку, але зараз ты, ты адзін. Ты зрабіў зараз такое, чаго апошняя свіння не зрабіла б, значыць, ты не толькі зверам, ты і людзям, ты і мне, яму і яму вораг. Самы паршывы, самы апошні. Словы на цябе не дзейнічаюць, не падзейнічае на такога смаўжа і суд. Такіх, як ты, б’юць жахам, апошнім жахам. Каб не пікнуў. І мы так зробім. Ты або здохнеш, або адвучышся. Папярэджваю: калі ты яшчэ возьмешся за старое, я цябе заб’ю і падпалю тваю хату… бабздыр. Я нікога не біў у жыцці, але цябе тады заб’ю. А зараз ты заплоціш мне за абразу. Каб ведаў, як пакутуе жывое ў такім стане, як яна, ласіха.

1 2 3 4 5 6 7 8 9