1 2 3 4 5 6 7 8 9

Лясная гісторыя

І каротка кінуў мне:– Ідзі, ідзі на наша месца. Возьмеш рэчы і будзеш чакаць мяне і Вальку ля слупа № 223.– Што вы будзеце з ім рабіць? – трывожна спытаў я.– Нічога. Я абяцаю табе, што не крану яго нават пальцам. Хіба недастаткова, што я сказаў.Я марудзіў.– Ты друг мне ці не… Ну.Я пайшоў. Гэтай клятве я паверыў бы нават, калі Зміцер стрэліў бы ў мяне.Яны дагналі мяне ля слупа. Я чакаў не больш паловы гадзіны.– Што з ім?– Пайшоў дахаты, – змрочна кінуў Валька.У той жа самы дзень я на два дні паехаў у горад, а калі прыехаў зноў, то даведаўся ад цёткі, што Пашка яшчэ не вярнуўся з палявання, што першы дзень ніхто за ім не непакоіўся, а зараз збіраюцца шукаць. Кавалак пірага засеў у маёй глотцы. Няўжо Зміцер не стрымаў слова? Няўжо яны забілі гэтую дрэнь? Што ж рабіць?Я паімчаў да хаты Шчарбянка так, як не бегаў ніколі ў жыцці. Мне пашанцавала. Ён сядзеў на вышках пуні і ладзіў клетку для трусоў. Поруч сядзеў Валька.– Ну, – спытаў я, – што гэта вы там нарабілі? Чаму Пашкі няма? Забілі Пашку? Адказвайце! Гады печаныя.Валька схаваўся ў цень, і толькі на яго чырвонай саколцы ляжалі касыя палосы святла. У цемры насцярожана паблісквалі ягоныя вочы. Затое твар Шчарбянка быў асветлены, і гэта быў той самы халодны, падабраны твар.– Кінь плявузгаць, – сказаў Шчарбянок. – Хіба я не даваў слова?– Дык дзе ж ён тады, быдла вы бязрогае? – Напэўна, ідзе дахаты.У мяне перахапіла дух ад такой бессаромнай хлусні.– Як ідзе? Колькі ж яму трэба, каб прайсці тыя дваццаць кіламетраў лесам?– Два дні, галубчык ты мой. Не менш як два дні.Ён памаўчаў хвіліну і потым дадаў:– Мы зрабілі яму “самалёт”.– Які самалёт? – не разумеў я.– А такі. Высеклі лату даўжынёй метраў дзесяць, паклалі на спіну і прывязалі да яе рукі.– Ну а далей?– А далей ён ідзе між дрэў з той хуткасцю, якую яму дазваляе тая лата.– Што ж вы нарабілі?! – пахаладзеўшы ад жаху, крыкнуў я. – Гэта ж значыць, што не прабярэшся між дрэў, а ў хмызах і пагатоў! Гэта ж ён з голаду, ад смагі здохне.– Не здохне, – раптам сказаў Валька. – Гэта добрыя людзі здыхаюць, а такія мярзотнікі жывучыя, як кошкі. Выйдзе – чалавекам будзе. А здохне – не шкода. І тут сказаў Шчарбянок:– Слухай, браце. Зараз яго ніхто не кране. Я там чатыры разы быў так, каб ён не бачыў, каб думаў, што ён адзін у лесе. Калі б я пабачыў, што ён знемагае і зараз здохне, – я дапамог бы яму. Няўжо ты думаеш, што нават такую дрэнь я пакінуў бы так. Але ён ідзе, ідзе бокам, падае, ляжыць, але ідзе. А як ідзе, з якою хуткасцю – гэта яго справа, – цвёрда адчаканіў Зміцер. – Ён капыта не варты той загубленай жывёліны, а ласяняці – і пагатоў. Хай паспрабуе, як гэта страляць у звера, страляць, калі той з дзіцёнкам хаваўся два дні ў нетрах, падыхаў ад смагі і ішоў на вадапой. Які мужчына дазволіў бы сабе гэта?– Хлопцы, хлопцы! – крыкнуў я ў адчаі. – Што вы нарабілі? Гэта ж турма!– Ведаем, – спакойна адказаў Валька. – Прабач, мы пагарачыліся, але калі я ўспамінаю ўсё гэта, я… зрабіў бы тое самае. Што ж, няхай турма. Мы ішлі на гэта. Але затое зараз ніхто не будзе паскудзіць нашы лясы. Яны ўздыхнуць, яны будуць дыхаць на поўныя грудзі. За гэта варта і пасядзець. Калі лясны закон слабы – трэба або зрабіць яго больш суровым, або напісаць свой. – А я, а я як? Чаму вы мяне не ўзялі?– Ты студэнт, – спакойна, з годнасцю сказаў Зміцер, і я ўпершыню заўважыў дзве жорсткія новыя зморшчыны ў кутках яго рота. – Табе цяжка было б пасля гэтага трапіць зноў у інстытут. А мы ўсё адно не збіраемся вучыцца, і на работу нас прымуць тут яшчэ з большай ахвотай, пабачыш. Ты не сумуй. Усё добра. Ды Ермалюга, можа, і не будзе скардзіцца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9