1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Лятучы Галандзец

– Гэта не так лёгка зрабіць, – цвёрда сказаў Касачэўскі.– Жарт задуманы грунтоўна, разважліва і... злосна. На гэта некаторыя нашы сябры вялікія мастакі. І за гэта я іх вельмі не люблю. Не люблю пшутаў і нахабнікаў. Вонкавы лоск, вытанчаная прыгажосць – фу!– Пакіньце, Марыя Сяргеўна, – мірна сказаў Лявон. – Я не крыўдую. Ну іх! Я нават рад. Горш было б, каб яны накіравалі мяне на вялікую кухню і я там аддаў ліст першай-лепшай Марыі, а пасля мяне адвезлі б у дом для вар’ятаў.– Вы не разумееце, – сказала яна. – Гэты жарт задуманы як палка на два канцы. Яны далі не першы – лепшы адрас, а менавіта мой, бо ведалі яго. Хацелі стукнуць не толькі па вас, а і па мне, бо я заўжды смяюся над сантыментамі, мяне лічаць за асобу рэзкую і жорсткую, якая не належыць да пароды коцікаў, якіх гладзяць, а яны зажмурваюць вочы ад асалоды.– Праўдзівей кажучы, вы проста не жадаеце з імі быць такой, – зазначыў Касачэўскі.Яна не стала прыкідвацца:– Так, мне проста брыдка. Гэтыя рукі даб’юцца ўсяго самастойна. – І гэтым рукам будзе вельмі цяжка, – дадаў Лявон.– Затое сэрцу гэтаму будзе лёгка. А рукі, што ж? У мяне яны здаровыя, мужыцкія. Смешна мне было б прыжмурваць вочы. Вось чаму я і трымаю сябе так: някепская артыстка і вельмі непрыемная асоба. Рэжысёр Грабоўскі наогул лічыць мяне мужычкай і памялом у сукенцы... пасля аднаго выпадку.І дадала з выразным націскам:– Прывабны, пераканаўчы такі кавалер.Касачэўскі чамусьці заўсёды абараняў нават несімпатычных яму людзей.– Пакіньце. Ён не такі ўжо благі хлопец, як я чуў.– І гэта праўда. Я яго не за тое не люблю, што ён дрэнны, а за тое, што ён прыкідваецца такім. Гэта кепска, калі чалавек бравіруе разбэшчанасцю, якой у яго няма. Значыцца, ён слабы ў душы і не хоча быць мужным насуперак асяроддзю.– Адкуль вы родам? – з усмешкаю спытаў Лявон.– Мсціслаўская.– О, мсціслаўцы – недасекі. Зразумела, адкуль у вас такі язычок. Гэта народ, што на сваёй лаве не памірае.– А вы адкуль?– З Магілёва.– О, – у тон яму сказала Якубовіч, – тады зразумела, адкуль у вас такая даверлівасць. Гэта вы, здаецца, студні салілі?– Я асабіста – не. Мне чамусьці здавалася, што капуста проста са студні будзе нясмачнай.– А-а, тады гэта вы, напэўна, у Вільні сваю варону пазналі і кулагу на локці мералі. Вельмі прыемна.– Пашкадуйце, – узмаліўся Касачэўскі. – Не буду больш.– То-та ж бо, – важна сказала яна. – Ведайце, як мсціслаўцаў чапаць.І зноў яны разрагаталіся.– Між іншым, не такія ўжо мсціслаўцы злыя на язык, – сказала яна. – Я нідзе не бачыла такіх добрых людзей, як у нас.Раптам пасур’ёзнела:– Часам вельмі хочацца туды. Абрыдне бойка, абрыдне быць больш злой, чым на самай справе. Хочацца цішыні, мяшчанскай бальзаміны на вокнах.– Я ведаю, – проста адказаў Лявон. – Толькі чаму такая назва “бальзаміна”? Яе ў нас лепей завуць: “Слёзы Алёнчыны”. Яна плача перад дажджом, бо яе калісьці, калі была яна дзяўчынай, выганялі ў зрэб’і на асенні дождж пасвіць каровы. Бог злітаваўся над ёю, ператварыў яе ў кветку.– Добрая літасць, – іранічна і смутна сказала яна. – Хочацца туды. Напэўна ва мне ў глыбіне сядзіць звычайная вясковая баба, якой бы грады паліваць або сена варушыць. Гэта добра ці не?– Гэта вельмі добра. Я часам думаю, што таму мы такі моцны, трывалы народ, што праз усё наноснае ва ўсіх нас сядзіць звычайны мужык альбо баба. І культура, здаецца, і вытанчанасць, і размова пра Сомерсета Моэма, а павеяла сенам – i хочацца бабе басанож на траву; павеяла небяспекай – i празмерна культурны мужык лаецца беларускімі праклёнамі. Гэта сапраўднае, гэта, як у ляльцы-матрунцы: самая сярэдняя – самая наша лялька. Так што не трэба непакоіцца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14