1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Лятучы Галандзец

Ён памятаў, як аднойчы, калі яны ўжо былі жаніхом і нявестай, ім давялося сустракаць дзень нараджэння ў адной Анэлінай сяброўкі. Вечар скончыўся позна, дача была далёка за горадам.Ім паслалі ў адным пакоі, перагарадзіўшы яго шырмаю. Пры гэтым гаспадыня дачы (Касачэўскі мог бы пабажыцца) з выразнасцю паглядзела на сяброўку, і ў вачах яе Лявон заўважыў прытоеную ўсмешку. Лявон, вядома, не думаў адмаўляцца, выглядаць у яе вачах смешным. Але гэта было так непрыкрыта і так бессаромна, што ён пайшоў на веранду і курыў там, пакуль усе не заснулі.У пакоі ён доўга глядзеў на спячую. Напружаны нават у сне твар, раскрыты рот (паліпы ў носе, ці што?). Нічога ад яе дзённага зачаравання не было ў гэтым вобліку, толькі ніколі раней Лявона так не цягнула да яе, не быў ён такі блізкі з ёю – да апошняй мяжы. Насланнё нейкае!Але ён шкадаваў нявесту і памятаў выразны позірк гаспадыні. Шырма засталася стаяць.Што ж гэта было? Толькі не каханне, бо разляцелася ў трэскі ад першага позірку хлюста, што стаў на іхняй дарозе за месяц да вяселля. Ён выпадкова ўбачыў іх разам, але яна пры апошнім спатканні хлусіла яму, выкручвалася, як вужака пад віламі. І самае дрэннае было тое, што ён ведаў, ведаў усё, пагарджаў ёю, не паважаў ані на шэлег, – і ўсё ж гарнуўся да яе, так гарнуўся, што ўсё мог дараваць.А пасля было так цяжка, што ён уцёк сюды і толькі тут трошкі супакоіўся. Усё па-даўнейшаму. Сустрэне сапраўдную, адзіную сярод усіх, – адаб’е нават ад дзесяцёх. Не сустрэне – не трэба ніякай.Паступова Лявон уцягваўся ў жыццё гарадка. Яно было простым, як чаргаванне дзён і начэй, працы і адпачынку.Уночы ён звачайна браў у гаспадыні човен і, карыстаючыся брызам, адплываў далёка ад берага.Уздыхала мора, курылася лёгкім туманам. Галава рабілася мокрай ад расы. Ён спакойна засынаў на дне чоўна, ведаючы, што мора будзе спакойнае аж да самых асенніх бур падчас раўнадзенства. Сон быў чуйны: праз кожныя дзесяць хвілін ён знікаў, пасля зноў ахутваў вочы. Човен пагойдвала.А калі сон не прыходзіў, Лявон ціха чытаў любімыя вершы:У моры імчыць карабель-невідзімка,Згас за марамі Альдэбаран.З зорнага сяйва, расы і дымкіШлях пралягае за акіян.Ванты спяваюць! Ванты спяваюць!Ціша панавала над морам, плыў блакітны, празрысты туман.Асабліва баяўся цяпер Лявон сустрэчы з якім-небудзь земляком-інтэлігентам. І ўсё ж лёс не ўбярог яго ад такога шчасця.Часам Касачэўскі заходзіў у бар выпіць шклянку моцнага мясцовага піва. Часцей за ўсё ён рабіў гэта тады, калі ў бары было мала народу. Ды і садзіўся ён у кутку, ля самага ўваходу, за вялікай філадэндрай, мясістае лісце якой добра хавала яго.Такія меры былі дарэчы, таму што ў гарадку з’явілася некалькі Лявонавых суайчыннікаў. Жылі яны не тут, а ў невялічкай гавані, базе маторных ботаў, даволі далёка ад пасёлка, на поўнач ад яго, і з’яўляліся ў гарадку, а значыць і ў бары, толькі часамі. Лявон у твар ведаў некаторых з іх і не вельмі любіў.Адзін з іх быў высокі, вельмі спешчаны мужчына з маладой сівізною – вядомы рэжысёр. Другі –маленькі, са смешным памятым тварам – яго сябра, крытык Моршч (а для ўсіх проста Вінцук). Астатнія былі, напэўна, артысты: падкрэсленая выразнасць жэстаў, што па-за сцэнай здаецца ненатуральнай, тэмбрыстыя галасы. Чаго яны тут, Лявон не ведаў. Ён чуў, праўда, што рэжысёр Грабоўскі заўзяты яхтсмен, таму і не здзіўляўся, што бачыў іх тут. Яго больш хвалявала тое, што хтосьці, напэўна, рэжысёр, заходзіў у адсутнасць Лявона да яго на кватэру. Гэта было непрыемна.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14