1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Лятучы Галандзец

І трэба ж было так здарыцца, што ў той вечар Касачэўскі зайшоў у бар і не паспеў агледзецца, як пачуў размову гэтай вясёлай кампаніі амаль поруч з сабою, за вялікай філадэндрай.Размаўлялі аб ім.– Што, уласна кажучы, такое з гэтым Касачэўскім? – спытаў адзін з артыстаў.Рэжысер прыгожым жэстам (ён трымаў папяросу ў выцягнутых і паўсагнутых пальцах, агнём да далоні) збіў попел:– Уласна кажучы, звычайная гісторыя. Прафан у адносінах да жанчын. Звычайная дзяўчына была, я нават ведаў яе. Прыгожая. Абрыдла ёй занадта вялікая сумленнасць жаніха, і яна вырашыла ў чаканні шлюбных радасцей зрабіць размінку.Малады чалавек з занадта калматай “канадкай” рагатнуў.Яшчэ адзін сабутэльнік, чалавек з пароды тых, якіх завуць “грыбазвонамі”, усміхнуўся:– Кіньце жартаваць, хлопчыкі. Гэта хоць і смешна, а чалавеку няшчасце... І ўсё ж, які шчанюк! “Ненавидя человечество, от него бежит спеша”.Крытык Моршч усміхнуўся аднымі вачыма.– Самае дзіўнае, што з усяго Бальманта нашы крытыкі ведаюць адзін толькі гэты радок. І жывуць гэтым капіталам да сівых валасоў.– Не пра гэта справа ідзе, любы, – з паблажлівай пагардай сказаў Грабоўскі. – Можа, гэта і смешна, а я інстынктам не люблю гэтага чалавека. Ведаю – добры хлопец, ведаю – неблагі паэт, ведаю – не ханжа. А не люблю таму, што ён у адносінах, скажам, да мяне, – белая варона. Мне ён быў патрэбен – вы ведаеце па якой справе, – конча патрэбен. Песні мне патрэбны ў яго духу. Заходжу да яго – няма, пайшоў кудысьці. А на стале – я не цікавіўся, але адразу трапляе ў вочы – чагo толькі няма: “Сагі пра вікінгаў”, “Гісторыя конунгаў Нарвегіі”, раманы Канрада. І на самай сярэдзіне стала – “Легенды паўночных мораў”. Я па запрашэнню гаспадыні чакаў хвілін дваццаць і цікнyў у гэту кнігу. Адкрыта на гісторыі Лятучага Галандца. Ну нашто гэта патрэбна, каму? Разумее ж ён гэта. А ў асабістым жыцці... ах, дамы і трубадуры, ах, Гаральд Вілабароды! Чалавек-рамантык, сцвярджаю гэта, у наш век тое самае, што жывы мамант.Моршч рэзкім рухам адсунуў разам з сурвэткаю шклянку з віном. З грымасай гідлівасці ўзяў чужую папяросу.– Глупства кажаш, стары. Чалавек – гэта ўсё. Гэта метад кесоннай адліўкі і язычаскія абрадавыя песні, сучасная філасофія і лятучы галандзец, атамная фізіка і вершы галіярдаў. Усё патрэбна на зямлі, усё –чалавек. А ты кажаш звычайную пошласць. Што ж, адабраць у дзяцей беларускія легенды, адабраць Пакацілу, вужыную каралеву, Яна Прыгожага. Хто з іх вырасце? Голыя практыкі без фантазіі. Я не ведаю, але я ўпэўнены, што Эйнштэйн чытаў казкі Андэрсена.– Увага, – з сумам азваўся рэжысёр, – прысутнічаем пры нараджэнні серыі новых артыкулаў.– Так, новых артыкулаў, – выбухнуў чырвоны Моршч. – Чыгунныя мазгі ў вас, вось што. Я таксама лепей пайшоў бы на дзюны і слухаў там мора замест таго, каб слухаць твае жарты. Што ж, прымусьце чалавека пісаць тэхнічныя раманы ў духу “Рэльсаў” П’ера Ампа. Будзе ў літаратуры яшчэ адной нудотай больш.– Пайшла, паехала, – махнуў рукою рэжысёр. – Любчык, не перабівай ты чалавека, які аж на тыдзень старэйшы за цябе. Зразумей, няхай сабе ён піша, што хоча, але няхай жыве, як кожны чалавек. Глядзі ты, не спадабалася яму звычайная дзяўчына.– Не звычайная дзяўчына, а... сказаў бы, але баюся цябе пакрыўдзіць, такія ў тваім гусце.– Ну няхай, няхай, супакойся, мая дзетухна. Не трэба чакаць ад жанчын надзвычайнага: казачнай прынцэсы, бога з машыны, трасцы з хваробай. А сам звычайнага асабістага жыцця не здолеў наладзіць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14