1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Лятучы Галандзец

– І гэта не твая справа, – адрэзаў Моршч. – Ведаеш, я малю бога, каб яму дасталася сапраўдная прынцэса. Так абрыдлі шлюбы толькі з-за таго, што мужчыне апрыкралі сталоўкі.– Перабольшваеш, – сказаў “грыбазвон”.– Ну добра, падвяду базіс. Жанчыне жахліва, калі пустэча ў ёй самой, а мужчына баіцца пустэчы вакол сябе. Сумна, цяжка, хочацца, каб пашкадаваў нехта. Ну і з’яўляецца дзяўчына, добрая, простая. Каханне. Пажаніліся. Пасля каханне або ломіцца – тады развод, – або пераходзіць у прывычку.Моршч паклаў далонь на вочы і скалануў галавой. Пасля сказаў нейкім незвычайным, цёплым голасам:– Магчыма, яно і лепей, што чалавек адзін з нямногіх не жадае задавальняцца проста жонкаю, а чакае сапраўднага кахання, што як удар бліскавіцы. Прыходзіць яно – чалавек шчаслівейшы за ўсіх на зямлі, а калі няма, дык лепей ужо нічога не трэба.Рэжысёр, відаць, не адразу пазбавіўся ўражання ад гэтых слоў і таму сказаў ненатуральна фатаўскім тонам:– Ты сёння, бачу я, проста п’яны... А я не магу так разважаць. Няма казачных прынцэс. Дзікае сцвярджэнне, але я асабіста ўпэўнены ў гэтым: няма на свеце кахання. Фізіялогія – гэта так, сям’я – гэта так. І дурань твой Касачэўскі, што шукае фей там, дзе іх няма. Вымерлі феі.Мімаволі ў яго словах за п’янай зухаватасцю прагучаў сум, і Моршч гэта зразумеў. Сказаў упрашальным, душэўным голасам:– А можа, яны ёсць, не зніклі, толькі ты іх не заўважаеш, бо каратказоры, бо не ўмееш шукаць?– Не ведаю, – змрочна сказаў Грабоўскі.– Што ж, напэўна ў яго асаблівы зрок, калі ён бачыць прыгажосць нават там, дзе мы нічога не заўважылі б, акрамя гною. Памятаеш яго “Ветракі”? Крыжы над раўнінaю, стаяў снег, асабліва суха ля пачатага стога саломы, сустракае вясну ля стога стары конь. Добра! І, ведаеш, мы, напэўна, самі вінаваты ў тым, што рамантызм вымірае: не прызвычаіліся бачыць прыгажосць нават у бочцы з зялёнай вадою ля плота, нават у зламанай вярбе. У нас даўно ўжо не дзіцячы зрок, мы не чакаем ад жыцця незвычайнага. А такія, як ён, заўсёды трошкі дзеці. Ён чакае, ён верыць – і жыццё пойдзе яму насустрач. Я ведаю, ён ва ўсім убачыць надзвычайны бок. Выпадак, які для нас проста смешны, для яго паўстае ў такім павароце, што ён бачыць: гэта казка, гэта паэзія. А мы, суровыя практыкі, застанёмся ў дурнях нават і з практычнага боку. Таму што ён жыве і не міне сапраўды рэдкага і прыгожага.Грабоўскі скрывіўся, як ад зубнога болю:– О-ох, з якою ахвотаю я даў бы яму андэрсенаўскія чароўныя галёшы! У якіх дурнях апынуліся б гэтыя толькі што спечаныя рамантыкі, каб іх паставіць тварам у твар перад дзейснасцю, дзейснасцю будзённай, толькі звонку афарбаванай у колер казкі. З ахвотаю паглядзеў бы на гэта!– Ну і дурань.Касачэўскі знік, не дачакаўшыся канца размовы. Абрыдла. Пустыя, п’яныя пабрахенькі, і больш нічога. Чуў яшчэ толькі, што сярод кампаніі выбухнула нейкая спрэчка.Ён пайшоў з горада і накіраваўся ў дзюны. Глупства, усё гэта глупства! Ніколі ён не быў рамантыкам, хіба што шукаў незвычайнага, без якога нельга, цяжка, нудна жыць. Асабліва брыдка было, што Грабоўскі перагортваў кнігу, выпадкова забытую на стале.Ноч плыла над халодным морам, цягнуліся рэдкія пёрыстыя аблокі. Мора шырокае, як душа чалавечая, каціла на пясок лянівыя хвалі. Ах, мора, мора! Хіба не на гэтых бедных берагах, на якія і дагэтуль выкідваюць хвалі абломкі бурштынавага палаца, хіба не на гэтых берагах зарадзілася казка, хіба не тут ёй жыць? На гэтыя берагі выходзілі калісь легіёны паўдзённых воінаў у медных шаломах. Адкуль з’явіліся ў муміях фараонаў вочы з бурштынаў, тваіх бурштынаў, мора? Ты ляжала спакойнае, бутэлечна-зялёнае, шапацела лёгкімі хвалямі. Плылі па іх у тумане ганзейскія караблі; плылі на Готланд і Руген, дзе яшчэ не астыў попел ля храма Святавіта, галеры беларускага князя Вячка.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14