1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14

Лятучы Галандзец

Гатландцы пудамі жэмчуг грабуць.Самацветы ламаюць там спіны каней.Іх жонкі на пралках прадуць залатых,З сярэбраных чопаў кормяць свіней.Бягуць быстраногія коні марэй, плывуць па іх незвычайныя караблі. Мора, мора! Ранкам, калі туман укрывае твае воды, можа, сам лятучы галандзец, карабель, асуджаны вечна вандраваць, імчыць у тваім тумане. Вецер надзімае ружовыя ветразі, падобныя на дзявочыя грудзі. Капітан стаіць пад мачтай, стаяць на пастах нерухомыя маракі. Раз у год, калі ад зямлі павее вецер, з карабля спускаюць шлюпку. Капітан аддае самотнаму рыбаку сумку з лістамі, якіх нельга даставіць па адрасу, бо гэтыя людзі даўно памерлі. Але над прывідамі не імчыць час. І зноў яны, раз у год, сумуючы па цёплай зямлі, перадаюць лісты да бацькоў, якія не дачакаліся з мора разудалых сыноў, да сёстраў, якія выплакалі ўсе вочы, да залатакосых нявест.

ІІ

Мора, як люстра. Зноў то прыходзіць, то знікае нячутны сон. Ноч толькі-толькі пачала святлець, і лёгкі перадранішні туман вісіць смугою над морам. Ён адлівае шэрым, попельна-жамчужным, слаба блакітным. Плыве кудысь над чоўнам, хістаецца, звіваецца ў пасмы і ляціць у неба.І човен пагойдваецца. І галава мокрая ад расы. Сон схіляе галаву на банку чоўна. У такі час прыходзяць сны і здані.І таму Касачэўскі ў першую хвіліну амаль не здзівіўся, калі непадалёку ад яго, але амаль зусім нябачны за туманам, праплыў сілуэт карабля. Стройны, выцягнуты, з прыгожымі абводамі, з трыма мачтамі, на якіх былі слаба напятыя ветразі, ён плыў павольна-павольна. Ён здаваўся б сном, калі б не лёгкія вусы пены, што беглі ад яго ў бакі, ледзь бачныя ў тумане.Касачэўскі, як большасць сучасных людзей, быў поўным прафанам, што датычыцца старажытных караблёў, але тут нават ён, праціраючы заспаныя вочы, войкнуў ад здзіўлення: карабель семнаццатага стагоддзя, прывідны ў тумане, ходкі, як мара, праплываў перад ім. Лявон быў вельмі сучасным чалавекам і, вядома, нікому не паверыў бы, каб яму сказалі такое. Але не верыць уласным вачам было немагчыма. Карабель быў тут, такі прыгожы, такі імпэтны.Яму здалося, што ён спіць. Але не. Адчынены порты, ля парэнчаў з пузатымі балясамі стаяць невыразныя ў тумане, нерухомыя постаці.Што ж гэта такое? Звар’яцеў ён або, можа, сапраўды ў сярэдзіне дваццатага стагоддзя плаваюць па морах караблі-прывіды? Не, гэта сон.І толькі ён паспеў падумаць пра гэта, як роўны, мёртвы голас пачаў аддаваць словы каманды.Касачэўскі чуў, што галандскай мове ўласціва падаўжэнне галосных. Да таго ж, ён чытаў “Уленшпігеля”, дзе таксама трапляюцца галандскія словы. Але ў тую хвіліну ён не думаў пра гэта. Ён арганічна адчуваў, што гэта менавіта галандскія словы.Што за дябал?! Але які голас, які мёртвы голас!У тую самую хвіліну ён пачуў, як другі голас, малады і жаласны, пачаў прасіць аб нечым. Гэты раз мова здалася яму нямецкай, якую ён трохі ведаў. Ён нават разабраў паасобныя словы:– Нявеста... нявеста... Яна чакае... Злітуйцеся... Гэта тут, блізка.У адказ зноў той самы мёртвы голас і незразумелыя словы.– Марыя! Марыя! – зноў пачаў жаласна стагнаць малады голас. – Марыя!Касачэўскі адчуў, што ў яго пачало падазрона паколваць у каранях валасоў. Гэты голас гучаў такой непрыхаванай прагай, такой адвечнай тугой, што мурашкі прабеглі ў яго па спіне.– Пусціце яго, – сіпата крыкнуў Касачэўскі.Але ў тую самую хвіліну нешта пераляцела цераз борт і пляснулася ў ваду, а карабель, змяніўшы трохі курс, пачаў аддаляцца і канчаткова растаў у тумане.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14